Канцэрт гурту WZ-orkiestra нечакана адменены пасьля таго, як яго правядзеньне было ўзгодненае з уладамі і пачаты продаж квіткоў.

Сьледам за канцэртамі праектаў Сяргея Міхалка і «Народнага альбому» гастрольнае пасьведчаньне атрымалі арганізатары канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra. Мерапрыемства плянавалася правесьці 8 студзеня ў менскай канцэртнай залі «Атлант». Рэклямная кампанія і продаж квіткоў стартавалі на мінулым тыдні. Сам выканаўца быў настроены аптымістычна і выказаў спадзеў, што гэтая адліга ўсур’ёз і надоўга. WZ-orkiestra рыхтавалі вялікую праграму, куды меліся ўвайсьці найлепшыя песьні Зьмітра — ад альбому «Цацачная крама» да «Камэты» — дыску, які быў прызнаны альбомам месяца на Tuzin.fm у лістападзе.

Аднак 7 сьнежня продаж квіткоў быў спынены, а ў афішы зьявілася пазнака «Адмена». Арганізатар канцэрту Вячаслаў Гулевіч паведаміў, што ім было нечакана адмоўлена ў арэндзе пляцоўкі, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць і наяўнасьць гастрольнага пасьведчаньня. Як патлумачылі ў дырэкцыі КЗ «Атлант», у іх зьявіліся непераадольныя перашкоды — завод «Атлант» сыходзіць на зімовыя вакацыі, ажно да 16 студзеня 2017 году, таму абслужыць гэтае мерапрыемства ўяўляецца немагчымым.

Ад 2010 году Зьміцер Вайцюшкевіч пазбаўлены магчымасьці легальна выступаць на Радзіме. Яго канцэрты па ўсёй Беларусі зрываюцца з розных прычынаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?