Участак на месцы 2-й бальніцы на Багдановіча і НВЦ «Белэкспа» на Купалы ў Мінску ў бліжэйшыя два тыдні будзе перададзены арабскаму інвестару. У камітэце эканомікі Мінгарвыканкама распавялі, што пасля падпісання дамовы пачнецца знос старых карпусоў бальніцы, а таксама будынкі выставачнага цэнтра. Працэдура зносу зойме не больш за дзесяць месяцаў і пачнецца прыблізна ў пачатку студзеня.

Фота Яўгенія Ерчака, Tut.by

Фота Яўгенія Ерчака, Tut.by

Інвестыцыйны ўчастак у межах вуліц Янкі Купалы — Максіма Багдановіча - ракі Свіслач, дзе размешчаны корпуса былой 2-й бальніцы і НВЦ «БелЭкспа», ужо двойчы пабываў у руках замежных інвестараў. Але ніводны з праектаў не быў рэалізаваны.

Нагадаем, спачатку паводле ўказа прэзідэнта ў 2010 годзе зямля была перададзена аманскаму дзяржаўнаму фонду за 10 мільёнаў даляраў. Праз два гады аманцы перадумалі нешта будаваць, а мінчане так і не пабачылі абяцанага шматфункцыянальнага комплексу на беразе Свіслачы. У мінулым годзе гэты ўчастак дастаўся арабскім інвестарам, але і з імі нічога ў выніку не выйшла.

Час паказаў, што ідэальны з геаграфічнага пункту гледжання інвестыцыйны ўчастак апынуўся зусім не простым ў плане забудовы, паколькі аддаваўся патэнцыйным інвестарам з пэўнымі патрабаваннямі.

Так, заказчык павінен быў не толькі за свой кошт знесці будынкі корпуса бальніцы і выставачнага цэнтра, але і захаваць тыя чатыры корпусы, якія маюць гістарычную каштоўнасць (манастырскі корпус, дом інвалідаў, багадзельня, гаспадарчая пабудова).

Акрамя гэтага, трэба было рэстаўраваць гістарычныя карпусы і правільна ўпісаць у сучасны праект забудовы.

І вось, здаецца, усё склалася: знойдзены інвестар, які гатовы ўкласці ў праект каля 250 мільёнаў даляраў.

- Інвестар з ААЭ, з Беларуссю знаёмы, досыць заможны, ужо прайшоў усе стадыі ўзгаднення, - такую характарыстыку даў інвестару намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Мікалай Ахроменка. - На працягу двух тыдняў будзе падпісана інвестыцыйная дамова. Пасля гэтага заказчык «Мінская спадчына» прыступіць да зносу былога будынка 2-й бальніцы і выставачнага цэнтра. Пры гэтым чатыры корпуса бальніцы, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, будуць захаваны, а ў будучыні - рэканструяваны. Арыентыровачны пачатак зносу: канец снежня - пачатак студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?