2 снежня з Беларусі быў высланы дырэктар футбольнага клуба «Тарпеда», грамадзянін Расіі Андрэй Салангін. У той самы дзень яго выклікалі ў Аддзел па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска, дзе паставілі штамп аб дэпартацыі. І хоць спадар Салангін мусіў пакінуць нашу краіну да 6 снежня, у той жа самы дзень яго пасадзілі на цягнік да Масквы. Тэрмін забароны на ўезд на тэрыторыю нашай краіны складае пяць гадоў. Прычыны такога рашэння патлумачаныя не былі.

Хто ж такі гэты Андрэй Салангін? І чаму ён прыцягнуў увагу беларускіх сілавікоў? Салангіну 31 год, у Беларусі ён жыве ад сярэдзіны 90-ых. Ягоныя жонка і дзеці — грамадзяне Беларусі.

Ад канца 90-х Салангін стаў актыўным фанатам мінскага «Тарпеда». У той час каманда яшчэ выступала ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, была другой па папулярнасці ў Мінску.

«Пасля развалу клуба ў 2005-м [ад каманды адмовіўся спонсар і яна стала існаваць на ахвяраванні заўзятараў — «НН»], падтрымліваў каманду матэрыяльна, калі яна выступала ў чацвёртым дывізіёне, у 2014-м стаў галоўным ініцыятарам вяртання клубу прафесійнага статусу і рэгістрацыі спартовага таварыства «Тарпеда», якім і кіраваў. У 2016-м са спартовага таварыства адрадзіўся ўжо Прафесійны футбольны клуб «Тарпеда», дзе Салангін спачатку быў намеснікам дырэктара па спорце, а 15 чэрвеня стаў дырэктарам клуба», — расказвае прэс-сакратар клуба Аляксей Янушэўскі.

Мінскае «Тарпеда» заўсёды з’яўлялася самым беларускамоўным клубам краіны. Па-беларуску вядуцца сацыяльныя сеткі, сайт, робяцца праграмкі, гукавое суправаджэнне на матчах. Салангін толькі падтрымліваў такія пачынанні.

«Беларусы павінны прытрымлівацца сваёй мовы, развіваць яе. У мяне расійскае грамадзянства, але жыву ў Мінску ўжо амаль 20 гадоў — а значыць, трэба адпавядаць гэтаму месцу. Таму мы ў «Тарпеда» пастаянна імкнемся да таго, каб быць сапраўднымі беларусамі», — казаў Салангін у інтэрв’ю часопісу «Вялікі футбол».

Можна глянуць хаця б на старонку функцыянера ў сацыяльнай сетцы Укантакце. Усе рэпосты выключна на беларускай мове.

Нам удалося звязацца са спадаром Салангіным. Ён пацвердзіў, што знаходзіцца на тэрыторыі Расіі. «Рашэнне, вядома, абскарджваць буду. Аднак даваць інтэрв’ю пакуль не гатовы», — сказаў ён нам.

Менавіта Салангін прывёў у клуб расійскага бізнэсоўца Міхаіла Міраненкава, калісьці раней ён падтрымліваў грашыма жодзінскае «Тарпеда». З прыходам Міраненкава клуб ажыў, заваяваў месца ў першай лізе, у якой сёлета заняў дзявятае месца. Мабыць, на наступны сезон амбіцыйны клуб будзе ставіць пытанне аб выхадзе ў эліту.

Некаторыя беларусы ў сацыяльных сетках апраўдалі дзеянні сілавікоў. Маўляў, малайцамі, што выгналі «маскаля» з краіны. Аднак нямногія ведаюць, напрыклад, што Андрэй Салангін адседзеў 10 сутак арышту пасля Дня Волі — 2008.

У яго і падчас працы ў клубе з’яўляліся праблемы з сілавікамі. «Самая вялікая праблема беларускага футбола — гэта міліцыя. Яе супрацоўнікі знаходзяць усялякія прычыны для разнастайных забарон. Нават калі сцягі, якія людзі бяруць на стадыён, у рэестры дазволеных, усё роўна забараняюць. Чапляюцца да татуіровак, надпісаў на вопратцы. Прычыны смяхотныя. Напрыклад, кажуць: гэты сьцяг выглядае фашысцкім — на ім намаляваны крыж, як на нямецкіх танках. Альбо: на майцы шмат агрэсіі, а на ёй усяго толькі рок-гурт.

На руцэ татуіроўка «Пагоня» — не пускаюць, спрабуеш знайсці кампраміс: бачыш, аўтазак, на 15 сутак хочаш? Апрануў майку з надпісам «Ultras» — фашысцкая», — казаў Салангін у адным з інтэрв’ю.

5 лістапада дырэктар «Тарпеда» быў затрыманы падчас гульні з мінскай «Зоркай-БДУ». Салангін спрабаваў разабрацца, чаму на гульню не дазволілі пранесці фанацкія банеры, тады на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол, які і мог паслужыць прычынай для дэпартацыі.

«ПФК «Тарпеда» Мінск лічыць, што рашэнне аб высылцы прынята не ў інтарэсах грамадскага парадку і супярэчыць дзеючаму заканадаўству і дзяржаўнай палітыкі нашай краіны (у якой спорт з’яўляецца адным з асноўных накірункаў)», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве клуба.

Цікава, што ў Салангіна была нават татуіроўка з выявай эмблемы «Тарпеда». «Гэта для яго была не праца, а жыццё», — падсумоўвае Аляксей Янушэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?