Савет міністраў Беларусі і яго прэзідыум у першым паўгоддзі 2017 года разгледзяць 26 пытанняў. Гэта прадугледжана планам працы гэтых органаў урада на першае паўгоддзе 2017 года, зацверджаным пастановай ад 9 снежня 2016 года № 1010.

У прыватнасці, на пасяджэннях Саўміна плануецца разгледзець вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за 2016 год, а таксама за студзень—сакавік 2017 года.

На пасяджэнні прэзідыума Саўміна будуць вынесены пытанні аб канцэптуальных асновах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год і на перыяд да 2020 года, кірунках бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Беларусі на 2018 год і сярэднетэрміновай фінансавай праграмы на 2018—2020 гады.

Акрамя гэтага, плануецца абмеркаваць прынятыя меры па завяршэнні мадэрнізацыі арганізацый дрэваапрацоўчай галіны і стабілізацыі іх фінансава-эканамічнага становішча, па павышэнні эфектыўнасці працы арганізацый цэментнай і шкляной прамысловасці, па аздараўленні арганізацый аграпрамысловага комплексу, інвеставанні АПК і рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу ў Беларусі на 2016—2020 гады.

Размова таксама пойдзе аб эфектыўнасці прынятых мер па развіцці грамадскага харчавання і павышэнні якасці паслуг, аб захадах, якія робяцца органамі дзяржкіравання па выдзяленні першага працоўнага месца выпускнікам устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Разам з гэтым удзельнікі пасяджэнняў прэзідыума разгледзяць пытанні развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства, унутранага воднага і марскога транспарту, а таксама пытанні эфектыўнасці вытворчасці і перапрацоўкі айчыннага льновалакна.

Абмяркоўвацца будуць і пытанні аб арганізацыі працы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, аб нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, а таксама аб інавацыйным развіцці Беларусі.

Сярод іншага запланавана выязное пасяджэнне прэзідыума Саўміна, дзе на базе аднаго з раёнаў рэспублікі будзе разгледжана пытанне аб павышэнні ўзроўню канкурэнтаздольнасці эканомікі рэгіёнаў, у тым ліку за кошт развіцця малога і сярэдняга бізнесу, стварэння новых працоўных месцаў і ўключэння ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца або выкарыстоўваецца неэфектыўна.

Асобна на адным з пасяджэнняў будзе заслухана справаздача міністра прамысловасці аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці арганізацый Мінпрама і захадах, якія прымаюцца па павышэнні якасці прадукцыі, што выпускаецца імі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?