13.12.2016 / 13:06

Алесь Чайчыц: Дзе ў Беларусі неанацызм 5

На гэтым тыдні — чарговая гадавіна ад нараджэньня цікавай беларускай дзяячкі Юліяны Мэнке, жонкі вядомага дыплямата БНР і архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага.

Мне як чалавеку зь вельмі страктатым этнічным паходжаньнем і трохі цікаўнаму да тэмы этнаграфіі асабліва прыкметна, што Юліяна Вітан-Дубейкаўская — этнічная немка зь невялікай віленскай нямецкай дыяспары, якая сьвядома далучылася да беларускага нацыянальнага руху, пісала кнігі на беларускай мове, выкладала ў беларускіх школах. Такіх людзей, як яна, было і ёсьць шмат.

Паэт Зьмітрок Бядуля і дзяржаўныя дзеячы БНР Майсей Гутман і Ісак Лур’е — габрэі. Уладзімір Мулявін, Натальля Арсеньнева і некалькі членаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня — расейцы ці напалову расейцы. Вядомы беларускі вайсковец часоў БНР Гасан Канапацкі — беларускі татарын. Юліяна Мэнке і член Апазыцыі БНФ Барыс Гюнтэр — немцы.

Музыка, мастак і тэлевядоўца Андрусь Такінданг — напалову чадзец, джазмэн і тэлевядоўца Павел Аракелян — армянін, папулярызатар беларускай мовы Андрэй Кім — часткова карэец, архітэктар беларускай царквы ў Лёндане Рафаэль Цзыўай Со — кітаец. Паэтэса Вера Рыч і музыказнаўца Гай Пікарда, абое брытанцы, пад канец свайго жыцьця былі паўнавартаснымі членамі беларускай дыяспары ў Лёндане.

Любому чалавеку, незалежна ад этнічнага паходжаньня, ёсьць месца ў гістарычным беларускім нацыянальным руху або ў цяперашняй беларускамоўнай/калябеларускамоўнай субкультуры.

Расейскія шавіністы і іхныя «гарлівыя» аднадумцы ў Беларусі сьвядома і наўпрост хлусяць пра існаваньне нейкай пагрозы беларускага нацызму, палохаюць гэтай хлусьнёй расейскага абываталя і імкнуцца справакаваць расейскія ўлады на нейкія варожыя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі. З рэчаіснасьцю, аднак, гэтая антыбеларуская прапаганда ня мае нічога супольнага.

Больш за тое: парадаксальным чынам 90% існуючых у Беларусі нэанацыстаў (сапраўдных: з расавымі тэорыямі і любоўю да гітлераўскай атрыбутыкі) — гэта расейскія нацыяналісты. Ад бандаў скінхэдаў і РНЕ 1990-х да цяперашніх нэапаганцаў-«родноверов» і татуяваных свастыкай праваслаўных папоў, тыповы беларускі нэанацыст — гэта чалавек пад расейскім манархічным бела-жоўта-чорным сьцягам, расейскамоўны, прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі і вораг незалежнай беларускай дзяржавы. А часам і ўвогуле імігрант з Расеі.

Беларускамоўная супольнасьць наадварот выштурхоўвае нэанацыстаў з сваіх шэрагаў.

Адзіны чалавек, каго можна было б назваць сур’ёзным беларускамоўным праварадыкальным публіцыстам, на сайце чыёй арганізацыі нават Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя калісь ішла пад лэйблам «нашыя папярэднікі», цяпер ужо даўно перастаў выступаць на беларускай мове і перайшоў на «праэўразійскія» пазыцыі.

Беларускі нацыянальны рух усю сваю гісторыю быў інклюзіўным, адкрытым да таго, каб да яго далучаліся любыя людзі, якія шчыра спачувалі беларускаму нацыянальнаму адраджэньню. А адраджэньне гэтае патрабавала ня многага: проста каб беларусам і беларускай культуры далі магчымасьць разьвівацца і мець у Беларусі тое месца, якое яна павінна мець. Людзям усіх іншых нацыянальнасьцяў пры гэтым гарантавалася абарона іхных правоў.

У Першай Устаўной Грамаце Рады БНР напісана: «Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне‚ а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію». Выбары ў беларускі Ўстаноўчы Сход паводле Першай Граматы меліся адбыцца «на аснове агульнага права для ўсякага дарослага ня лічачыся з нацыянальнасьцю‚ вызнаньнем і родам.»

Другая Ўстаўная Грамата Рады БНР пастанавіла, што «У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.»

Нарэшце, у важным праграмным дакумэнце Рады БНР ад восені 1918 году (тэкст захаваўся толькі на расейскай мове — вось такая вось «агалцелая русафобія») датычна «нацыянальнага пытаньня» напісана:

«В НАЦІОНАЛЬНОМ ВОПРОСѢ:

1) Обезпеченіе Бѣлорусскому народу фактической возможности культурно-національнаго развитія,

2) свобода для всѣх національностей и равноправіе, обезпеченыя законом в смыслѣ національно-персональной автономіи,

3) участіе всѣх національностей в засѣданіи Независимой Бѣлоруссіи (мѣста в Кабинетѣ).»

Хтосьці, канечне, скажа, што паказчыкам самастойнасьці беларускай нацыі будзе, калі маргіналы, бандыты і нэанацысты, будуць таксама размаўляць на беларускай мове і лічыць бел-чырвона-белы сьцяг сваім нацыянальным сымбалем. Але пакуль гэта ня так, добра, што беларушчына зьвязаная з найбольш прагрэсіўнай часткай беларускага грамадзтва, а не наадварот.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

13
Сняжок / Адказаць
13.12.2016 / 13:24
Арсеньева та еще коллаборационистка.
0
Valadzimir / Адказаць
13.12.2016 / 20:22
І вельмі красамоўнае маўчаньне. Напэўна, "гераічныя" бацыланосьбіты, звычайна вельмі актыўныя, тут баяцца ляпнуць не тое.
1
Н. Д. / Адказаць
13.12.2016 / 20:34
У сеціўных дыскусіях, прысвечаных нацыянальным пытанням, якія па вядомым прычынам маюць на сёння надзвычайную актуальнасць, часам сустракаецца такое паняцце як «б-ч-б талібан», альбо «беларускамоўны талібан». Гэтым хочуць давесці пра магчымую небяспеку беларускага нацыяналізму ў будучым. Пры гэтым намякаюць на нацыяналізм у крайніх сваіх формах, кшталту шавінізму. Маўляў, калі гэтыя прыйдуць яны вам пакажуць! Ну амаль як Лукашэнка, калі казаў, што ў 90-х рускія сядзелі ў Беларусі на чамаданах. Людзі па звычцы думаюць пры дапамозе «–ізмаў», не заўсёды зважаючы, і часам наўмысна, на тое канкрэтнае, што стаіць за гэтымі «–ізмамі». Напрыклад, што такое нацыяналіст у Расіі і ў нас? Давайце параўнаем гэтае з'явы. Але для нагляднасці з расійскага боку возьмем не прадстаўніка расійскіх нацыяналістаў, а сярэднестатыстычнага грамадзяніна Расіі, які лічыць сябе рускім. Мова. Што хоча беларускі нацыяналіст, а што расійскі грамадзянін? Першы - пашырэнне беларускіх школ, беларускія ўніверсітэты, адмена чорных спісаў для беларускамоўных творцаў, вяртанне да закону аб мовах 1990-га году, дзе беларуская адзіная дзяржаўная, а расійская мае статус мовы межнацыянальных зносін; другі хоча, каб на абшарах былога савецкага саюза расійская мова мела першаснае значэнне, а расійская дзяржава, па гэтай логікі, павінна ўсяляк гэта замацоўваць. Тэрыторыя. Першы - змяненне дзяржаўных меж павінна адбывацца толькі па міжнародным заканадаўстве; другі – вяртанне тэрыторыі былога СССР разглядаецца як неабходнасць і неад'емнае права Расіі, ці, прынамсі, поўны кантроль над гэтымі тэрыторыямі з боку Расіі, бо на яго думку гэта ўваходзіць у геапалітычныя інтарэсы Расіі. Людзі іншых нацыянальнасцяў . Першы – прадуманая палітыка ў дачыненні мігрантаў, абмежаваная пэўнымі рамкамі з улікам рэсурсаў краіны; другі – перасяліць усіх чарнамазых(«хачы», «азеры», «чуркі») назад, аж да ўвядзення мяжы аселасці для каўказскіх, мусульманскіх рэгіёнаў. Спіс можна працягваць і ўдакладняць. І параўнаўчы аналіз будзе не на карысць другога. Такім чынам, калі гэта прааналізаваць, то атрымаецца, што беларускі нацыяналіст альбо ўвогуле не нацыяналіст, альбо нацыяналіст у пазітыўным сэнсе: патрыёт. І што ў адрозненні нават ад сярэднестатыстычнага расійскага грамадзяніна, не кажучы ўжо пра махровага расійскага нацыяналіста, шавіністычных памкненняў у беларускага нацыяналіста мы не знойдзем. У Лейбніца была цікавая анталагічная канцэпцыя: гэты свет самы найлепшы з усіх магчымых. Яна не азначае, што гэты свет самы найлепшы, яна азначае толькі, што калі лепшы свет і магчымы, то толькі ў розуме Творцы, а ў рэальнасці не. То бок, зла ў гэтым свеце роўна столькі, сколькі трэба каб гэты свет існаваў у рэальнасці. У розуме Бога, па Лейбніцу, існуе бясконцая колькасць сусветаў, ад самых дрэнных да самых лепшых. Што не супярэчліва лагічна, тое тэарэтычна магчыма, але не абавязкова рэальна. Мы таксама можам лагічна дапусціць, што калі-небудзь, калі абставіны складуцца пэўным чынам, з'явіцца партыя, арганізацыя, якая будзе стаяць на беларускіх шавіністычных пазіцыях. Але гэта малаверагодна і нерэальна ў бліжэйшы час, бо гэтаму не спрыяе ні знешнія, ні ўнутраныя ўмовы, ні стан нашага грамадства. Гэтая магчымая небяспека «б-ч-б талібану» пятага-дзясятага парадку. І людзі, якія ім палохаюць проста такім чынам распраўляюцца з сваімі апанентамі навесіўшы на іх ярлык талібану. Праблемай першага парадку для беларусаў з'яўляецца захаванне незалежнасці перад небяспекай, якая зыходзіць ад шавіністычнай канцэпцыі «рускага свету» Пуціна, а таксама небяспека што ідзе ад аўтарытарнай улады, бо ў выніку яе кіравання развальваецца нацыянальная эканоміка і мы ўсё болей патрапляем у залежнасць ад Расіі.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру