08.12.2016 / 20:43

Топ-10 праектаў, на якія беларусы сабралі больш за ўсё грошай 3

Беларусы паступова адкрываюць для сябе магчымасці краўдфандынгу. Сёлета «Наша Ніва» назвала чалавекам года Кацярыну Сінюк, што стварыла часопіс «Імёны», многія героі якога дзякуючы краўдфандынгу атрымалі фінансавую падтрымку неабыякавых чытачоў.

Да нядаўняга часу рэкордам беларускага краўдфандынгу быў збор сродкаў на дзейнасць часопіса «Імёны». Больш сабралі толькі на цяжкахворых дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пра якіх напісаў часопіс. Гэта 67 987 рублёў.

Аднак людзі гатовыя падтрымліваць не толькі сацыяльныя праекты, але і прадпрымальніцкія, творчыя ініцыятывы. Паспяхова збіраюць грошы і на выданне кніг ці дыскаў, з’яўленне новых гульняў, паляпшэнне інфраструктуры горада і многія іншыя рэчы. Цяпер у нашай краіне працуюць дзве краўд-платформы: Talaka.by і Ulej.by.

«Краўдфандынг актыўна развіваецца, што ні месяц, мы маем новыя рэкорды па суме збору і колькасці ўцягнутых людзей. Не адстае і краўдсорсінг — уцягванне людзей у каманду і атрыманне парадаў экспертаў, — каментуе кіраўнік і заснавальнік Talaka.by Яўген Клішэвіч. — Краўд-тэхналогіі — гэта новы фармат стварэння і ажыццяўлення сваіх планаў і мараў. Паменела манаполіі ў інвестараў, выдаўцоў, дзяржавы і карпарацый на стварэнне выдатных рэчаў. Зацікаўленая супольнасць можа галасаваць сваім рублём і справамі за тое, што ім сапраўды патрэбна і цікава».

Топ-5 праектаў года на Talaka.by

  1. Музыка — «Партманэ» трыа — сабрана 10 140 руб.
  2. Кнігі — Выданне «Хронік Нарніі» па-беларуску — сабрана 9 485 руб.
  3. Горад і інфраструктура — Стварэнне парку мініяцюр ВКЛ — сабрана 8 590 руб.
  4. Фільмы і мульты — Пераклад мультфільмаў «Свінка Пэпа» на беларускую — сабрана 5 570 руб.
  5. Спорт — Збор грошай на паездку Віталя Гуркова на чэмпіянат у Швецыю — сабрана 4 535 руб.

Топ-5 праектаў года на Ulej.by

  1. Кнігі — «Асцярожна, Марцаў!» — 18 032 руб.
  2. Фестывалі — Правядзенне штогадовага Фестывалю беларускамоўнай рэкламы аDNаK! — 13 749 руб.
  3. Ініцыятыва — Збор грошай на ўдзел Вадзіка Ракеты ў паўфінале англійскага шоу «Брытанія шукае таленты» — 12 145 руб.
  4. Сацыяльны праект — Абсталяванне кабінета ЛФК у дзіцячым хоспісе — 10 371 руб.
  5. Музыка — Запіс другога альбома арт-рок гурта TonqiXod — 5 335 руб.

Настасся Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
padbiarez / Адказаць
09.12.2016 / 10:32
"Партманэ" -- памылка. Назва трыа "Port Mone".
0
cl / Адказаць
09.12.2016 / 11:53
А колкі НН сабрала :) ?
0
Paymental / Адказаць
09.12.2016 / 13:20
Сущие мелочи в масштабе страны конечно ) Предлагаю собрать проект Миллиард долларов независимого ВВП. Лиха беда начало )
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру