У наступным годзе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) плануе ўвесці онлайн‑рэгістрацыю абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставанне. Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 8 ліпеня ў Мінску паведаміў дырэктар РІКВ Мікалай Фяськоў.

Такія магчымасці, паводле яго слоў, дасць увядзенне новай камп’ютэрнай праграмы, якая аб’яднае ў адзіную сетку ўсе пункты рэгістрацыі на праходжанне тэставання. Ён зазначыў, што гэта дазволіць «поўнасцю пазбегнуць з’яўлення «двайнікоў» — абітурыентаў, якія двойчы зарэгістраваліся на адно і тое ж выпрабаванне.

«Запісаўшыся ў Гомелі, абітурыенты паедуць у Віцебск, каб яшчэ раз зарэгістравацца, але іх пашпартныя звесткі ўжо будуць у базе даных», — патлумачыў ён.

Таксама, паводле яго слоў, у наступным годзе будзе працягвацца штогадовая праца РІКВ па ўдасканаленні тэставых заданняў з улікам усіх заўваг і прапаноў.

Нагадаем, штогод у кастрычніку—лістападзе РІКВ праводзіць першы этап тэставання па жаданні абітурыента (без выдачы сертыфіката). У лютым і красавіку ў Беларусі праходзяць другі і трэці этапы гэтага тэставання. Звычайна падчас апошняга этапа абітурыентам прапануюцца заданні, набліжаныя да тэстаў, якія выкарыстоўваюцца падчас уступнай кампаніі гэтага года.

Сёлета падчас цэнтралізаванага тэставання абітурыенты здалі больш за 457,2 тыс. тэстаў (больш за 511 тыс. — у 2007 годзе).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0