Пасля пратэстаў жыхароў будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу каля Цнянскага вадасховішча ў Мінску закансерваванае, паведаміў каардынатар грамадскай кампаніі «Генплан — для мінчан» Дзяніс Кобрусеў.

Як вынікае з адказаў камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама і РУП «Галоўдзяржбудэкспертыза» на запыт ініцыятыўнай групы мясцовых жыхароў, будаўніцтва не проста прыпыненае, а закансерваванае і па праекце прыпыненае дзеянне дзяржэкспертызы.

«Вось і задаюцца жыхары Зялёнага Луга пытаннем — навошта трэба было так спяшацца з будаўніцтвам гэтага ФАКа, высякаць дрэвы, рыць катлаван, калі стаіць ён зараз закансерваваны на нявызначаны тэрмін і нікому не патрэбны? Навошта гэты аб'ект вынеслі ў складзе праекта дэталёвага планавання на грамадскае абмеркаванне, калі кінутая будпляцоўка ФАКа зеўрае ранай на беразе Цнянскага вадасховішча? Незразумела і з якой прычыны будаўніцтва закансерваванае: ці ў забудоўшчыка скончыліся сродкі, або чакаюць рашэння ўладаў? Каму гэта выгадна і хто за гэта адкажа?» — заўважыў актывіст.

Ён нагадаў, што цяпер заканчваецца грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання (ПДП) тэрыторыі жылой сядзібнай забудовы вёскі Цна (унясенне зменаў з уключэннем тэрыторыі ў межах вуліц Шырокая — Падольская — Кальцова — Собінава — 4-ты завулак Кальцова — заходняя мяжа жылой зоны — паўночная мяжа зоны — 1-шы завулак Кальцова), арганізатарам якога з'яўляецца адміністрацыя Савецкага раёна Мінска. Праектам прадугледжана размяшчэнне фізкультурна-аздараўленчага комплексу з тэніснымі кортамі ў раёне вуліц Мірашнічэнкі — Варапаеўская ў ландшафтна-рэкрэацыйнай зоне. «Хоць ПДП яшчэ толькі ў пачатку свайго шляху па ўзгадненні і сцвярджэнні, аднак пляцоўку для ФАКа пачалі расчышчаць значна раней — яшчэ ў красавіку 2016 года, чым выклікалі гнеў і абурэнне мясцовых жыхароў», — адзначыў Кобрусеў.

Вясной 2016 года мінчане сабралі 3.500 подпісаў супраць размяшчэння ФАКа ў водаахоўнай зоне Цнянскага вадасховішча і перадалі іх у Мінгарвыканкам, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Адміністрацыю прэзідэнта, але «тады меркаванне людзей было праігнараванае і праз месяц пачалася будоўля». Аднак у ліпені інспекцыяй Дэпартамента па кантролі і наглядзе за будаўніцтвам па Мінску было вынесенае прадпісанне аб прыпыненні самавольнага будаўніцтва. З таго моманту будоўля была спыненая, з яе прыбралі будаўнічы кран.

Жыхары Зялёнага Луга спрабавалі даведацца ў камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва прычыну прыпынення раней выдадзенага ім заключэння, а заадно і актуальны склад гэтага аб'екта, бо на працягу паўгода ў праекце ФАКа з'явіліся пакоі для рэлаксацыі і яшчэ адзін бар. Таксама стала вядома, што забудоўшчык хацеў унесці ў першапачатковы праект змены, дадаўшы туды гасцявы дом. «Аднак па незразумелай прычыне камітэт усяляк хавае інфармацыю і прапануе пытанні па складзе ФАКа адрасаваць забудоўшчыку — ЗАТ» Эрыя», — зазначыў каардынатар грамадскага руху.

«На сёння грамадскае абмеркаванне яшчэ не скончанае, аднак супраць зацвярджэння і рэалізацыі ПДП выказваюць сваё меркаванне не толькі жыхары Зялёнага Луга, але і неабыякавыя да далейшага лёсу Цнянскага вадасховішча жыхары іншых раёнаў сталіцы. Пры гэтым абурэнне мінчан і найбольшую колькасць пытанняў выклікае менавіта ФАК», — падкрэсліў актывіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?