Эканоміка Беларусі працягне заставацца ў стане рэцэсіі яшчэ і ў 2017 годзе. Пра гэта заявіў краінавы эканаміст Сусветнага банка ў РБ Кірыл Гайдук, піша Tut.by.

«Эканоміка застанецца ў стане рэцэсіі. Аднаўленне чакаецца не раней за 2018 год», — сказаў Гайдук.

СБ чакае, што рэцэсія будзе меншай, чым у гэтым годзе. Эксперты банка прагназуюць, што ВУП Беларусі скароціцца ў наступным годзе на 0,9%.

«Захоўваюцца вонкавыя дысбалансы з прычыны зніжэння экспартнай выручкі і даўгавых выплат у замежнай валюце», — адзначыў Гайдук.

Рост эканомікі магчымы у 2018 годзе на 1,1%.

У першую чаргу гэта звязана з аднаўленнем рынкаў асноўных гандлёвых партнёраў. Акрамя таго, надзеі звязаныя з рэформамі, накіраванымі на павышэнне канкурэнтаздольнасці і прадукцыйнасці прадпрыемстваў рэальнага сектара.

Кірыл Гайдук падкрэсліў, што ў дадзеным сцэнары закладзена аднаўленне аб'ёмаў паставак нафты і газу з Расіі. Эканаміст лічыць, што ў 2017 годзе магчымы працяг скарачэння рэальных даходаў насельніцтва і рост беспрацоўя.

«Але іх тэмпы будуць меншыя, чым у гэтым годзе», - адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0