AP

AP

Прэзідэнт Філіпінаў Радрыга Дутэртэ заявіў, што асабіста забіваў падазраваных у здзяйсненні злачынстваў, калі быў мэрам горада Даваа, паведамляе ria.ru са спасылкай на агенцтва Франс Прэс.

Абраны ў маі на пасаду кіраўніка дзяржавы Дутэртэ выступае за поўнамаштабную барацьбу з наркаманамі, а таксама тымі, хто распаўсюджвае забароненыя рэчывы. Паводле апошніх дадзеных паліцыі, за апошнія месяцы ў краіне былі забітыя каля трох тысяч чалавек, звязаных з наркагандлем.

«У Даваа я рабіў гэта асабіста. Проста каб паказаць хлопцам (паліцыі), што калі я магу гэта зрабіць, чаму ж не змогуць яны», — распавёў Дутэртэ.

«Я ездзіў на матацыкле па Даваа і патруляваў вуліцы. Я насамрэч шукаў якую-небудзь сутычку, каб забіць каго-небудзь», - заявіў прэзідэнт, дадаўшы, што не мае намеру спыняць распачатую кампанію.

Радрыга Дутэртэ быў мэрам Даваа на працягу сямі тэрмінаў. Усяго ён займаў гэту пасаду на працягу больш за 22 гадоў.

Сусветная грамадскасць неаднаразова асуджала метады барацьбы з наркагандлем на Філіпінах. Эксперты ААН у галіне правоў чалавека заклікалі ўлады спыніць бязладныя забойствы і адмовіцца ад пакаранняў смерцю падазраваных, у дачыненні да якіх не было праведзена паўнавартаснае судовае разбіральніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0