Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

З 2015 года розныя паказчыкі наўпростых замежных інвестыцый дэманструюць іх адток з Беларусі. Небяспечную тэндэнцыю аналізуе ў артыкуле ў чарговым «Банкаўскім весніку» экс-памочнік прэзідэнта, доктар эканамічных навук Кірыл Руды, адзначаючы, што для зваротнага інвестыцыйнага развароту наўпростых замежных інвестыцый у бок Беларусі трэба радыкальна мяняць інвестклімат. Руды прапануе пакрокава рэалізаваць новую інвестыцыйную палітыку, разабраўшыся з усімі вузкімі месцамі, праз якія цяпер краіна апынулася на абочыне.

Аналізуючы доўгатэрміновы трэнд скарачэння прытоку прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, Руды адзначае, што з 2015 года ў Беларусі стала больш закрывацца, чым адкрывацца, арганізацый з замежным капіталам. Пры гэтым колькасць арганізацый з замежнымі інвестыцыямі ў першым квартале 2016 года ў параўнанні з 2015 годам скарацілася ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, што кажа аб наяўнасці сістэмных прычын, адзначае ён.

Беларусь традыцыйна цікавая даволі вузкаму колу інвестараў: у 2015 годзе 54,8% усіх наўпростых замежных інвестыцый прыйшло праз Расію і Кіпр. Адзначаецца і высокая канцэнтрацыя укладанняў у некалькіх інвестараў: за 2011—2015 гады на пяць найбуйнейшых замежных інвестараў (у тым ліку Кронаспан, Хайнекен, Штадлер) прыйшлося 40% укладанняў замежнага капіталу ў статутныя фонды.

Абмежаваныя і інструменты інвеставання. У прыватнасці, аўтар адзначае, што доля ўкладанняў у статутныя фонды мізэрная — іх доля ў структуры інвестыцый на 1 красавіка 2016 года складала ўсяго 2%. Даўгавыя інструменты, якія запатрабуюць ў будучыні вяртання капіталаў, склалі 57%. На рэінвеставанне прыбытку прыйшоўся 41% усіх наўпростых замежных інвестыцый, а гэта не прыток новай валюты ў краіну, а абарот даходаў, атрыманых у асноўным ўнутры краіны, падкрэслівае Руды.

Прамыя замежныя інвестыцыі прыходзілі ў Беларусь у асноўным без непасрэднага ўдзелу дзяржавы ў статутных фондах і рэгістраваліся як арганізацыі без ведамаснай падпарадкаванасці. У 2015 годзе на арганізацыі з замежным капіталам без ведамаснай падпарадкаванасці прыйшлося 93,7% усіх прамых замежных інвестыцый і 99,9% укладаў у статутныя фонды ў СП і ІП. «Гэта даказвае, што органы дзяржаўнага кіравання не могуць дырэктыўна ўплываць на замежных інвестараў у Беларусі», — адзначае аўтар.

Не клімаціць

Сярод прычын фарміраванага адтоку прамых замежных інвестыцый з Беларусі галоўнай ён называе падзенне плацежаздольнага попыту ў краіне. «Падзенне вытворчасці, ВУП, рэальных даходаў насельніцтва і плацежаздольнага попыту з'яўляюцца асноўнымі фактарамі, якія паўплывалі на настроі інвестараў. Па выніках апытання 46 замежных арганізацый 33 з іх назвалі галоўным бар'ерам для інвеставання ў Беларусь падзенне плацежаздольнага попыту», — піша Руды. У 2015 годзе рэальныя даходы ўпалі на 5,9%, спажыванне — на 3,6%. Акрамя таго, пагаршэнне ўмоў для інвеставання можна звязаць са скарачэннем прадуктыўнасці працы, якая ў цэлым па беларускай эканоміцы за 2015 год у даляравым эквіваленце ўпала на 28%.

Праблемай стала неабходнасць вяртання замежнымі інвестарамі знешніх пазык. У адрозненне ад беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ў 2015 годзе з дапамогай падтрымкі дзяржавы змаглі рэструктурызаваць свае знешнія пазыкі, замежныя арганізацыі вымушаныя былі самастойна вяртаць крэдыты, што прывяло да скарачэння аб'ёмаў рэінвеставання прыбытку і адтоку капіталу з краіны.

Зніжэнне інвестыцый адбылося таксама з-за пагаршэння фінансавага стану арганізацый з замежным капіталам у 2014—2015 гг. і скарачэння прыбытку.

Руды звяртае таксама ўвагу на назапашаную рызыку скасавання інвестыцыйных пагадненняў. За 2009—2015 гг. у Беларусі было заключана 1844 інвестыцыйныя дамовы. З іх рэалізавана — 642 дамовы, скасавана — 663. Асноўнай прычынай скасавання стала невыкананне ўзятых інвестарам на сябе абавязацельстваў, якія аказаліся цяжкімі. «З улікам эмпірычна высокай імавернасці невыканання і скасавання інвестыцыйных дамоваў дадзеная рызыка з'яўляецца назапашвальнай і дасягае крытычнага ўзроўню, уплываючы на рашэнні новых інвестараў», — папярэджвае аўтар.

«У Беларусі ёсць культурныя асаблівасці, якія ў доўгатэрміновым перыядзе назапашваюць эфект і становяцца бар'ерамі для наўпростых замежных інвестыцый, — піша Руды. — Да найважнейшых з іх адносяцца арыентацыя на савецкае мінулае, на кароткатэрміновы вынік. У цэлым у Беларусі назіраецца спажывецкае стаўленне да замежнага інвестара. Па прычыне укаранёнай савецкай ментальнасці створаныя ў часы СССР дзяржаўныя прадпрыемствы захоўваюцца, не змяняючы рэальнага ўласніка, нягледзячы нават на іх акцыянаванне. Пры гэтым рызыка нацыяналізацыі разглядаецца як магчымасць аднавіць «народную» справядлівасць. Абмежаваная мабільнасць перш за ўсё старэйшых пакаленняў выцякае з такіх рысаў, як арыентацыя на савецкае мінулае, патэрналізм і калектывізм. Гэта вядзе да ментальнай ізаляцыі, правінцыйнасці, бар'ера да культурнай дыфузіі, фармавання дзіўнага светапогляду фантазіявання і веры ў неверагодныя рэчы». Аўтар прапануе правесці ў Беларусі прадуманую піяр-кампанію, накіраваную на развіццё рацыянальнага, а не эмацыйнага стаўлення да эканамічнай рэчаіснасці.

Сярод праблем ён таксама паказвае на назапашаны негатыўны міжнародны імідж. «Санкцыі, доўгатэрміновая палітычная ізаляцыя выхоўваюць у замежных інвестараў прадузятае стаўленне да Беларусі, часта не столькі рацыянальна-эканамічнае, колькі эмацыйную непрыязнасць. Рэгулярныя інвестыцыйныя форумы па папулярызацыі беларускага інвестыцыйнага клімату часам несупастаўляльныя з адной або некалькімі публікацыямі ў бізнэс-выданнях», — папярэджвае Кірыл Руды. У якасці прыкладу ён паказвае міжнародны бэстселер Алека Роса (памочніка Хілары). Беларусь прыводзіцца як прыклад інвестыцыйнай непрывабнасці і неразвітасці сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і супрацьпастаўляецца Эстоніі з яе электронным урадам, адкрытасцю да інавацый.

Экс-памочнік прэзідэнта звяртае ўвагу на праблему ўзмацнення сілавога ціску на эканоміку ў 2015 годзе, адзначаючы павелічэнне колькасці спраў у судзе па адміністрацыйных правапарушэннях у эканамічнай сферы да 13 361 з 9792 у 2014-м. Асноўны ўклад у сілавым ціску на беларускую эканоміку ў 2015 годзе ўнеслі МПЗ і ДМК.

Традыцыйна па пераважнай большасці спраў, якія дайшлі да суда, вынікам будзе накладанне спагнання.

Што рабіць

Пры гэтым пытанне прыцягнення наўпростых замежных інвестыцый застаецца крытычна важным для Беларусі. У прыватнасці, для аднаўлення і падтрымання эканамічнага росту, забеспячэння бяспекі ў валютнай, пазыковай, бюджэтнай і карпаратыўнай сферах. Па ацэнцы НДЭІ Мінэканомікі, для прыросту ВУП за 2016—2020 гг. на 10,1—15% (2—3% на год) неабходна за 5 гадоў прыцягнуць 9,3—9,6 млрд даляраў на чыстай аснове. Важныя інвестыцыі і для выхаду на бяспечны ўзровень ЗВР, і для ажыццяўлення непазыковага фінансавання валютнага доўгу.

«Зацяжны эканамічны крызіс у Беларусі, які выяўляецца ў падзенні ВУП і рэальных даходаў, не можа не мець сацыяльных наступстваў. Паводле наяўных ацэнак, рост беспрацоўя на 1% прыводзіць да росту самагубстваў на 1,3%. З улікам пазыковай і бюджэтнай абмежаванасці іншых варыянтаў, акрамя як адкрыццё эканомікі для ПЗІ (прамых замежных інвестыцый), для захавання сацыяльна-эканамічнай стабільнасці не прадбачыцца», — папярэджвае Руды.

У якасці асноўнай прапановы для правядзення зваротнага інвестыцыйнага развароту ПЗІ ў бок Беларусі можа стаць змена інвестыцыйнага клімату, які ўключае ў сябе ўжо не столькі сацыяльна-эканамічныя элементы, колькі інстытуцыйныя, адзначае ён.

Руды прапануе актывізаваць працу Рады па прыцягненні інвестыцый пры прэм'ер-міністры з трансфармацыяй Нацыянальнага агенцтва па прыватызацыі і інвестыцыях (з яе перападпарадкавання кіраўніку ўрада) у асноўнае акно і электронны партал для інвестараў. Важна таксама павысіць матывацыю дзяржслужачых у рабоце з замежнымі інвестарамі і ў цэлым змяніць фармат дзяржаўнай службы з пераходам на аказанне дзяржпаслуг.

Важным пунктам павінна стаць прававая абарона замежных інвестараў. Прапануецца, у прыватнасці, увядзенне пяцігадовага мараторыю на праверкі арганізацый з замежным капіталам, якія інвеставалі ў статутны фонд, а таксама фарміраванне стандартнай інвестдамовы, выключыўшы сацыяльныя і іншыя некамерцыйныя абавязацельствы з урадавай гарантыяй правоў уласнасці інвестара. «Гарманізацыя нацыянальнага заканадаўства з найбольш прывабнымі ў свеце інвестыцыйнымі цэнтрамі, выкарыстанне брытанскага права пры інвестыцыйных спрэчках, выключэнне рызыкі нацыяналізацыі. Асаблівы парадак прыватызацыі горадаўтваральных і манапольных арганізацый (напрыклад, вывад іх на IPO), адзіны спрошчаны планавы парадак малой прыватызацыі. Уцягванне свабодных вытворчых і сельгасплошчаў у абарот», — піша аўтар.

Руды таксама звяртае ўвагу на неабходнасць зніжэння выдаткаў замежных інвестараў: скарачэнне валютных абмежаванняў, выкарыстанне інвестарамі міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці, спрашчэнне доступу да зямельных, працоўных, прыродных, энерга- і іншых рэсурсаў, скарачэнне рэгістрацыйных працэдур, неабмежаваная магчымасць рэпатрыяцыі прыбытку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?