Пасля затрыманняў траіх беларусаў, якія публікавалі свае допісы на расійскіх «імперскіх» сайтах, грамадства фактычна падзялілася. Хтосьці лічыць, што за думкі і погляды кідаць людзей у СІЗА нельга. Хтосьці — што за артыкулы, у якіх Беларусь называюць «недадзяржавай», павінен быць рэальны турэмны тэрмін.

«Наша Ніва» пацікавілася ў беларускіх палітыкаў, якой думкі прытрымліваюцца яны.

Таццяна Караткевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты

«Я казала, што меры ўладаў неадэкватныя. І па сёння я гэтак лічу.

Пры гэтым, я цалкам не згодная з тым, што пісалі гэтыя людзі. Гэта, вядома, абразы, агрэсія, ацэнкі нас і нашай незалежнасці… Гэта непрымальна. Гэта дзіка. Але што сёння адбываецца? Гэтыя людзі раптоўна затрыманыя, арыштаваныя, і мы нічога не ведаем, што там адбываецца і чаму, акрамя таго, што «Караткевіч падтрымала «рускі свет»».

А яны ж дзейнічалі ўжо даўно, і даўно можна было на іх звярнуць увагу. Чаму не завялі справу раней, не зрабілі яе публічнай?

Я не параўноўваю тэматыку «Рэгнума» і Пальчыса… але мы бачым, што ўлада застаецца рэпрэсіўнай. Іх жа ўзялі за палітыку, часткова. То бок у наступным месяцы могуць затрымаць яшчэ кагосьці? Для таго каб арыштаваць гэтых людзей, трэба было спачатку даказаць, што яны збіраюцца штосьці здзейсніць.

Я лічу, што больш карысным для грамадства было б рэагаванне на ўсіх узроўнях, а не толькі на ўзроўні МУС. Ёсць грамадства, ёсць спецыялісты, якія б маглі адрэагаваць, уступіць у дыскусію, уступіцца за Беларусь. Ёсць праваахоўнікі, ёсць гістарычныя, палітычныя, журналісцкія арганізацыі… Ёсць папярэджанні… Можна было б завесці справу, але не арыштоўваць.

Вы павінны зразумець, што я асуджаю гэтых публіцыстаў, я не згодная ані з адным іх тэзісам. Але сам факт гэтых рэпрэсій — ланцужок такі. Сёння гэтых арыштоўваюць — заўтра арыштуюць іншых. Пачнецца паляванне на ведзьмаў».

Мікалай Статкевіч, палітык, былы палітвязень

«Улада ўсё спрабуе прайсці паміж рускімі і «нацыяналістамі». Вось затрымалі і асудзілі «нацыяналіста» Эдуарда Пальчыса, які жорстка крытыкаваў Расію за яе дзеянні супраць незалежнасці суседніх дзяржаў. Цяпер па такім жа самым крымінальным артыкуле затрымалі беларускіх прапагандыстаў «рускага свету».

Але ж апошнія не толькі крытыкавалі мову, нашу нацыю, што само па сабе непрыемна, але яны ж называлі Беларусь «недадзяржавай». Па сутнасці, заклікалі да ліквідацыі Расіяй нашай дзяржаўнасці, што можа прывесці да вайны, крыві, гвалту, пакутаў нашага народа. Гэта не распальванне варожасці, гэта замах на нашую краіну, на нашую незалежнасць.

Беларускі рэжым паставіў на адну дошку тых, хто бароніць дзяржаўнасць нашай краіны, і тых, хто спрабуе яе знішчыць.

Адна справа, калі людзі ў сваёй хаце сварацца і крытыкуюць адзін другога ці суседзяў. Зусім іншая, калі нехта зазывае ў нашую агульную хату забойцаў, спрабуе падпаліць і разбурыць яе. Такія людзі — наводчыкі, гэта цяжкае злачынства, якое не мае нічога агульнага з палітычнай дыскусіяй і свабодай слова. Можна крытыкаваць усё, што заўгодна. Таму, калі казаць пра артыкул аб распальванні варожасці, то затрыманне, СІЗА — гэта можа і надта жорстка. Але калі ты штурхаеш сваю ж краіну ў кроў і вайну — гэта адназначна злачынства. І за гэта меры стрымання выбраныя адэкватныя.

Праўда, можа і не варта было абыходзіцца з імі так жорстка па іншай прычыне — не рабіць з іх лідараў новай апазіцыі, якая і так прысутнічае ў грамадстве. Але гэта палітычны момант. Што ж тычыцца моманту юрыдычнага — даруйце, але што ж, вайны хочаце? Стаць «настаяшчымі рускімі»?

Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі

«Праблема ёсць. Але мы не спяшаемся пакуль рабіць нейкія гучныя заявы, бо мне складана спрагназаваць, што будзе адбывацца. Улада ж можа ўраўнаважыць гэтыя затрыманні іншымі, каб заняць больш моцную пазіцыю ў пытанні з Масквой. Умоўна кажучы, затрымаць трох «нацыяналістаў». Гэта насцярожвае, таму трэба пачакаць і паглядзець, што гэта ёсць на самой справе. Калі гэта заклапочанасць дзяржавы праблемай «Рускага свету» як знешняй пагрозы — гэта адна сітуацыя. Калі гэта спроба на ўсякі выпадак зачысціць інфармацыйную прастору (падчас эканамічнага крызісу такая спакуса заўсёды ёсць) — то сітуацыя зусім іншая.

Разам з тым, праблема не толькі ў гэтых асобах. Праблема ў беларускіх сродках масавай інфармацыі, якія ў той ці іншай ступені таксама транслююць ідэі «рускага свету». Ды і магутны рэсурс расійскіх інфармацыйных каналаў транслюецца ў нас — і гэта значна большая праблема.

Таму, калі гэта свядомая палітыка, то варта было б таксама пусціць у Беларусь украінскі канал, даць нармальна працаваць таму ж Белсату, іншым мас-медыя, якія інакш глядзяць на падзеі ў Беларусі.

Што ж тычыцца затрыманняў — то галоўнае, каб было эфектыўна. Мне вельмі не падабаецца, калі хтосьці ў сваім доме харкае на падлогу ці распісвае сцены лозунгамі. Як мусіць рэагаваць улада — ці кідаць у СІЗА, ці пакінуць на волі пад падпіскай — хай аналізуюць праваабаронцы. Але ж праблема існуе, і рэакцыя на яе павінна быць».

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду»

«Любая дзяржава мае права бараніць свае нацыянальныя інтарэсы. Калі гутарка ідзе пра парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці ці інкарпарацыю часткі краіны ў склад іншай дзяржавы — то гэта трапляе пад крымінальнае злачынства.

Я шчыра скажу, дэтальна не вывучаў, што пісалі тыя блогеры. Але з публікацый у СМІ я зразумеў, што яны працавалі на карысць Расіі, іх допісы аплочваліся. Таму гэта з’яўлялася часткай інфармацыйнай вайны супраць Беларусі, можа гэта было нават падрыхтоўкай грамадскай думкі да больш сур’ёзных дзеянняў па прыкладзе падзеяў ва Украіне. Таму следства павінна расставіць кропкі. Калі будзе больш інфармацыі — будзем рабіць дакладныя высновы».

Сяргей Калякін, лідар партыі левых «Справядлівы свет»

«Я лічу, што іх арыштавалі абсалютна незаконна. Бо калі арыштавалі іх, то трэба было арыштоўваць першым Лукашэнку, бо я памятаю яго выказванне пра тое, што беларусы — гэта рускія са знакам якасці, таксама ён казаў, што на беларускай мове нічога істотнага нельга зрабіць… Таму калі арыштоўваць за такое, то павінна быць раўнапраўе да ўсіх.

На мой погляд, чалавек мае права выказваць сваё меркаванне па любым пытанні, у тым ліку і па нацыянальным, і па пытанні дзяржаўнасці, гэта не злачынства, калі ён ні да чаго не заклікае, калі яго дзеянні не трапляюць пад адпаведныя артыкулы крымінальнага кодэксу.

Таму аніякага права ў гэтых арыштах няма — чыста палітыка. Чаму гэта было зроблена, сказаць цяжка. Можа, у сувязі з ускладненнем адносінаў паміж беларускім кіраўніцтвам і расійскім, там не вырашаны шэраг пытанняў з Расіяй — і гэта нейкі сігнал? Але ж гэта вельмі непісьменны сігнал, які не прывядзе да чагосьці добрага.

Сам я спецыяльна пачытаў іх артыкулы пасля затрыманняў. Не скажу, што з усім згодзен, але ж крыміналу там няма».

Чытайце таксама:

«Ала Бронь»: у Брэсце затрыманы аўтар артыкула пра Беларусь як недадзяржаву

Затрыманы Юрый Паўлавец пісаў на «Рэгнуме» пад псеўданімам Мікалай Радаў пра тое, што ў Беларусі хочуць ваяваць з Расіяй

Следчы камітэт пацвердзіў затрыманні Паўлаўца і Алімкіна

Трэцім затрыманым адэптам «рускага свету» стаў карэспандэнт «Рэгнума» ў Беларусі Сяргей Шыптэнка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?