У нядзелю 11 снежня «народны чэмпіён» правёў прафесійны бой у Кітаі. На абвяшчэнне судзейскага рашэння Гуркоў выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам на плячах. Гэта першы за 20 гадоў выпадак, калі дзейны беларускі топ-спартсмен публічна ўзняў нацыянальны сцяг падчас спаборніцтваў.
«Я заўжды марыў гэта зрабіць. Але калі быў у зборнай Беларусі, не мог на такое пайсці, каб у дачыненні да маіх сяброў-спартсменаў не здарылася рэпрэсій. Пасля перамогі на чэмпіянаце свету сёлета ў траўні мне не толькі не вярнулі стаўку ў Мінспорту Беларусі, мяне выкраслілі з усіх магчымых спісаў. Нават са СДЮШАР-7. У майго трэнера зрэзалі зарплату. Таму сёння я магу не хвалявацца, што некага падстаўлю».
— Раней вы казалі, што не выракаецеся дзяржаўнага сцяга. Ваша пазіцыя змянілася?
— Не, нічога не змянілася. Калі ў Кітаі я выходзіў у рынг, на вялікім экране арэны лунаў дзяржаўны сцяг.
Кітайскі фанат Гуркова фатаграфуецца на фоне беларускага дзяржаўнага сцяга
— Дагэтуль немагчыма знайсці ваш двубой з Мергенам Білялавым на youtube. Ці можаце распавесці, што адбывалася ў рынгу.
— Гэта доўгая гісторыя. Пачну з таго, што ў Кітай я трапіў вельмі нечакана. Пасля чэмпіянату свету доўга не выступаў. Планаваўся двубой у Аўстраліі за тытул чэмпіёна свету з мясцовай суперзоркай Тобі Смітам, якога доўга ніхто не мог перамагчы. Калі пачалася падрыхтоўка, то мэнэджмент аўстралійца паведаміў: у Сміта дэпрэсія, ён не будзе біцца. Падзея сарвалася. На іншыя турніры мяне ніхто не запрашаў. Тады я напісаў у Адэсу свайму былому саперніку і таварышу Пятру Наканечнаму. Ён знайшоў для мяне бой у Кітаі. Часу на грунтоўную падрыхтоўку не было, але чакалася, што апанент будзе не самы моцны. Калі ўжо вылятаў на бой, аказалася, што мяне чакае чэмпіён свету па кікбоксінгу Мерген Білялаў.
— Ці складаны быў бой?
— Ужо ва Урумчы падчас трэніроўкі я моцна пашкодзіў нагу. Але да бою мяне дапусцілі. Мерген вельмі адчувальны на руках. Ён чэмпіён свету яшчэ і па рукапашным баі, быў у зборнай Казахстана па боксе. Таму яго рук я асцерагаўся, і з першага раунда пачаў біць па нагах, клінчаваць і дадаваць калені. Перамога не была простай. Самому цікава было б паглядзець відэа. Але youtube у Кітаі не запускаецца, як знайсці турнір у інтэрнэце, я не ведаю.
Так выглядала нага Гуркова за дзень да двубоя
Гуркоў у кітайскім шпіталі, дзе яму ў экстраным парадку здымалі гематому з нагі
Ці сапраўды Гуркову цалкам перакрылі кісларод у Беларусі?
«З 1 верасня Віталь сапраўды не з’яўляецца нашым навучэнцам, — пацвярджае інфармацыю Мікалай Тычко, дырэктар СДЮШАР-7. — Праблема ўзнікла на ўзроўні заканадаўства. Калі ходзіць праверка, і чалавека няма на занятках у зале, а ён знаходзіцца за мяжой, то па заканадаўстве так дзейнічаць не атрымліваецца».
— Праблема ў тым, што чалавек перамог на чэмпіянаце свету, і яго пасля такога адусюль выкідваюць. Нават са СДЮШАР. Можа быць, Заслужаны майстар спорту лепш за іншых ведае, якіх планаў яму прытрымлівацца.
— З гэтым таксама можна пагадзіцца. Віталік — вельмі паважаны спартсмен, майстар найвышэйшага ўзроўню. Але ёсць яшчэ адзін момант. Яму 31 год. І ён у такім узросце — навучэнец дзіцяча-юнацкай школы. Чаму б не перадаць такога спартсмена у Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі? Тым больш, што тайскі бокс прызнаны ў Міжнародным алімпійскім камітэце. Чаму некаму месца ў РЦАПе ёсць, а Віталіку няма. Насамрэч, мы перажываем за тое, што з ім адбываюцца такія рэчы. Але я не магу ўплываць на склад РЦАП і на тое, якія рашэнні прымаюцца федэрацыяй.
Пра ціск на Віталя Гуркова стала вядома перад Чэмпіянатам свету—2016. Баец заявіў, што яго вымусілі адмовіцца ад стаўкі ў Мінспорту, і грошай на яго адпраўку на чэмпіянат няма. Галоўны трэнер зборнай Міхаіл Сцяпанаў выказаў меркаванне, што Гуркоў, магчыма, ужо не той і яго музычная кар’ера ў складзе гурта Brutto замінае спартовай падрыхтоўцы.
У адказ на гэта беларусы у межах праекту «Народны чэмпіён» за адзін дзень сабралі грошы для байца на паездку на чэмпіянат свету.
Але на чэмпіянаце свету ў шведскім Ёнчопінгу Гуркоў здабыў золата. У фінале ён «знішчыў» зорку прафесійнага муай-тай з Тайланда. За гэта дзяржава выплаціла яму каля 1500 долараў прэміі.
Здавалася б, чыноўнікі маглі прызнаць сваю памылку і аднавіць спарстмена на стаўцы ў Мінспорту. А то і прызначыць яму за якую-небудзь дадатковую стыпендыю. Але беларускія чыноўнікі — непрабіўная сцяна.