Гомельскі каардынатар па стварэнні грамадскага аб'яднання "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Канстанцін Жукоўскі атрымаў позву ў АУС Цэнтральнага раёна. У позве адзначана, што 8 ліпеня яму неабходна з'явіцца да оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку для гутаркі.

Раніцай 7 ліпеня К.Жукоўскаму патэлефанавалі з міліцыі і патлумачылі, што выклікаюць яго для апытання наконт выбуху 4 ліпеня ў Мінску. "Позва аформлена няправільна, там не ўказана, у якасці каго мяне выклікаюць — сведкі, пацярпелага або падазронага, што такое "гутарка", я не разумею, — зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН К.Жукоўскі. — Я ў міліцыю не пайду, няхай хаця б позвы афармляюць правільна. Мне, як грамадзяніну, павінны былі пад роспіс уручыць позву і растлумачыць, у якасці каго мяне выклікаюць. Калі я ў апазіцыі — гэта не значыць, што я ў чымсьці вінаваты".

Палітык мае намер балатавацца ў дэпутаты беларускага парламента па Буда-Кашалёўскай акрузе і званок з міліцыі звязвае з імкненнем уладаў аказаць на яго псіхалагічны ціск.

У аддзеле крымінальнага вышуку АУС Цэнтральнага раёна БелаПАН адмовіліся каментаваць прычыны выкліку К. Жукоўскага ў міліцыю і спаслаліся на тое, што маладога чалавека выклікаюць проста пагутарыць. Супрацоўнікі вышуку зазначылі, што выклікі ў міліцыю — дзейнасць праваахоўных органаў, і міліцыя не абавязана асвятляць абставіны следства ў прэсе.

У Чэрыкаве і Клімавічах у справе выбухаў у Менску ўжо дапытвалі дзеячоў апазыцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?