Група апазіцыйных палітыкаў на чале экс-кандыдатам у прэзідэнты і палітвязнем Мікалаем Статкевічам звярнуліся да міністра абароны Андрэя Раўкова. Прычынай стала нядаўняе інтэрв’ю расійскага палітолага Валерыя Салаўя для Еўрарадыё, дзе ён заявіў, што, па дадзеных закрытага апытання, 70—80% беларускіх афіцэраў хацелі б аб’яднання з Расіяй.

Падпісанты пыталіся, ці сапраўды было такое апытанне і як праводзіцца ідэалагічная і патрыятычная праца з вайскоўцамі.

Звяртае ўвагу, што Андрэй Раўкоў не стаў чакаць 15 дзён, каб адпісаць на зварот, а ўжо на наступны дзень адказаў заяўнікам.

Андрэй Раўкоў. Фота sputnik.by.

Андрэй Раўкоў. Фота sputnik.by.

«Рэспубліка Беларусь — суверэнная незалежная дзяржава са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, сярод якіх адным з галоўных, стратэгічных з’яўляецца забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу краіны, — адзначае Раўкоў. — Інфармацыя аб правядзенні сярод афіцэраў беларускай арміі апытання на тэму аб’яднання Беларусі і Расіі з'яўляецца вымыслам. Падобныя апытанні супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны і ніколі ва Узброеных Сілах не праводзіліся».

Адказ напісаны на беларускай мове. «Беларуская армія — арганічная непадзельная частка свайго народа. Яе афіцэрскі корпус адданы Беларусі і гатовы абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу ў любых умовах абстаноўкі. Гэта адна з прычын, чаму Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь карыстаюцца высокім даверам у грамадстве, а іх афіцэрскі корпус — надзейны і здатны выканаць задачы па ўзброенай абароне Рэспублікі Беларусь», — запэўнівае спадар Раўкоў.

«Сістэма ідэалагічнай работы, у тым ліку патрыятычнае выхаванне ваеннаслужачых, уключаючы афіцэраў, забяспечвае падтрыманне высокага маральнага духу ваеннаслужачых і іх гатоўнасць абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь — гэта армія беларускага народа. І ні ў каго не павінна быць сумненняў, што пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта, Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі, у Беларусі і надалей будуць надзейна абаронены галоўныя каштоўнасці беларускага народа: суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу, а значыць — мір, стабільнасць і бяспека.

Такім чынам, выказаныя Вамі сумненні наконт адданасці беларускіх афіцэраў сваёй Радзіме, беспадстаўныя. Такія сумненні ва ўласнай арміі не служаць справе гарантавання бяспекі суверэннай незалежнай Беларусі», — сканчвае свой адказ міністр абароны.

Андрэй Раўкоў быў прызначаны міністрам абароны два гады таму замест Юрыя Жадобіна.

Раўкоў родам з Бешанковіцкага раёна, быў камандзірам віцебскіх дэсантнікаў, да прызначэння быў камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Многія звярнулі ўвагу, што міністрам быў прызначаны не нехта з Генштаба, а афіцэр, які не служыў у Мінску ніводнага дня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?