Паразмаўляў на вуліцы зь людзьмі: што за дату адзначаеце 3-га і ці адзначаеце ўвогуле? Усё вядома наперад — большасьць проста адпачывае, ад выходных ніхто яшчэ не адмаўляўся. Таксама нескладана дамагчыся, каб ад “дня незалежнасьці”, “вызваленьня Беларусі” людзі пераходзілі да канкрэтызацыі — дня вызваленьня сталіцы, некаторыя нават успамінаюць, што Дзень незалежнасьці мае іншы ў рэчаіснасьці зьмест і быў некалі 27-га, зразумела, ліпеня, але адному дзеячу, для якога няма нічога немагчымага ўнутры гэтай краіны, захацелася зрабіць па-свойму.

Пытаюся ў пажылага мужчыны: 3-га вызваленьне Беларусі, а Горадні — 16-га, ці няма неадпаведнасьці? Якая, адказвае, розьніца — 3-га ці 16-га? Раз вызначылі, што 3-га, значыцца 3-га… Хто вызначыў, навошта вызначыў? Чаму нарэшце? Ды якая розьніца, га? Мне таксама зрабілася абсалютна ўсё роўна. Вядома: калісьці хацелася нармальнасьці, адзначаць Божае нараджэньне, а ня іхнюю равалюцу, прычым не па архаічнаму календару, Дзень БНР, а не стварэньня СССР, адзначаць дні бацькоў, уласна кажучы, ня ў дзень шлюбу Ільліча з Крупскай. Але з другога боку даволі прыкольна: сьвята з падвойным дном, як шпіёнскі альбо кантрабандысцкі чамадан, нават з патройным, каб не дакапацца да першапачатковага сэнсу. Га, яшчэ існуе дадатковая назва таго ж сьвята — "дзень рэспублікі". Матрошка, унутры якой нечаканыя твары, дакладная лічба невядомая.

Нічога дзіўнага: у краінах учорашняга дня, што жывуць пад лёзунгам "Уперад назад!", усё зроблена, каб самапаважныя людзі адмовіліся ад асабістых годнасьці і гонару, ад уласных думак і прынцыпаў, ад нацыянальных пачуцьцяў, каб сталі абыякавымі да ўсіх выбрыкаў, да няўмольнасьці дзяржаўнай махіны, якая паўзе як жудасная гаргара першых танкаў па акопах Першай Сусьветнай. Калі ў тэлевізары дзесяцігодзьдзямі не зьнікае партрэт Дарыяна Грэя, калі вуліцы пераназываюць як заманецца, калі краіна брэша як дурная сучка на пачцівую публіку, дык якая розьніца як пераблытаны даты, сьвяты, у які дзень што адзначаюць? Па барабану! Што там у нас 3-га? Дзень забастоўкі рабочых тытунёвай фабрыкі Шарашэўскага? Ці страйку сьмецяроў, падтрыманай КПЗБ? Ці яшчэ нагода: Вялікі князь Сьвідрыгайла прыяжджае ў Горадню ў гэты дзень, каб замацаваць дамову з крыжакамі супраць палякаў, бо Ягайла хацеў змусіць Вялікае княства да новай уніі.

Вось гадуюць беларусаў па слаўнай самадзяржаўніцкай традыцыі — без беларускай мовы і нацыянальнай гісторыі. Што наперадзе? Царскі ўказ пра забарону называцца беларусамі? Арышт за беларускае слова на вуліцы? Звальненьне з працы за беларускі верш, за чытаньне “Мужыцкай праўды”? Ды не! Нават не рэскрыпт аб новым летавылічэньні, як у сяброўскай Пхэньяніі, ад нараджэньня правадыра. Папросту яшчэ болей фэерверкаў, гучнейшых літаўраў на сьвяты з чатырма, пяцю сподамі. Слаўная рэчаіснасьць для творцаў! Для аматараў пабаляваць, разьняволіцца, павесяліцца — таксама. Гэтак пашчасьціла: адзначаць у адзін дзень столькі датаў запар, баявых і ня вельмі, радасных і сумных, часам нават недарэчных і гэтулькі тостаў па чарзе, паўнаважкіх, а ня высмактаных з пальца. І бакавым зрокам назіраць за зьменамі ў партрэце Дарыяна Грэя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?