На першым пасяджэнні суда ў Кембрыджы над знакамітым савецкім дысідэнтам Уладзімірам Букоўскім высветлілася, што большая частка файлаў, якія змяшчаюць дзіцячую парнаграфію і выяўленых на яго камп'ютары, ніколі не прайгравалася ў відэаплэеры і не адчынялася ў прыкладаннях для прагляду фота.

Эксперт паліцыі, які выступіў у панядзелак у судзе, заявіў, што з тысяч знойдзеных файлаў толькі зусім невялікая частка праглядалася ў адпаведных праграмах — гэта значыць, адносна пераважнай большасці файлаў у паліцыі няма фізічных доказаў прагляду.

Пракуратура абвінавачвае 73-гадовага Уладзіміра Букоўскага ў вырабе (пад гэтым словам маецца на ўвазе спампоўванне з інтэрнэту) і захоўванні фатаграфій і відэа з адлюстраванымі на іх дзецьмі ў непрыстойных сцэнах. Ён рашуча абвяргае абвінавачванні.

У суд Букоўскага, якому 30 снежня споўніцца 74 гады, памочнік прывёз у інвалідным вазку. Летась Букоўскі перанёс цяжкую аперацыю, пасля якой яго ўводзілі ў штучную кому.

Падчас паседжання адвакат Букоўскага Фрэнсіс Фітцгібан сказаў суддзі, што яго падабаронны, магчыма, падчас слуханняў будзе прасіць аб дадатковых перапынках, бо ён стамляецца і губляе канцэнтрацыю.

Па плане слуханні па справе Букоўскага ў судзе Кембрыджа будуць ісці кожны дзень на гэтым тыдні. Уладзімір Букоўскі мяркуе, што прысяжныя могуць вынесці вердыкт ўжо ў канцы тыдня.

Тлумачэнні Букоўскага

Паліцыя прыйшла да Букоўскага ў яго дом у Кембрыджы ў кастрычніку 2014 года, пасля таго як атрымала інфармацыю, што з камп'ютара, які знаходзіцца па гэтым адрасе, заходзілі на сайты дзіцячага порна.

На кам'ютары і іншых электронных прыладах ў доме Букоўскага былі выяўленыя тысячы фота і відэа з непаўналетнімі.

Абвінаваўца Уіл Картэр, апісваючы ў панядзелак канву справы прысяжным, нагадаў і аб тлумачэннях Букоўскага, якія ён тады даў у паліцыі.

Паводле гэтых тлумачэнняў у пераказе пракурора, Букоўскі шмат гадоў таму зацікавіўся праблемай абмежавання свабоды інтэрнэту, у тым ліку ў сувязі з распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі, і ў рамках даследавання гэтага пытання вывучаў даступнасць і змест сайтаў з дзіцячым порна.

У Букоўскага і яго адвакатаў ёсць і іншыя пярэчанні і апраўданні, і пра некаторыя з іх Букоўскі ў панядзелак распавёў Бі-бі-сі, але гэтыя довады не могуць быць апублікаваныя да таго, як іх пачуюць у судзе прысяжныя.

Уладзімір Букоўскі называў гэтую крымінальную справу супраць яго «кафкіянскай». Ён падаў супраць Каралеўскай пракуратуры пазоў аб паклёпе, але Высокі суд у Лондане адхіліў пазоў.

Уладзімір Букоўскі быў адным з заснавальнікаў дысідэнцкага руху ў СССР. Ён правёў 12 гадоў у зняволенні і на прымусовым лячэнні. У 1976 году савецкія ўлады абмянялі Букоўскага на лідара чылійскіх камуністаў Луіса Карвалана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?