09.07.2008 / 09:53

Беларусы хочуць сядзець на двух крэслах 7

Сацыёлягі Незалежнага інстытуту сацыяльна‑эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (Вільня) кажуць пра «геапалітычную дыхатамію беларусаў». Моцным магнітам застаецца Расея. Але каля траціны суайчыньнікаў аддаюць перавагу Эўразьвязу.


Сацыёлягі Незалежнага інстытуту сацыяльна‑эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД, Вільня) кажуць пра «геапалітычную дыхатамію беларусаў». Прасьцей кажучы — раздвоенасьць. Моцным магнітам застаецца Расея. Але каля траціны суайчыньнікаў аддаюць перавагу Эўразьвязу. Гэтую раздвоенасьць чарговы раз зафіксавала чэрвеньскае нацыянальнае апытаньне НІСЭПД.

Сацыёлягі, якія ўжо шмат гадоў ладзяць зандаж настрояў беларускага грамадзтва, рэгулярна задаюць і такое правакатыўнае, калі хочаце, пытаньне: «Калі б давялося выбіраць паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз, што б вы выбралі?».

Ніжэй вашай увазе прапануецца табліца з разьмеркаваньнем адказаў у працэнтах.

Варыянт адказу09’0306’0412’0506’0601’0705’0712’0703’0806’08
Аб’яднаньне з Расеяй47,647,751,656,548,547,347,545,350,3
Уступленьне ў Эўрапейскі зьвяз36,137,624,829,333,634,733,333,432,4

Як бачым, пакуль што Расея тут пераважвае. Але і доля прыхільнікаў ўваходжаньня ў ЭЗ немалая: ужо некалькі гадоў яна трымаецца ў раёне траціны насельніцтва (то трохі болей, то крыху меней, як было вось зараз у чэрвені — 32,4%).

Як вядома, тры былыя рэспублікі савецкай Прыбалтыкі даўно ўжо і ў ЭЗ, і ў NATO. Зараз курс на збліжэньне з Эўразьвязам і Паўночнаатлянтычным альянсам узялі, у прыватнасьці, у Кіеве. Адметна, што беларусы даволі спакойна ставяцца да намеру яшчэ дзьвюх постсавецкіх краін — Украіны ды Грузіі — увайсьці ў NATO. Пра гэта сьведчыць наступная табліца.

Разьмеркаваньне адказаў на пытаньне: «Кіраўніцтва Украіны и Грузіі хоча, каб іх краіны сталі чальцамі NATO. На ваш погляд, ці ўяўляе пагрозу для Беларусі ўступленьне гэтых краін у NATO?»

Варыянт адказу %
Не 47,5
Так 38,8
Цяжка адказаць/Не адказалі 13,7

Варта адзначыць, што такое пераважна спакойнае, талерантнае стаўленьне да выбару Кіева і Тбілісі кантрастуе з тым выкрывальніцкім імпэтам, які характэрны для беларускіх дзяржаўных СМІ, калі яны закранаюць гэтую тэму.

Як паказваюць зьвесткі НІСЭПД, нашы суайчыньнікі ня надта вядуцца на вуду прапаганды і ў пытаньнях жыцьця ЭЗ. Так, сёлета ў сакавіку на пытаньне «Дзе, на ваш погляд, лепей жывецца насельніцтву — у Беларусі або краінах ЭЗ?» 52% адказалі, што «там», і толькі 20,8% — што ў нас.

38,3% мяркуюць, што нашы суседзі — палякі, літоўцы ды латышы — пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз сталі жыць лепей, і толькі 12,8% рэспандэнтаў трымаюцца адваротнага меркаваньня. Цікава, што ў сьнежні 2005 году прапорцыя была яшчэ на карысьць тых, хто лічыў, што нашы суседзі трапілі бы той шчупак у нерат.

Доля тых, хто хацеў бы пераехаць у іншую краіну на сталае месца жыхарства — 44,7%.

Але асабліва ўразіла па выніках апытаньня ў сьнежні 2007 году доля тых, хто хацеў бы пераехаць у іншую краіну на сталае месца жыхарства — 44,7%. Амаль што палова беларусаў! Яшчэ болей — 47,7% апытаных выказалі жаданьне часова папрацаваць у якой‑небудзь краіне ЭЗ. Адыміце пэнсіянэраў, якія складаюць у нас траціну дарослых, і атрымліваецца, што ледзь ці ня усё працаздольнае насельніцтва марыць зарабіць трохі грошай у аб’яднанай Эўропе.

Дасьледчыкі не без іроніі зазначаюць: вось вам яскравае сьведчаньне, як насельніцтва ацэньвае эфэктыўнасьць «беларускай мадэлі».

Сьмех сьмехам, але ж пакуль выглядае на тое, што беларус ня супраць прыехаць у Эўропу на гатовенькае, то бок ласы на чужыя кілбасы, аднак ня надта схільны рабіць перамены ва ўласнай краіне. А шкада.

Даведка:
Апытаньне грамадзкай думкі, прысьвечанае найважнейшым праблемам жыцьця беларусаў,праведзена незалежнымі сацыёлягамі ў чэрвені 2008 году. Мэтадам face‑to‑face interview апытаныя 1 502 рэспандэнта ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшыя. Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці не перавышае 0,03.

Паводле: Алесь Уладамірскі, БелаПАН

0
klv / Адказаць
09.07.2008 / 12:00
Ведаю сям'ю, дзе бацькі предпенсійнага ўзросту вельмі ганарацца тым, што дзеці жывуць і працуюць у замежжы, а самі з задавальненнем ходзяць на парады "картофелекапалак".І нават вышэйшая адукацыя не перашкаджае такому спалучэнню.
0
Scooter / Адказаць
09.07.2008 / 12:54
Нейкія супярэчлівыя вынікі атрымаліся, з аднаго боку яны хочуць "папрацаваць" у Эўропе, а з другога боку баяцца яе як агня - гатовы "ўступіць" у Расею, абы не ў Эўропу. Дзе ж лёгіка?
0
Янка / Адказаць
09.07.2008 / 13:24
Кепскае пытаньне задаюць нашыя сацыёлагі. Уявіце сабе, што на рэферэндуме ў Літве людзей просяць выбраць паміж аб'яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем ў ЭЗ. Не атрымліваецца? Правільна. Бо на рэферэндумах пытаньне ставіцца толькі наконт адной краіны, а што робіцца ў галовах людзей - тое пытаньне другаснае...
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру