З-за складаных умоваў надвор'я на трасе М1 недалёка ад з'езду на Нясвіж мікрааўтобус, які належыць пасольству Польшчы, вылецеў у кювет і перакуліўся. Пасажыры не пацярпелі.
Фота Дар'і Буракінай, Tut.by
Мікрааўтобус «Фольксваген» рухаўся ў напрамку Брэста. ДТЗ адбылося каля 11:00. Аўтамабіль занесла на слізкай дарозе і выкінула ў кювет, дзе ён перакуліўся. Усе пасажыры — у аўтамабілі ехалі тры чалавекі — былі прышпіленыя рамянямі бяспекі і не пацярпелі.
Па словах кіроўцы мікрааўтобуса, за некалькі секунд да аварыі яго апярэдзіла спадарожная фура — паветраны струмень вынес мікрааўтобус у кювет.
Таксама відавочцы паведамляюць пра пяць аварый, якія адбыліся прыкладна за сто кіламетраў ад Мінска на трасе М1 — з-за галалёдзіцы аўтамабілі выносіла за межы праезнай часткі.