Аляксандр Лукашэнка вызваліў Аляксандра Косінца ад пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Таксама звольнены ягоны першы намеснік Канстанцін Мартынецкі. В.а. кіраўніка прызначаны Валерый Міцкевіч.

З вёскі Роскі Сялец

Фота «Народныя навіны Віцебска».

Фота «Народныя навіны Віцебска».

Аляксандр Косінец нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Роскі Сялец, у 15 кіламетрах ад Оршы. У вёсцы па-ранейшаму жыве родная цётка Косінца Вера Мікалаеўна Лапо. А вось маці пераехала ў горад. Бацькі ў жывых ужо няма.

Аляксандр Косінец зрабіў выдатную кар’еру ў медыцыне. Ён быў вядомым у краіне хірургам. Ужо ў 37 гадоў стаў прафесарам. Мала хто з медыкаў можа пахваліцца такім. Кажуць, што ўсё гэта было заслужана. Ён аўтар мноства навуковых публікацый і манаграфій. Напрыклад, «Нырачна-клетачны рак» (2002), «Пратэіназы і іх інгібітары ў гнойнай хірургіі і анкалогіі» (2003). У 1997-м стаў рэктарам Віцебскага медуніверсітэта.

Сын таксама медык

Сын Аляксандра Косінца Уладзімір пайшоў дарогай таты. Ён паступіў у Віцебскі медунівер, на лячэбны факультэт, які скончыў у 2006 годзе. А ўжо ў 2009 абараніў кандыдацкую работу на тэму «Карэкцыя біяэнергетычных працэсаў у мышачнай тканцы тонкай кішкі пры распаўсюджаным гнойным перытаніце».

На гэтым сваю адукацыю Уладзімір Аляксандравіч Косінец не завяршыў. Удасканальваць яе ён паехаў у Расію, дзе ў 2013-м абараніў доктарскую дысертацыю ў Першым Маскоўскім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэце імя Сечанава. Яму ўсяго 34 гады, але на рахунку маладога медыка звыш 80 навуковых работ, у тым ліку «адзін падручнік, тры манаграфіі і пяць вынаходніцтваў».

Працаваў ён таксама ў Маскве, у Еўрапейскім медыцынскім цэнтры, у аддзяленні пластычнай хірургіі. Аднак пасля прызначэння бацькі ў Адміністрацыю вярнуўся ў Мінск.

Прыярытэтам у працы Уладзіміра Косінца з’яўляецца: павелічэнне грудзей пры дапамозе імплантантаў, падцяжка грудзей, контурная пластыка цела.

Гарачы характар

Старшыня Віцебскага аблвыканкама заўсёды быў на пярэднім плане барацьбы з п'янствам. Дзяржаўныя тэлеканалы нават дэманстравалі кадры, як Косінец асабіста абыходзіў кватэры алкаголікаў.

Не мог віцебскі начальнік застацца ўбаку ад зусім нядаўняй палітыкі барацьбы з «дармаедамі». «Не трэба ні з кім цырымоніцца, не хочуць працаваць — значыць, трэба прымусіць».

Аляксандр Лукашэнка некалі на прэс-канферэнцыі сказаў, што Косінец вельмі гарачы чалавек. «Як пойдзе з Мінска, можа да Віцебска дайсці».

Не так даўно Аляксандр Лукашэнка крытыкаваў Косінца за кепскую працу з кадрамі, хаця і даваў заданні на наступны год. Сярод імаверных пераемнікаў Косінца называюць былога прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага.

Дом у Драздах

Калі Косінца перавялі ў Віцебск у 2008-м, то ён, здаецца, ні на хвілінку не засумняваўся ў тым, што вернецца назад у Мінск. Не адмаўляўся і ад участку ў Драздах, іншых старшыні аблвыканкамаў такой маёмасці ў Мінску не маюць.

«Цікавы элемент, які прыйшоў да нас з расійскіх каталогаў, — верхняе акно на гарышчы ў выглядзе паўкола, якое ўрэзана ў іншае паўкола. Гэта перасячэнне дзвюх немагчымых фігур», - піша архітэктар Аляксандра Баярына, якая высока ацаніла эстэтыку дома Косінца.

Альгерд у Віцебску

У Віцебску Косінец развёў бурную дзейнасць. Напрыклад, на цэнтральнай плошчы паставіў самую вялікую ў краіне навагоднюю ёлку. Відавочна, што рабілася гэта, каб звярнуць на Віцебск увагу. «Віцебская ёлка не саступае мінскай», — пісалі ў 2009-м годзе абласныя выданні.

Праўда, з ялінкай той выйшаў казус. І ў гісторыю яна ўвайшла тым, што на яе бел-чырвона-белы сцяг узняў актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка, якога пазней судзілі за гэта.

Косінец патрабаваў адкрываць у Віцебску добрыя кавярні. Натуральна, што па вышэйшаму разраду ён стараўся праводзіць песенны конкурс «Славянскі базар».

Сярод пазітыўных рэчаў — адкрыццё ў Віцебску помніка вялікаму князю Альгерду, хоць спадары русафілы і пісалі шматлікія лісты абурэння.

«Гэты чалавек — вялікі палітык і дзяржаўны дзеяч. Ён адыграў вялікую ролю ў развіцці беларускай дзяржаўнасці, у развіцці самага Віцебска. Па сутнасці справы, каменны Віцебск быў пабудаваны ім. І ў тыя часы літвінамі называліся беларусы. Ён шмат што зрабіў для разгрому арды і вызвалення Кіеўскай Русі», - пералічыў заслугі князя Аляксандр Косінец на адкрыцці помніка.

Глядзі таксама: Аляксандр Косінец: як хірург з Віцебска стаў першай асобай у Адміністрацыі прэзідэнта

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?