04.12.2016 / 19:20

Канцэрт «Океана Ельзи» ў Брэсце прайшоў з аншлагам ФОТА 11

Адгрымеў канцэрт «Океана Ельзи» ў Брэсце… Ён пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі, гарэў, выбухаў і… сумаваў. Падчас песні «Колі закінчиться війна» Святаслаў Вакарчук, здавалася, ледзь стрымаў слёзы. І адвярнуўся ад публікі, каб іх ніхто не бачыў. Украінскія сцягі і вышыванкі таксама былі. Некаторыя прыехалі на канцэрт з Польшчы. Сусветны тур, абвешчаны гуртом, пачаўся менавіта з горада над Бугам 3 снежня.

Ужо на мінулым канцэрце «ОЕ» здавалася, што брэсцкі Лядовы не змесціць больш гледачоў. Памыляліся. На гэты раз ён быў проста гумовым. Вакарчук і Ко прыбылі з вялікім спазненнем. Святаслаў папрасіў прабачэння, сказаў, што позна вылецеў з Львова, позна прыляцеў — і такі вынік. Але паабяцаў адпрацаваць і не падмануў. Дзве гадзіны драйву і любімых хітоў публіцы гурт забяспечыў.

Як заўсёды, «Я не здамся без бою», «Обійми», «І я на небі» і многія іншыя прывялі публіку ў экстаз, па-іншаму не скажаш. Хоць былі і тыя, хто стаяў у здзіўленні — не рухаючыся, і не танцуючы. Злавіў сябе на думцы, што канцэрт і сапраўды проста сустрэча з артыстам, аднадумцамі, якія любяць тыя ж песні, што і ты. Гук Лядовага пры ўсіх вартасцях налады не мог перадаць чысціні выканання, таго, што адчуваеш, слухаючы кампазіцыі «адзін на адзін». Магчыма, камусьці і незразумелая гэтак вялікая папулярнасць і любоў да «ОЕ.». Таму што калі няма гэтага ўнутры, калі няма ў сэрцы, то наўрад ці зразумееш…

Кажуць, у папулярнасці адзін крытэрый: выказвае той, хто на сцэне, твае думкі або не? І адсюль усё пачынаецца. «ОЕ» выказвае. Прычым шмат гадоў не губляе актуальнасці.

Журналістаў строга папярэджвалі: ніякай палітыкі. Але Украіна сёння — гэта ўжо палітыка. Не да канцэрта, вядома, будзе сказана. Велізарны «синьо-жовтий прапор» у зале, дзяўчаты ва ўкраінскіх вышыванках і нават з вяночкамі на галаве… Усё гэта неяк па-асабліваму ўспрымаеш цяпер, калі там вайна.

Але не будзем пра сумнае. Святаслаў Вакарчук размаўляў на ўкраінскай і быў зразумелы ўсім і кожнаму. Пашкадаваў, што няма «білоруського прапора» падчас песні «Стіна», якую прысвяціў украінска-беларускаму сяброўству. Кінуў «біколор» у залу, а ў адказ атрымаў вялікі букет руж!

На біс музыкі таксама выйшлі і спявалі яшчэ хвілін дваццаць. У канцы «ОЕ» падняў усіх, нават самыя закуткі трыбун. Цяжка растлумачыць гэты феномен. Але Вакарчук быў на грэбні папулярнасці заўсёды. Значыць, кожны і ў розны час знаходзіць у яго песнях нешта сваё. А гэта ўжо прыкмета… нечага большага, чым проста папулярная песня. Будзем сачыць за сусветным турам!

Замілоўвалі сувеніры, што прадавалі пасля канцэрту. Напрыклад, вязаныя шапачкі са словамі з вядомых песень гурта: «я да цябе», «лукава кішка» і многія іншыя. Тут жа сустрэў студэнтак ва ўкраінскіх вышыванках. Разгаварыліся. Дзяўчаты распавялі, што самі з Украіны, вучацца ў Любліне ва ўніверсітэце і безумоўна вырашылі ехаць у Брэст на канцэрт. «Гэта нават бліжэй, чым у Варшаву», — прывялі свой довад фанаткі. І, будучы першы раз у Брэсце, вырашылі гуляць усю ноч, пайсці ў крэпасць і па Савецкай, да самага ранішняга цягніка.

Выдатна, калі песні і ідэі збліжаюць. Нягледзячы на мову і адлегласці. І да новай сустрэчы, «Океан Ельзи»!

3
Генэрал Голад / Адказаць
04.12.2016 / 19:29
"...Святаслаў Вакарчук... пашкадаваў, што няма «білоруського прапора»" А што, чальцы БРСМ і "Белой Руси" прыйшлі без арнамэнтна-чырвона-зялёнага, яны што, яго толькі на Дарафееву і "Тяни-Толкай" носяць? Куды глядзіць аддзел ідэалёгіі брэсцкага аблвыканкаму?...
2
студэнт / Адказаць
04.12.2016 / 19:44
Жыве Беларусь! Слава Украіне!
0
Забаненый / Адказаць
04.12.2016 / 20:31
Дай Бог Украина выберется из болота коммунистического и люди заживут нормально.Помню,давно,говорили русские,поляки в евросоюзе никому не нужны,им хана и проч чушь,теперь у них средняя зарплата у 1000эура и видели они эту расею.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру