07.07.2008 / 14:45

Рэха выбуху: Лукашэнка бэсьціць сілавікоў 10

Нарада паводле выбуху ля стэлы пачалася ў разносным ключы. У прыватнасьці, заяўлена, што Шэйман наўрад ці можа заставацца на пасадзе. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Нарада паводле выбуху ля стэлы пачалася ў разносным ключы. Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў сілавыя структуры, што дапусьцілі такое.

Прагучала, што пасьля трагедыі Шэйман наўрад ці можа заставацца на сваёй пасадзе.

Эмоцыі афіцыйнага кіраўніка можна патлумачыць некалькімі прычынамі.

Калі трохі абстрагавацца ад пэрыпэтыяў, то мусіш прыйсьці да высновы, што менавіта ў гэтыя дні на вачох разбураецца так любы сэрцу кіраўніцтва ідэалягічны міт пра выспу стабільнасьці. Хаця тут справа ня толькі ва ўчынку невядомых бамбістаў.

Калі б і не было выбуху ля стэлы (а ён відавочна шакаваў як самае высокае начальства, так і апазыцыйных лідэраў), то рана ці позна гэтая міталягема мусіла абрынуцца. Бо замест таго каб прызнаць, што ў грамадзтве існуюць рэальныя супярэчнасьці, стварыць мэханізмы іх вырашэньня, артыкуляваньня розных думак, улада з году ў год паўтарае мантры пра ўласную мудрасьць ды маналітную падтрымку, а яе прапаганда тым часам працягвае (нават у гэтыя дні пасьля трагедыі!) сеяць зярняты нянавісьці.

Плюс непразрыстая прыватызацыя, непразрыстыя стасункі з расейскімі элітамі, увогуле рызыкоўныя гульні з Масквой — карацей, шмат чыньнікаў, што падточваюць згаданы міт ды здольныя прывесьці да тэктанічных разломаў у краіне "балотнае стабільнасьці".

Нарэшце, у афіцыйнага лідэра пэўна ж круціцца у галаве і такое элемэнтарнае пытаньне: калі сілавікі настолькі непрафэсійныя, то ці могуць яны гарантаваць бясьпеку самому "гаранту стабільнасьці"?

Зрэшты, чаму дзівіцца? Столькі гадоў сілавыя структуры заточваліся найперш пад здушэньне палітычнае альтэрнатывы. Запіхваць студэнтаў у аўтазакі бамбізы ва ўніформе добра натрэніраваліся. Калі ж справа даходзіць да аховы бясьпекі грамадзянаў — мы бачым розныя "жывыя шчыты" ды поўную бездапаможнасьць што да пошуку сапраўдных злачынцаў (дастаткова згадаць, што справа аб віцебскіх выбухах 2005 году застаецца "вісяком").

Ну а яшчэ мы лішні раз пераконваемся, што ў краіне няма нармалёвых мэдыяў, што інфармацыйная прастора падмятая, дэфармаваная тупой ды сэрвільнай прапагандай. Тры дні (не забыўшыся, канечне, лішні раз мазнуць брудам апазыцыю) трубілі, як выдатна спрацавалі "органы", як апэратыўна была аказана мэдычная дапамога і г.д. Цяпер вось на нарадзе з вуснаў Лукашэнкі прагучалі адваротныя сьцьверджаньні.

Асобнае пытаньне — ці сапраўды будуць аргвысновы? Мо' тыя пасажы ёсьць толькі рытарычнымі фігурамі, кшталту "гайкі будзем закручваць на галовах"? Ва ўсякім разе, Віктар Шэйман дасюль выглядаў "непатапляльным" паплечнікам, ці не апошнім са старой каманды Лукашэнкі.

ЗЫ. Пакуль што гэта толькі фрагмэнтарныя зьвесткі пра нараду. Пачакаем вынікаў.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ

0
Здань / Адказаць
07.07.2008 / 15:24
А то ! Сам сказау , што вы бухне - а яны нiчога не зрабiлi. Толькi мянты у форме па карчмах бухалi.
0
sid / Адказаць
07.07.2008 / 18:13
А можа медыкі і сапраўды спрацавалі добра, просто Бацька ім упіхнуў, так бы мовіць, каб народ бачыў, што ён, ППРБ не дае чыноўнікам, дактарам, ваенным і астатнім лёгкага жыцця. Працую на камеру, што называецца. Ён так, здаецца, даволі часта робіць. Ну і чарговы раз можна было паказаць сваю значнасць, маўляў, я прыйшоў на месца здарэння і карэты хуткай дапамогі запрацавалі як след, беларусы без меня нікуды. Ні сына Колю адзець і накарміць, ні бульбу пасадзіць, ні параненых вывязці не могуць :)
0
Scooter / Адказаць
07.07.2008 / 18:57
Найбольш верагодная, на мой погляд, вэрсія гэтага тэракту - гэта акцыя расейскіх спэцслужбаў па ціску на кіраўніцтва РБ каб тыя хутчэй здавалі ім маёмасьць (альбо іншыя прэфэрэнцыі). Найбольш верагодная таму, што менавіта ў гэтай краіне бізнэс і ўлада зрошчаны паміж сабой вельмі моцна, і дапаўняюць адзін аднаго. І каб выкалаціць неабходныя сабе для бізнэсу прэфэрэнцыі яны ідуць на розныя захады, ў тым ліку і на акцыі застрашэньня "незгаворлівых кліентаў". Гэтым самым яны наглядна дэманструюць, што могуць сьцерці з мапы сьвету любога, ў тым ліку і такую іхнюю марыянэтку, як кіраўніцтва РБ.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру