На мінулым тыдні віленчукі пачалі знаходзіць у паштовых скрынях улёткі з надпісам «Расія» і расійскім сцягам.

У папяровых брашурах былі пазначаныя спасылкі на інтэрнэт-сайты, кантактная інфармацыя расійскай амбасады, і табліцы, у якіх — параўнанне некаторых цэн у Літве і Калінінградскай вобласці. Да прыкладу, 1 кВт·г электраэнергіі ў Літве каштуе 0,12 еўра, у Расіі — 0,04 еўра. Параўноўваюцца і цэны на бензін: у Літве літр каштуе каля еўра, а ў Расіі — 0,5 еўра.

Акрамя таго, паказана, што ў Калінінградзе менш прыйдзецца плаціць за камунальныя паслугі — 70 еўра ў самы халодны месяц, а ў Літве — 280 еўра. Сцвярджаецца, што цэны на тавары першай неабходнасці ў Літве у два разы вышэйшыя, а пры тым, што сярэдняя зарплата статыстычнага жыхара Літвы вышэйшая — каля 500 еўра, а ў Расіі — 430 еўра, у Літве пакупніцкая здольнасць ніжэйшая.

delfi.lt

І нарэшце, канстатуюць, што на сям'ю з 4 чалавек, якая жыве ў 3-пакаёвай кватэры, пасля выплаты падаткаў застаецца 310 еўра, а ў Літве — усяго 120 еўра. Так высвятляецца, што калінінградцы нібыта ў тры разы багацейшыя, узровень жыцця ў іх у 3 разы вышэйшы. На іншай старонцы параўноўваюцца статыстычныя дадзеныя ўжо не Літвы і Калінінградскай вобласці, а Літвы і Расіі, толькі чамусьці за розныя гады. Тут зноў можна знайсці спасылкі на інфармацыйныя каналы, напрыклад, «Спутнік», РТ і інш.

delfi.lt

У літоўскіх эканамістаў такія высновы выклікалі ўсмешку. Да прыкладу, старэйшы эканаміст Swedbank Нерыюс Мачуліс назваў дадзеныя выбарачнай статыстыкай, якая да таго ж недакладная.

«Гэта называецца «як хлусіць з дапамогай статыстыкі». Параўнанне цэн выбарачнае — электраэнергія і паліва ў Расіі таннейшыя, бо Расія не абкладае іх падаткамі. Яшчэ маглі дадаць, што нашмат таннейшыя цыгарэты і алкаголь. Але хіба ў гэтым шчасце? Цяпер з-за падзення рубля ў Расіі амаль немагчыма купіць імпартныя тавары, прыходзіцца здавольвацца невялікім мясцовым асартыментам і горшай якасцю», — сказаў Мачуліс.

Ён падкрэсліў, што ў табліцах скажоная і статыстыка заробкаў, бо ў Літве сярэдні заробак не 500, а 600 еўра.

Між тым старэйшы эканаміст банка Nordea Жыгімантас Маўрыцас адзначыў, што, нягледзячы на параўнанне Літвы і Калінінградскай вобласці, у табліцы прыведзеныя сярэднія дадзеныя па Расіі.

І яны няслушныя, напрыклад, зарплата даецца не «на рукі», а «на паперы», а ў Калінінградскай вобласці зарплата ніжэйшая за сярэднюю па Расіі. Мачуліс адзначыў, што не паказаная і мінімальная зарплата, яна ў Літве 380 еўра, але ў Расіі — гэта 100 еўра.

«Яны маніпулююць дадзенымі, не паказваюць год, крыніцу. Гэта як параўноўваць яблыкі з апельсінамі. А сцвярджаць, што ў Калінінградзе ўзровень жыцця ў тры разы вышэйшы, наогул няправільна. Бо літоўцы таксама могуць параўнаць некаторыя паказчыкі і па іх, да прыкладу, у невялікім мястэчку, апярэджваць нават скандынаваў. Але мы так не параўноўваем, ды і рускія не параўноўваюць, да прыкладу, са скандынавамі», — сказаў Маўрыцас. Праўда, ён дадаў, што ў любым выпадку Літве трэба пастарацца і вырашаць сацыяльныя, эканамічныя выклікі. Акрамя таго, па словах Мачуліса, нягледзячы на тое, што Крэмль прыцягнуў нямала эмігрантаў з бедных краін СНД, сама ж Расія пакутуе ад «уцечкі мазгоў» — самыя разумныя і здольныя едуць за мяжу.

Амбасада Расіі прызнала, што гэта яна распаўсюджвае брашуры. Гэта частка дзяржаўнай праграмы па аказанні садзейнічання добраахвотнаму перасяленню ў Расійскую Федэрацыю суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, зацверджанай Уладзімірам Пуціным у 2006 годзе. Расія адзначыла, што толькі ў 2014 годзе з розных краін у Расію прыехалі 106 000 чалавек. З пачатку рэалізацыі праграмы ў Расію прыехалі 255 000 чалавек. У Калінінградскую вобласць прыехалі 36 000 чалавек, а каля 6000 з іх — у гэтым годзе.

Працаўніца амбасады сказала, што праграма паспяхова ажыццяўляецца, рускія Літвы таксама ўваходзяць у зону ўвагі. Праўда, паводле статыстыкі, у Літве гэтая праграма пацярпела фіяска. Усяго ў Расію захацелі з'ехаць каля 180 чалавек, палова з іх з'ехала. Але ў той жа час, дзясяткі расіян звярнуліся з просьбай даць ім прытулак у Літве, 8 чалавек атрымалі яго.

Выкладчык Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Нерыюс Малюкявічус перакананы, што гэтая праграма вельмі сімвалічная. «Своеасаблівая хамелеонская палітыка, з аднаго боку, быццам ёсць такія праграмы на паперы, з другога — яны не патрэбныя, не трэба, каб рускія вярталіся, Пуціну і Крамлю трэба, каб яны засталіся, там, дзе знаходзяцца і вырашалі пэўныя геапалітычныя задачы. Зірніце на Крым, калі аргументам было, што ўсё робіцца дзеля дабра рускамоўных, дзеля іх абароны, дзеля вяртання іх у Расію», — сказаў палітолаг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?