У разрэзе, прасціця, жаночых майткоў і фемінізму, нарэшце, з'явілася тэма якая мяне сапраўды цікавіць. Напнуўся я на некалькі допісаў па тэме ліставання абуранай грамадзянкі і дырэктаркі Mark Formelle, Святланы Сіпаравай, якая адказвала на абвінавачанні ў сексістскасці рэкламы бялізны, эксплуатацыі жаночага цела і усяго такога іншага.

Галоўная прэтэнзія да самога адказу заключалася, у прыватнасці, у тым, што «так дзелавое ліставанне не вядуць». Убачыўшы, «так не вядуць» — я, канечне, адразу палез глядзець — што там здарылася. Чытаю.

Спачатку адказ быў самы звычайны і фармальны: «указанное в вашем обращении прочтение», «наша компания руководствуется», «ваше мнение не соответствует действительности»..

Але пасля было вось такое:

«Неужели вы никогда с любимым не готовили еду или не вели домашнее хозяйство? Или не хотели бы это делать?»

«..удивительно что в 21 веке, в Республике Беларусь, которая потерпела еще не так так давно неисчислимые страдания от адептов тоталитарных идеологий, могут появиться люди, которые ставят своей задачей запрещать и/или указывать художникам, как правильно заниматься творчеством».

… «позвольте высказать своё субъективное мнение»…

Я не буду зараз абмяркоўваць наяўнасць ці адсутнасць згаданага сексізму. Не буду разважаць на тэму таго, як рэкламаваць жаночыя майткі, на прыгожай попе ці на Л-падобнай канструкцыі, вырубленай тупой сякерай з трухлявага пня. Я буду абмяркоўваць «дзелавое ліставанне». І я скажу вам так:

я вельмі хачу, каб усе «афіцыйныя» адказы выглядалі яшчэ больш «неадпаведнымі». Каб у іх было як мага меней «доводим до вашего сведения о принятии решения возбудить и усугубить процесс рационализации» і як мага болей «неужели вы никогда не хотели…»

Прага многіх нашых людзей дачыняцца не з чалавекам, а з машынай, якая мысліць перфакартамі і адказвае штампамі, здзіўляе і засмучае мяне.

Менавіта ў такой парадыгме з'яўляюцца гэтыя пачварныя «не скаплівайтесь у края платформы». Менавіта гэтымі казённымі словамі зашыфроўваецца нежаданне і немагчымасць адказаць нічога па сутнасці. Бясконцыя «рассмотрев информируем» — ад нежадання весці дыялог, а зусім не ад глыбокага разумення прынцыпу дзелавога ліставання.

У свой час мяне ўразіла фота аднаго падарожника: у Кітаі каля месца рамонту метрапалітэна вісела шыльда «метро на рэмонце, затое тэатр побач — нішто сабе — працуе». Такое мяне радуе, бо гэта — чалавечна, нават калі фармальна.

Бо нежаданне карыстацца людскай мовай — вялікая загана, якая вынікае з падсвядомай упэўненасці, што «афіцыйная асоба» — не чалавек, а абавязак ці каральная функцыя. Таму, напэўна, я неаднойчы назіраў, як людзі згінаюцца перад тым як пастукаць у кабінет да доктара ці свайго начальніка, не зважаючы нават, на тое, што іх рабалепную позу ніхто не ацэніць. Канечне, начальнік не можа і не павінен размаўляць з хадаком простай мовай. Ён пахіламу, але рашучаму ў безвыходнасці прасіцелю мусіць адказаць: «Мы разгледзелі ваш зварот і даводзім да вашага ведама аб прынятым рашэнні, якое можа быць абскарджана ва ўстаноўленым парадку». Такое ні ў кога не выкліча здзіўлення. Гэта не назавуць неадпаведным ані стылю, ані пасадзе.

Чалавек чалавеку не мусіць адказваць па-людску.

Чалавеку невыносная чалавечнасць, яна пужае яго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?