Перад Чарнобыльскім шляхам

Аляксандра Рамановіча, актывіста штабу Мілінкевіча ў Пінску, 21 красавіка асудзілі на 7 сутак арышту, зьвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы.

У Баранавічах 24 красавіка падчас распаўсюду ўлётак пра Чарнобыльскі шлях затрымалі абаронцу намётавага мястэчка Валер’я Шылу. Наступнага дня яго асудзілі на 5 сутак арышту.

Перад Чарнобыльскім шляхам 25 красавіка невядомыя ў цывільным узялі ў аблогу кватэру грамадзкага актывіста Аляксея Маневіча ў Калінкавічах, калі ён не пусьціў іх да сябе дадому.

У Бабруйску 25 красавіка затрымалі грамадзкіх актывістаў Мікіту Быцэнку, Юр’я Сьветлакова, Аляксея Радомскага, Юр’я Радзімоўскага: ноч яны правялі ў ІЧУ. 3 траўня суд іх апраўдаў, бо палічыў, што віну абвінавачаных павінна даказваць міліцыя, а актывісты маюць прэзумпцыю невінаватасьці.

Напярэдадні 26 красавіка ў Лунінцы міліцыянты настойліва патрабавалі ад мясцовага актывіста Віталя Каратыша зьявіцца на размову.

На 26 красавіка атрымалі позвы ў гарадзенскі ваенкамат Тадэвуш Гавін, Эдуард Дмухоўскі (БСДГ), Андрэй і Станіслаў Пачобуты. У Шчучыне на гэты самы дзень атрымаў выклік у міліцыю актывіст КХП БНФ Мікола Хільмановіч. У Воршы ў ваенкамат выклікалі моладзевага актывіста Ігара Казьмерчака, у сеньненскі райваенкамат – Віталя Броўку.

25 красавіка ў Беларусь не пусьцілі дзьве здымачныя групы польскага тэлеканалу TVP: адну групу не выпусьцілі з аэрапорту, другую – не прапусьцілі празь мяжу на аўтамабілі.

Беларуская амбасада ў Літве без тлумачэньня прычынаў адмовіла ў візах парлямэнтарам Скірмантасу Пабядзінскасу, Альгірдасу Палецкісу, Аўдронісу Ажубалісу, якія меліся прыехаць на Чарнобыльскі шлях.

У Менску 26 красавіка прэвэнтыўна затрымалі моладзевых актывістаў Яўгена Афнагеля, Аляксея Шыдлоўскага, Алену Копач: іх дапыталі як сьведак у крымінальнай справе «Маладога фронту». У Магілёве – юрысконсульта Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Аляксандра Каралёва, а ў КДБ выклікалі актывістку РЭП Галіну Лісіцыну.

26 красавіка перад самым Чарнобыльскім шляхам Аляксандра Мілінкевіча афіцыйна папярэдзілі ў пракуратуры Менску.

У Горадні 26 красавіка на 3 сутак за «нецэнзурную лаянку» арыштавалі Максіма Губарэвіча.

Па дарозе ў Менск затрымалі тры аўтамабілі салігорцаў, якія ехалі на Чарнобыльскі шлях: прадпрымальніка Аляксандра Цацуру, Ларысу Насановіч, актывіста БСДП (НГ) Мікалая Зіміна, актывіста КХП БНФ Алега Борына, абаронцу намётавага мястэчка Ўладзімера Шылу й інш. З Жодзіна не далі выехаць актывісту ПБНФ Аляксею Лапіцкаму й ягонай жонцы Сьвятлане.

На Чарнобыльскім шляху

На плошчы Коласа затрыманыя 7 актывістаў незарэгістраванага руху «Вольная моладзь» (Архіпенка, Андрэй Лычоў, Аляксей N і інш.). Мікалая Коршунава затрымалі за тое, што меў джынсовую стужку на галаве. Тамсама затрымалі доктара Зьмітра Салошкіна, які спрабаваў абараніць хлопца. Усіх адпусьцілі, парваўшы пратаколы.

Каля Акадэміі навук затрымалі актывіста АГП Аляксандра Зялка і трох актывістаў украінскага «Студэнцкага брацтва». Украінцаў уначы дэпартавалі на радзіму, але аднаго зь іх, Макара Гераскевіча, зьнялі зь цягніка перад мяжой.

Пасьля акцыі затрымалі кіраўніка ПБНФ Вінцука Вячорку, наступнага дня арыштавалі Аляксандра Мілінкевіча, кіраўніка ПКБ Сяргея Калякіна й прафсаюзнага лідэра Аляксандра Бухвостава. Усе дасталі па 15 сутак арышту, толькі Калякіну далі 14 сутак. Моладзевага актывіста Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 14 сутак 28 красавіка, актывіста ПБНФ Віктара Івашкевіча – на 15 сутак 4 траўня.

Міліцыянты і супрацоўнікі ў цывільным наведалі кватэры моладзевых актывістаў Мікіты Краснова, Міхала Шарамета, Мацьвея Чысьціка, аднак хлопцаў не было дома.

Менск

Кіраўніка АГП Анатоля Лябедзьку аштрафавалі 25 красавіка на 2 базавыя велічыні за «хуліганства»: затрымалі палітыка яшчэ 15 сакавіка. 26 красавіка Лябедзьку завезьлі ў КДБ, дапытвалі цэлы дзень, позна ўначы вывезьлі на край Менску й выкінулі з машыны.

Пяцікурсьніка юрфаку БДУ Аляксандра Казуліна, пляменьніка кандыдата на прэзыдэнта, пры канцы красавіка разьмеркавалі ў Хойнікі. Другога пляменьніка, Аляксея, звольнілі з працы (быў ахоўнікам) адразу пасьля 10-суткавай адседкі за ўдзел у намётавым мястэчку.

Маскоўскі раённы суд разглядаў 26–28 красавіка справу Ігара Рынкевіча, адваката Аляксандра Казуліна: праўніка вінавацілі ў дробным хуліганстве 2 сакавіка. Хоць супраць яго сьведчылі супрацоўнікі падразьдзяленьня «Алмаз», аднак Рынкевіча апраўдалі, бо супраць яго не было доказаў.

2 траўня міліцыянты затрымалі Аляксандра Рэзьнікава, Аляксея Казуліна, Сяргея Ількевіча, Вольгу Жураўлёву, Дзяніса Рыдзеўскага, Яўгена Шчарбакова, якія мелі значкі «За свабоду!» і бел-чырвона-белыя стужкі.

У ноч на 8 траўня падчас расклейкі налепак у Менску затрымалі моладзевага актывіста Кастуся Ўсянка: ноч яго пратрымалі на Акрэсьціна, а зранку вызвалілі без тлумачэньняў.

Горкі

24 красавіка ў Горацкі райаддзел міліцыі прыйшоў данос на Эдуарда Брокарава, Віктара й Ірыну Каральковых, Сяргея Дулуба, Андрэя Юркова: іх абвінавачвалі ў публічнай абразе А.Лукашэнкі. Падпісантаў даносу «Гусеву й Шадрова» міліцыянты не знайшлі.

Адміністрацыя Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі канфіскавала ўвесь наклад дапаможніка па гісторыі Беларусі (500 ас.), падрыхтаваны катэдрай гісторыі й культуралёгіі, – за неадпаведнасьць дзяржаўнай ідэалёгіі. Аўтарскія асобнікі пакінулі сабе толькі Валеры Шчэрбаў і Аляксандар Каданьчык.

Прэса

Галоўнага рэдактара наваполацкай недзяржаўнай газэты «Химик» Сяргея Балая 24 красавіка выклікалі ў гарадзкую пракуратуру: зь яго ўзялі тлумачэньні па скарзе ўправы ідэалёгіі гарвыканкаму на імаверныя парушэньні заканадаўства ў выданьні.

Паўла Мажэйку, прэс-сакратара А.Мілінкевіча, 3 траўня ня выпусьцілі ў Польшчу, дзе яго мусіла здымаць польская тэлевізія: мытны догляд доўжыўся да часу адпраўленьня цягніка.

4 траўня адміністрацыйная камісія Чыгуначнага райвыканкаму Віцебску апраўдала Сяргея Салодкіна, якога вінавацілі ў выданьні й распаўсюдзе незарэгістраванага краязнаўчага бюлетэню «Покліч волі».

НДА

Гаспадарчы суд Менску 26 красавіка не задаволіў скаргі Інавацыйнага фонду праўных тэхналёгіяў на беспадстаўную адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі зьменаў і дапаўненьняў у статуце рэарганізаванага фонду.

Крымінальныя справы

Сьледзтва ў крымінальнай справе Сяргея Ляшкевіча скончылася 25 красавіка, судовы працэс мае пачацца 25 траўня. Актывіста кампаніі Мілінкевіча вінавацяць у тэрарызьме.

3 траўня стала вядома, што крымінальная справа пра выкраданьне журналіста Зьмітра Завадзкага зноў прыпыненая. Справу прыпынілі яшчэ 31 сакавіка ў сувязі «зь неадшуканьнем асобы, што бясьсьледна зьнікла».

Прафсаюзныя актывісты

25 красавіка суполка РЭП на Менскім аўтазаводзе атрымала чарговую адмову ў рэгістрацыі: адміністрацыя Савецкага раёну Менску паведаміла, што пададзеныя дакумэнты не адпавядаюць заканадаўству. Суполка спрабуе зарэгістравацца яшчэ зь ліпеня 2004 г.

Адміністрацыя гомельскага аўтапарку №1 26 красавіка пастанавіла звольніць актывіста прафсаюзу РЭП Аляксандра Еўсейчука. 13 красавіка яго выклікалі ў суд у справе абароны ягонага гонару і годнасьці супраць дырэктара аўтапарку Хадакоўскага. Еўсяйчук не пасьпеў вярнуцца з суду да выхаду ў рэйс, што палічылі прагулам.

Работніка менскага мэтро актывіста Беларускага незалежнага прафсаюзу Алега Шчэрбу звольнілі 4 траўня ў сувязі з сканчэньнем кантракту. Шчэрба адпрацаваў машыністам мэтро 23 гады. У 2004 г. ён даў паказаньні Камісіі па расьсьледаваньні Міжнароднай арганізацыі працы.

Сьлед КДБ

Моладзевага актывіста зь Менску Глеба Вязоўскага, выкліканага 25 красавіка ў ваенкамат Маскоўскага раёну Менску, спрабавалі завэрбаваць супрацоўнікі КДБ.

Актывістку ПКБ Сьвятлану Міхальчанку 26 красавіка выклікалі ў Сьветлагорскі аддзел КДБ і папярэдзілі, што яе «могуць завэрбаваць замежныя спэцслужбы».

У Магілёве ў гэты ж дзень выклікалі ў КДБ моладзевага актывіста, абаронцу намётавага мястэчка Алеся Буракова: супрацоўнік спэцслужбы цікавіўся дзейнасьцю арганізацыі «Зубр».

Пры канцы красавіка КДБ у Магілёве распачаў справу супраць Сержука Нягаціна: яго вінавацяць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі («Малады фронт»).

Берасьце

26 красавіка перад чарнобыльскай акцыяй «Сьвечка памяці» ў Берасьці затрымалі актывістаў ПБНФ Юрася Губарэвіча і Яўгена Пракурата. Міліцыянты шукалі наркотыкі ў аўтамабілі Губарэвіча.

Берасьцейскі аблсуд 27 красавіка пакінуў бязь зьменаў прысуд у 5 б.в. актывісту з Драгічынскага раёну Ўладзімеру Казеку: пры канцы 2005 г. яго аштрафавала адміністрацыйная камісія за знойдзеныя ў аўтамабілі 20 паштовак з партрэтам А.Мілінкевіча і 2 бюлетэні, дзе распавядалася пра кандыдата.

Берасьцейскі гарвыканкам ня даў дазволу БСДП(Г) правесьці 1 траўня мітынг і шэсьце.

5 траўня адміністрацыйная камісія Маскоўскага раёну Берасьця аштрафавала студэнта Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Андрэя Шарэнду на 20 тыс.руб. за распаўсюд незалежнай газэты «Брэст–праўда».

26 красавіка Берасьцейскі абласны суд ліквідаваў моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Сузор’е» за 2 папярэджаньні ад управы юстыцыі аблвыканкаму: не давала ў належны час адказаў на запыты чыноўнікаў і мела ў ліку заснавальнікаў дзяўчыну, якой споўніўся 31 год. Арганізацыя існавала з канца 1999 г.

Салігорск

На 4 б.в. аштрафавала 27 красавіка адміністрацыйная камісія ў справах непаўналетніх бацькоў школьнікаў Івана і Ільлі Шылаў: хлопцаў затрымалі падчас разгрому намётавага мястэчка ў Менску. Іхны бацька Ўладзімер тады дастаў 10 сутак арышту.

Івана затрымалі міліцыянты яшчэ 1 траўня, калі ён фатаграфаваў расьцяжку «Не – кантрактнай сыстэме».

Затрыманыя на флэш-мобе ў абарону пісьменьнікаў

28 красавіка каля Вярхоўнага суду былі затрыманыя 8 удзельнікаў флэш-мобу ў падтрымку Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Усіх адпусьцілі, перапісаўшы пашпартныя зьвесткі.

Сьвята працы

1 траўня пасьля мітынгу ў Менску быў затрыманы актывіст АГП Ігар Шынкарык: у яго забралі правы і зьнялі нумарныя знакі з аўтамабіля.

Адразу пасьля мітынгу позву ў міліцыю на 3 траўня атрымаў кіраўнік БСДГ Станіслаў Шушкевіч, аднак у міліцыю не пайшоў – паехаў на форум у Вільню.

Навучэнца радыётэхнічнага каледжу Мікіту Чумілава затрымалі 1 траўня пасьля акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі за плякат «Свабоду Мілінкевічу». 3 траўня суд асудзіў яго на суткі арышту, аднак праваахоўныя органы не паведамляюць пра тэрмін арышту.

У Сьветлагорску 1 траўня актывістка Натальля Бордак выйшла на Цэнтральную плошчу зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатам «Работу – ахвярам сыстэмы!».

1 траўня ў Гомелі міліцыянты затрымалі падчас распаўсюду ўлётак пра абарону правоў працоўных Аксану Сергіенку, а таксама Андрэя Доўжыка і Юр’я Прапачова, якія прыйшлі на дапамогу дзяўчыне. 6 траўня адбыліся суды: дзяўчыну асудзілі на 15 сутак, хлопцам далі па 7 сутак арышту.

Калінкавічы

Пры канцы красавіка Калінкавіцкі раённы суд асудзіў на штрафы ў 1 млн руб. (кожнаму) жонку і сына грамадзкага актывіста зь мястэчка Бабровічы Канстанціна Кавалені: іх зьвінавацілі ў «дачы фальшывых паказаньняў». Самога Каваленю вінавацяць у крадзяжы ровара, а жонка і сын кажуць, што ў момант крадзяжу ровара Каваленя быў дома.

Вузда

3 траўня ў Вузьдзе з ініцыятывы пракуратуры дапыталі актывіста БСДП(НГ) Віктара Крываля за ягоную заяву пра фальсыфікацыю ў гэтым раёне вынікаў рэфэрэндуму й парлямэнцкіх выбараў.

Нясьвіж

4 траўня сьледчы паведаміў моладзевай актывістцы зь Нясьвіжу Насьце Азарцы, што крымінальная справа на яе неўзабаве будзе спыненая. Дзяўчыну вінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі («Малады фронт»). Сьледчы Дзьмітры Мехаў адмыслова прыехаў 4 траўня зь Менску ў Нясьвіж на апошні допыт і заразом паведаміў пра тое, што ў суд ейная справа ня пойдзе. Таксама ён узяў з Азаркі падпіску, што яна ня будзе ўдзельнічаць у дзейнасьці «Маладога фронту».

Горадня

Анжаліку Борыс 5 траўня выклікалі ў міліцыю ў зьвязку з тым, што ў яе карэспандэнцыі знайшлі Magazyn Polski na uschodztwie. Ёй пагражае разбор на адміністрацыйнай камісіі за «распаўсюд ідэалягічна варожай прэсы». А.Борыс у пратаколе допыту зазначыла, што парушанае яе права на таямніцу ліставаньня.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0