У 42-м сёлетнім выпуску нямецкага часопіса «Der Spiegel» (у перакладзе з нямецкай яго назва азначае «Люстэрка», ад 15.10.2016) апублікаваная трэцяя нататка нямецка-іранскага журналіста Навіда Кермані. Ён вандруе па Еўропе — «кантыненце, які змяняецца», — і два дні (і 12-ы, 13-ы ва ўсёй вандроўцы, якая пачалася ў Кёльне) прабавіў у Беларусі. Гэтыя нататкі вельмі карысна чытаць не толькі як прыклад успрымання нашай краіны чужаземцам, але і як спробу выйсці за рамкі клішэ, якімі апісваецца Беларусь найчасцей.

Кермані трапна і дасціпна паказаў традыцыю і сучаснасць беларускай культуры, яе патэнцыял як «resistant culture». 

Cool this Lithuania

Артыкул называецца «Мурашы Мінска», але першыя дзве часткі — «Дзясяты» і «Адзінаццаты дзень» — разгортваюцца яшчэ ў Вільні. Ужо тут можна пераканацца, што вандруе па Усходняй Еўропе заходнееўрапеец. Так, наведаўшы выставу аб «балтыйскім шляху» — вядомай дэманстрацыі да 50-й гадавіны пакту Молатава-Рыбентропа, у якой узялі ўдзел 2 мільёны чалавек, — ён заўважае: «На захадзе кантынента ўжо амаль забыта, з якой мужнасцю, з якой роспаччу і з якімі ахвярамі змагаліся на Усходзе за прыналежнасць да Еўропы». Успрыманне Еўропы мясцовымі жыхарамі ён стала апісвае ў далейшым.

Нямецкае ж паходжанне аўтара выдае падкрэсленая цікаўнасць да Другой сусветнай вайны і Халакосту. На думку аўтара, у Літве людзі нехвотна і вельмі марудна ўспамінаюць прыкрыя старонкі нядаўнай гісторыі — гасцінную сустрэчу немцаў у 1941, суўдзел калабарантаў у забойстве габрэяў, «тоны вопраткі, якія сяляне танна набывалі на лясной ускраіне». У Панары — мясцовасць пад Вільняй, дзе забівалі габрэяў (а таксама савецкіх ваеннапалонных і палітычных вязняў), — не ездзяць школьныя аўтобусы, само месца не згадваецца ў школьным курсе гісторыі.

Становішча крыху тлумачыць музей КДБ, які журналіст таксама наведаў. Хоць не ўсё яму падаецца слушным (разлікі, хто каго забіў больш — немцы габрэяў ці Саветы літоўцаў, — ён лічыць недарэчнымі), ён пагаджаецца ў галоўным: «Дзяржава, якой патрэбны быў такі апарат прымусу, абсалютна вартая таго, каб знікнуць». Жахлівыя сутарэнні робяць тэзіс аб двух крыважэрных рэжымах, паміж якімі апынулася Літва, пераканаўчым.

Шмат увагі Кермані надае таксама «еўрапейскаму выбару» Літвы. Пустыя, закінутыя вёскі, дзе засталіся адны старыя, бо моладзь выехала ў Еўропу, робяць на яго моцнае ўражанне. У размове з мясцовым палякам, які карыстаецца змяшанай польска-рускай мовай і зусім не ўмее па-літоўску, журналіст даведваецца пра значэнне Еўропы («ЕС фінансуе, натуральна, маю пенсію»), пра тое, што за камуністамі было горш, але было больш дысцыпліны.

«Ці гэта не дзіўна: жыць у дзяржаве, мову якой Вы не разумееце?» — пытае вандроўнік суразмоўцу. Той адказвае: «Ведаеце, мы тут усе простыя людзі, ці літоўцы, ці палякі, тут мы не адрозніваем. Палітыкі адрозніваюць, а мы — не».

У цягніку Вільня—Мінск Кермані сустракае першага беларускага сябра. Той крытыкуе нязручныя літоўскія цягнікі і кажа, што беларускія нашмат лепшыя. Бо ў Літве ўсё прыватызаванае і адзінае, што мае значэнне — прыбытак.

На беларускай мытні Кермані не разумее, чаму правяраючыя з такой пільнасцю разглядалі ягоныя кніжкі. А беларус тлумачыць.

«І што табе важней? — пытаю я. — Зручныя цягнікі ці чытаць, што хочацца?»

Разважаючы пра літоўска-беларускую мяжу, Кермані раптам пачынае гучаць, як самакрытычны Уладзімір Арлоў: «На працягу многіх стагоддзяў увесь гэты абшар — да Чорнага мора, суплёт культураў, моў і рэлігій, — быў адзінай дзяржавай, Вялікім Княствам Літоўскім, наследнікамі якога беларускія нацыяналісты ўсё яшчэ бачаць сябе».

Га?

Дванаццаты дзень. Бязглузды музей ВАВ, глыбокая Хатынь і эстэт Машэраў

Мінск уразіў вандроўніка найперш маштабамі — вуліцы шырынёй з нямецкія аўтабаны, чвэрць гадзіны на перасячэнне скрыжавання і масіўныя сацыялістычныя гмахі, нібыта наўмысна ўзведзеныя, каб падаўляць індывідуума.

Першая суразмоўніца журналіста — Ксенія — любіць, аднак, гэты горад. Не толькі яго: прэтэнзій да навакольнага жыцця яна ўвогуле не мае.

У Беларусі ўсяго тры алігархі, і ўсе — у турме, расказвае яна нямецкаму госцю. Гэта адрознівае Беларусь ад Украіны: «У нас можа быць толькі адзін алігарх, і яго завуць прэзідэнт».

Ейнае жыццёвае стаўленне Кермані разумее: «Яна ўсяго толькі робіць цвярозы выбар: паміж выбарамі, якія з’яўляюцца фарсам, і вайной, якая пануе ў суседняй краіне. Паміж яе даходам, якога хапае на жыццё, і падпрацоўкамі, якія яна са сваёй прафесіяй павінна была б шукаць, калі б жыла ў Літве. Паміж чысцінёй на вуліцах, бяспекай уночы, і эміграцыяй».

Milos Djuric / DER SPIEGEL.

Milos Djuric / DER SPIEGEL.

Так, тут усё яшчэ ёсць КДБ, але страху няма, падсумоўвае Кермані.

Найбольш увагі ён надае беларускай памяці пра апошнюю вайну. «Я недзе вычытаў, што ў Літве ёсць адзін помнік ахвярам і героям Другой сусветнай вайны, тады як Беларусь уяўляе сабой адзін суцэльны помнік».

Музей Вялікай Айчыннай вайны, адкрыты ў 2014-м, яго зусім не ўражвае, і сваё раздражненне Кермані выказвае без дыпламатыі. «Хаця ніякая іншая еўрапейская краіна не згубіла такую вялікую частку насельніцтва, як Беларусь, у музеі Вялікай Айчыннай вайны святкуецца толькі трыумф».

Пасля агляду выстаў журналіст застаўся ў непаразуменні: «І гэта ўсё? Такой павінна была быць вайна? Столькі людзей загінула, гарады разбомбленыя, фабрыкі панішчаныя, уся інфраструктура ў руінах, больш за тысячу вёсак спалена немцамі, мільёны на прымусовай працы ці дэпартаваныя, з габрэйствам знішчаная другая па колькасці этнічная група — а нічога, акрамя перамогі Чырвонай Арміі, не засталося?»

Зусім іншая справа — Хатынь.

Іншая не толькі ў параўнанні са шкляным мінскім навабудам, але і з еўрапейскімі музеямі ці помнікамі. «Немагчыма сабе ўявіць, каб тут нехта насіўся, як паміж стэламі Помніка забітым габрэям Еўропы ў Берліне, гуляў у хованкі ці нешта ў такім духу».

Манумент, гукі званоў, задума — дзе нічога гераічнага, толькі боль і «голая роспач» — уздзейнічаюць незвычайна моцна: «Яшчэ ніколі я не хадзіў у гістарычным месцы, не абыходзіў вёску з паветра, у якой гвалт, жалоба, пустэча становяцца настолькі дасяжныя непасрэднаму досведу».

Яшчэ больш здзіўляе Кермані, што ўсё гэта вынікае толькі з сілы мастацкай абстракцыі — а не забяспечваецца галівудскімі сродкамі (як у кракаўскім музеі Шындлера) ці нешта ў такім духу.

Халакост у Беларусі, як і раней, абмяркоўваецца мала (як і ў Савецкім Саюзе, тут усіх ахвяр называюць проста «савецкімі грамадзянамі»). Наведваючы «Яму» і могілкі, Кермані выпадкова сустрэў дачку стваральніка Хатыні, Галіну Левіну («не, такія выпадковасці ніякі журналіст не наважыцца прыдумаць»). З ёй ён абмяркоўваў не толькі пытанне Халакосту («Яшчэ доўгая дарога да моманту, калі людзі ў нас зразумеюць, што габрэяў забівалі, бо яны былі габрэямі»), але і Хатыні.

Левіна растлумачыла яму, як яе бацька здолеў стварыць такі манумент — у Савецкім Саюзе, у 70-я. Дзякуючы Машэраву — «палітыку, высокапастаўленаму партыйнаму функцыянеру, разам з тым разумнаму, чуламу да хараства мужчыну». Менавіта ён зразумеў: мастацтва важнейшае за прапаганду — і паспрыяў стварэнню «месца ціхага смутку».

Трынаццаты дзень: Горват і плот

Але гэтыя рэчы — «руцінізацыя дыктатуры» і розная памяць пра вайну, — сярод спецыялістаў па Усходняй Еўропе добра вядомыя тэмы. Таксама як і беларускае нацыятварэнне ці, з нядаўнага часу, Святлана Алексіевіч і Віктар Марціновіч. Для супольнасці людзей, зацікаўленых Усходняй Еўропай, яны як Лукашэнка і Чарнобыль — для шырэйшай публікі. Але ў канцы сваёй беларускай вандроўкі Кермані прапануе свой галоўны ўнёсак у нямецкі вобраз Беларусі: Горвата і «вясковы свет на ўскраіне Еўропы».

Перш чым дабрацца да вёскі (назва ў артыкуле не ўзгадваецца), журналіст наведаў Светлагорск. Пра горад ён расказвае, што ў 90-х тут быў найбольшы ва ўсёй Беларусі ўзровень СНІДу, алкагалізму і спажывання наркотыкаў.

70-тысячны савецкі горад не ўражвае, а напоўніцу выяўляе непарадны бок славутай беларускай стабільнасці: «Ёсць стары і новы гандлёвы цэнтр, надзіманы замак і трамплін, кнігарня, у якой на паліцах толькі коміксы для дзяцей, а ў астатнім больш няма нічога.

Вечарамі людзі не ходзяць у бары, даведваемся мы, не сядзяць цэлымі днямі ў кавярнях, а сустракаюцца ў парках ці проста перад панэльнымі дамамі, каб выпіць, але найчасцей сядзяць дома перад тэлевізарам і п’юць у адзіноце. З найбольш цікавага — бензакалонка, дзе звычайна сустракаюцца таксама для таго, каб выпіць».

У вёсцы ж, дзе жыве Горват («які пераехаў у маленькую вёсачку на мяжы з Украінай і расказвае пра новае жыццё ў сваім папулярным блогу»), няма водаправоду — але электрычнасць і інтэрнэт ёсць.

Беларуская вясковая ідылія — прыгатаваныя на адкрытым агні яйкі, гародніна і бульба. Горват з гонарам паведамляе, што адзінае, купленае ў краме, у яго — соль.

«Ён размаўляе няшмат, гэта заўважна, робіць доўгія паўзы паміж сказамі, калі наогул знаходзіць, што адказаць». Жонка і дачка пісьменніка жывуць у Мінску, ён часам іх наведвае, але не больш як на адну ноч — бо мае з нядаўнага часу казу. «Гэта яму замінае, ён бы ахвотна паяднаў горад і вёску. Але не выходзіць праз казу».

Milos Djuric / DER SPIEGEL

Milos Djuric / DER SPIEGEL

Milos Djuric / DER SPIEGEL

Milos Djuric / DER SPIEGEL

Вайна, аднак, не знікае з размоў. Горват пераказвае замежнаму госцю сямейную гісторыю: прадзед — рэпрэсаваны кулак (уласнік дома), а бабця была тры гады на прымусовай працы ў Нямеччыне — «і заўсёды распавядала, як з ёй там добра абыходзіліся. Выбачайце, што? Так, аднойчы яна спазнілася, але начальнік зусім не сварыўся. Яна змайстравала яму папяровыя кветкі для падзякі».

Горват таксама перадае нямецкай публіцы традыцыйныя сумненні беларускіх інтэлектуалаў наконт партызан, у духу Алеся Адамовіча: «Сяляне тут добра ведалі, што вёскі палілі, бо ў іх хаваліся партызаны. Акрамя таго, партызаны бралі сабе ўсё, што ім было трэба; немцы ж плацілі. Гэта не значыць, што людзі любілі немцаў, але і партызан баяліся».

«Праз шэсць дзесяцігоддзяў людзі ўсё яшчэ жывуць у свайго кшталту пасляваенным настроі, калі цешацца ўжо таму, што выжылі і не галадаюць, не зважаючы на тое, хто ва ўладзе».

Шмат увагі яшчэ надаецца палітыцы — меркаванню людзей, іх стаўленню да Еўрасаюза і існуючай улады, — але без істотных дапаўненняў у складзены вобраз. Дзіўна, але Навід Кермані за свой артыкул толькі аднойчы ўзгадаў кіраўніка беларускай дзяржавы — што не часта ўдаецца беларускім аўтарам.

Безаблічная ўлада паўстае на фоне адчужаных ад яе людзей, якіх у той жа меры не цікавіць і Еўрасаюз. Сам Горват не хоча далучацца да ЕС: «Я заўсёды мару, каб у нас з абодвух бакоў быў плот, з заходняга і з усходняга. Але такі зусім нізенькі плот, праз які лёгка пералезці».

* * *

У тым жа нумары рэдакцыі «Der Spiegel» прапанавала свой канон «кніг нашага часу» — 50 выданняў, што пабачылі свет паміж 1989 і 2015 гадамі. Дзіўна, але там беларуская літаратура таксама рэпрэзентаваная. Як той казаў па-нямецку, dreimal darfst du raten — можна адгадваць тры разы, хто менавіта. Яна ў гэтым спісе, дарэчы, адзіная з Усходняй Еўропы.

Пра гэта ўцешна думаць — пра Левіна і сілу мастацкай абстракцыі. Пра Горвата, які «хацеў прэч з горада, прэч ад людзей, весці простае жыццё і пісаць раман». Пра кніжку Святланы Алексіевіч з чырвонай налепкай «Нобелеўская прэмія ў галіне літаратуры — 2015». Бо ўсё гэта — неспадзявана радасны паварот у бясконцай гавэндзе пра незавершаны нацыятворчы працэс і пра тую выключную ролю, якую ў гэтай сувязі пераймае культура.

У 2002-м крытык Даніла Жукоўскі, разважаючы пра незапатрабаванасць беларускай літаратуры, засмучана пытаўся: «Калі ж надыдзе той дзень?» Дзень, калі беларускую літаратуру будуць чытаць? «Прымус захапляцца» і спасылкі на неспрыяльныя ўмовы часта былі апошнім аргументам на карысць беларускай літаратуры.

Прыклад Горвата — як прыклад Караткевіча. Апошні, не зважаючы на «эпоху шэрых калідораў», стварыў надзвычай папулярныя творы. Колькі часу спатрэбілася Горвату, каб трапіць у адзін з найбольш уплывовых часопісаў свету? Або сабраць грошы на выданне сваёй кнігі?

Гэта — пра той дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?