10.12.2016 / 12:31

Памёр беларускамоўны матэматык Якаў Радына 12

Сёння ў Мінску хаваюць Якава Радыну — беларускамоўнага матэматыка, члена-карэспандэнта Акадэміі навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яму было 70 гадоў.

Пакутаваў ён на рак прастаты.

Ён быў родам з вёскі Брылькі Валожынскага раёна.

У 1969 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і пачаў там працаваць. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Да тэорыі лінейных раўнанняў у тапалагічных вектарных прасторах». У 1987 годзе — доктарскую дысертацыю «Экспаненцыяльныя вектары і дыферэнцыяльныя ўраўненні». З 1975 года — загадчык кафедры функцыянальнага аналізу БДУ.

Радына распрацаваў якасную тэорыю лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з рэгулятарнымі аператарамі ў лакальна-выпуклых прасторах. Увёў паняцце вектара экспаненцыяльнага тыпу і на яго аснове пабудаваў функцыянальны падлік, які ўжываецца пры даследаванні дыферэнцыяльных і дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў. Пабудаваў (разам з А.Антаневічам) тэорыю нелінейных абагульненых функцый (мнемафункцый).

Быў навуковым рэдактарам першага ў Беларусі «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993), суаўтарам і навуковым кансультантам першай у Беларусі «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001), аўтарам беларуска-польскага і польска-беларускага матэматычных слоўнікаў.

Аўтар каля 150 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

На пачатку 90-х яго прапаноўвалі на пасаду міністра адукацыі, але кандыдатуру не падтрымаў Вячаслаў Кебіч.

Cын Якава Радыны таксама выкладае матэматыку ў БДУ па-беларуску.

Ягоная ўнучка вучыцца на выдатна ў беларускамоўным ліцэі імя Якуба Коласа.

«Наша Ніва» далучаецца да спачуванняў сям'і выдатнага навукоўца.

nn.by

0
Лявон Баршчэўскі / Адказаць
10.12.2016 / 12:41
Мае шчырыя апачуваньні спадару Аляксандру і ўсёй яго сям'і. У 1992 годзе мы спрабавалі зрабіць спадара Якава міністрам адукацыі, але кебічаўцы гэтага не падтрымалі. Яго руска-беларускі, польска-беларускі і беларуска-польскі матэматычныя слоўнікі, спадзяюся, яшчэ паслужаць беларусам.
3
Раман / Адказаць
10.12.2016 / 13:17
Светлая памяць добраму чалавеку...
0
Чытач / Адказаць
10.12.2016 / 13:49
Ствараецца уражанне, што у сферы уздзеяння Расеі і пастаяннай русіфікацыі носьбіты беларускай мовы адчуваюць сябе непатрэбнымі і адміраюць. Каб мы былі незалежнай краінай сярод дэмакратычных суседзяў, такія б дзеячы шанаваліся і жылі б даўжэй.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру