Віцебскі фатограф Уладзімер Базан атрымаў узнагароду «За выбітнае майстэрства» на Першым міжнародным конкурсе фатаграфіі The Epoch Times.

Узнагародай было адзначана яго фота «Гульня ў шашкі».

Усяго на конкурс было даслана больш за 13 тысяч заявак з 61 краіны. Прафэсійныя фатографы, фотакарэспандэнты і тэлепрадусар з ЗША, Новай Зэляндыі, Тайваню, Канады і Нямеччыны выбралі для ўдзелу ў фінале 145 фатаздымкаў. Спонсарам конкурсу выступіла тэлебачаньне Da Tang Feng Network.

Спаборніцтва праходзіла ў трох намінацыях: «Грамадзтва і звычаі», «Прырода» і «Рэкляма, партрэты, мода, архітэктура».

Месца абсалютнага пераможцы засталося вакантным, роўна як і першае месца ў намінацыі «Рэкляма, партрэты, мода, архітэктура». Залатыя мэдалі ў намінацыях «Грамадзтва» і «Прырода» дасталіся мастакам з Тайваню і ЗША.

Паўсотні ўдзельнікаў ушанаваныя ўзнагародай «За выбітнае майстэрства».

Сярод іх — Уладзімір Базан, былы рэдактар незалежнай газэты «Витебский курьер», якая спыніла сваё існаваньне ўвесну 2007 г.

Сёньня Ўладзімер Базан зьяўляецца заснавальнікам і галоўным рэдактарам газэты «Курьер из Витебска», якая выходзіць абмежаваным накладам.

Заснавальнік конкурсу фатаграфіі — міжнароднае выданьне The Epoch Times, якое распаўсюджваецца па ўсім сьвеце і мае сайт на 17 мовах. Пачатковай мэтай выданьня было процістаяць кітайскай цэнзуры.

Фатаздымкі, што перамаглі на конкурсе, будуць апублікаваны на сайце The Epoch Times і ў друкаваных выпусках.

Выстава творчасьці фіналістаў адчыніцца неўзабаве ў Нью‑Ёрку.

АТ


Уладзімер Базан, Гульня ў шашкі
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0