ЕС схільны падтрымаць патрабаванні Нідэрландаў адносна Пагаднення аб асацыяцыі з Украінай, нават калі гэта не задаволіць саюзнікаў Украіны ва Усходняй Еўропе.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў, піша «ЕўраПраўда».

«Стаўкі занадта высокія. У рэшце рэшт, калі пагадненне аб асацыяцыі не будзе ратыфікаванае галандцамі, гэта будзе паразай і для Украіны, і для ЕС, і стане перамогай Расіі», — сказаў адзін з дыпламатаў.

«Гэта дорага, але варта таго. На дадзеным этапе, або гэта, або нічога» — адзначыў іншы дыпламат.

«Па гэтай прычыне дыпламаты чакаюць згоды, нават калі і некаторыя ўрады — асабліва блізкія саюзнікі Украіны ва Усходняй Еўропе — занепакоеныя і раздражнёныя галандскімі патрабаваннямі», піша Reuters, дадаючы, што паслы ЕС абмяркоўваюць прапановы Нідэрландаў у панядзелак.

Праект дакумента, падрыхтаванага Нідэрландамі для абмеркавання краінамі ЕС і з якім азнаёмілася Reuters, «не ўтрымлівае абавязацельстваў для ЕС і краін-сяброў па забеспячэнні гарантый калектыўнай бяспекі або іншай ваеннай дапамогі або садзейнічання Украіне.»

Акрамя таго, у дакуменце сказана, што грамадзянам Украіны не даецца «права пражываць і свабодна працаваць у ЕС. Сярод прапаноў таксама палажэнне аб тым, што пагадненне «не прадугледжвае дадатковай фінансавай падтрымкі» Украіны з боку ЕС.

У праекце дакумента гаворыцца, што барацьба з карупцыяй ва Украіне з'яўляецца ключом да наладжвання больш цесных сувязяў паміж Кіевам і блокам.

Раней паведамлялася, што патрабаванні ўрада Нідэрландаў не маюць мэтай змены тэксту Пагаднення аб асацыяцыі — гаворка ідзе аб асобным дакуменце, які павінен мець абавязковы характар. Калі краіны ЕС пагодзяцца на ўмовы Нідэрландаў, прэм'ер Марк Рутэ не стане прапаноўваць парламенту адмовіцца ад ратыфікацыі ўкраінскага пагаднення.

Як вядома, у лістападзе большасць дэпутатаў у парламенце Нідэрландаў зацвердзілі рашэнне даць прэм'ер-міністру Марку Рутэ больш часу для правядзення перамоваў з еўрапейскімі калегамі адносна Пагаднення аб асацыяцыі Украіна—ЕС.

Патрабаванні Нідэрландаў аб асацыяцыі будуць абмяркоўвацца на саміце ЕЗ 15 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0