17.12.2016 / 23:20

Стваральнік Maps.me Юрый Мельнічак апісаў будучыню Беларусі і чалавецтва 41

Праграміст-візіянер прадбачыць адміранне дзяржавы ў яе сучасным выглядзе.

Беларускі праграміст Юрый Мельнічак, сузаснавальнік картаграфічнага сэрвісу MAPS.ME, які мае досвед працы ў кампаніях Google, eBay і Mail.Ru Group, стварыў новую праграму на аснове нейронных сетак для апрацоўкі выяў Fabby. «Наша Ніва» пагутарыла з ім пра гэты праект, а заадно і пра глабальны кантэкст.

Пакуль што дадатак працуе толькі на iOS, але праз некалькі месяцаў з’явіцца версія і для прылад на Android. Інвестыцыі ў праект склалі да 1 мільёна даляраў.

— Юрый, што на сёння ўяўляе з сябе ваш новы праект?

— Мы выпусцілі мабільны дадатак, які апрацоўвае вашы фотаздымкі і дазваляе мяняць іх фон. Напрыклад, вы можаце стылізаваць свае фоты пад коміксы. У будучыні праграма будзе працаваць і з відэа. Канечне, на сёння гэта больш забаўляльны дадатак. Але мы працуем і над тым, каб тэхналогія мела і больш практычнае прымяненне. Уявіце, што вам неабходна зрабіць важны відэавыклік, напрыклад, начальніку, а годнага фону няма. Дадатак дазволіць зрабіць гэта ў любых абставінах.

— Гэта, напэўна, карысная рэч. Але ж з нейроннымі сеткамі можна рабіць і нешта іншае?

— Так. Канкрэтна гэты праект часткова забаўляльны, часткова вырашае праблему камунікацыі.

Але ў перспектыве мы хочам пабудаваць у Беларусі цэнтр кампетэнцыі, які будзе займацца даследаваннем нейронных сетак і прымяненнем гэтых даследаванняў у прыкладных прадуктах.

Fabby — гэта наш пілотны праект. Але мы верым, што ўсё будзе пашырацца і развівацца і ў іншых кірунках.

— Чым нейронныя сеткі змогуць дапамагчы чалавецтву? Як яны зменяць наша жыццё?

— Нейронныя сеткі — гэта такая матэматычная мадэль, натхнёная тым, як створаны наш мозг. Яна дазваляе камп’ютару добра вырашаць задачы, якія да гэтага яму не даваліся. Напрыклад, адрозніць на відэа катоў ад сабак, ідэнтыфікаваць чалавека, распазнаць галасы спікераў, канвертаваць аўдыёзапіс у тэкст.

Задачы, якія зараз выконваюцца людзьмі, у далейшым будуць актыўна выконвацца машынамі. Адрозніць прыгожае ад непрыгожага, бяспечнае ад небяспечнага… Раней мы не маглі такое даручыць камп’ютару, а зараз яны змогуць лёгка гэтаму даваць рады.

— Але што стане з людзьмі? Некаторыя баяцца, што машыны паняволяць свет і месца ў ім чалавеку не застанецца.

— Думаю, што гэта, хутчэй, пытанне да фантастаў. Пакуль што, на найбліжэйшую перспектыву,

камп’ютары ўсё яшчэ вельмі «тупыя». Мадэлі на аснове нейронных сетак проста дазваляюць вырашаць больш сур’ёзныя задачы.

— То бок яны не наблізяцца да чалавечага мозгу?

— У найбліжэйшы час — не. Але я веру, што ўрэшце нам усё ж удасца стварыць інтэлект, які істотна дапаўняе наш.

— Некаторыя лічаць, што са з’яўленнем калькулятара людзі пачалі горш лічыць у галаве. Ці не баіцеся Вы, што калі камп’ютары будуць маляваць карціны, пісаць вершы і музыку, чалавецтва дэградуе, таму што ў чалавека не будзе ніякіх стымулаў для ўласнага развіцця?

— Прывяду іншы прыклад.

Калі курыца пачала прадавацца ў магазіне — людзі развучыліся паляваць. Але няўжо гэта так дрэнна?

Насамрэч, калі паглядзець на тое, чаму навучыліся камп’ютары ў плане малявання, то яны навучыліся пераймаць стыль мастака. І робяць яны гэта вельмі прымітыўна. Нават выпускнік мастацкага вучылішча можа пераймаць стыль Ван Гога нашмат лепей і разнастайней. Я ўжо не кажу пра стварэнне ўласных стыляў. У гэтым сэнсе мне здаецца, што

чалавек наперадзе камп’ютараў у тым, што тычыцца крэатыўнасці і новых ідэй. А ў плане выканання манатоннай працы — так, камп’ютары цалкам зоймуць гэтую нішу і выціснуць чалавека. Робаты-пыласосы ўжо ёсць, беспілотныя аўтамабілі хутка стануць нормай. Але прыдумаць нешта новае камп’ютары не могуць. І пакуль незразумела, як іх гэтаму навучыць.

— Над новым праектам вы працуеце ў Мінску. Як думаеце, ці зможа IT-сфера стаць лакаматывам росту нашай эканомікі і спрыяць пазітыўным сацыяльным зменам?

— Я думаю, што

калі ў Беларусі IT не зарэгулююць, як гэта адбываецца ў Расіі, то гэтая сфера будзе і далей развівацца.

Ужо зараз маладым людзям, якія сканчаюць школу, зразумела, што калі хочацца жыць у сваёй краіне і пры гэтым атрымліваць годны заробак, то ў Беларусі, напэўна, IT — адзіны варыянт. У гэтым сэнсе IT ужо грае важную ролю. Людзі, якія гатовы натужыцца, ісці вучыцца і развівацца, каб жыць годна — яны маюць магчымасць зрабіць гэта ў нашай краіне, сумленна зарабляючы.

Спрашчэнне вядзення бізнэсу ў нашай краіне толькі б спрыяла развіццю гэтай сферы.

— Свет вакол нас змяняецца. Якія б асноўныя трэнды вы выдзелілі?

Па-першае, значна зменіцца рынак працы. Людзі будуць працаваць менш, каб забяспечыць сабе годны ўзровень жыцця. Альбо будзе скарачацца працоўны тыдзень, альбо павялічыцца беспрацоўе і дзяржава будзе плаціць вялікую дапамогу па беспрацоўі.

— А канцэпцыю безумоўнага базавага даходу можна будзе рэалізаваць, як гэта спрабавалі зрабіць у Швейцарыі? 

— Гэта адзін з варыянтаў вырашэння праблемы. Я ўсё ж такі думаю, што чалавецтва прыйдзе да іншага. Але ёсць сапраўдная праблема ў тым, што

мы зможам аўтаматызаваць шмат работ, якія зараз неаўтаматызаваныя. Зборшчык дэталяў, кіроўца транспарту, грузчык — усе гэтыя прафесіі будуць цалкам аўтаматызаваныя. Людзі будуць працаваць толькі ў такіх сферах, як IT, нейкіх крэатыўных індустрыях, медыцыне. Хаця і з медыцынай ёсць пытанні.

Шмат людзей проста застануцца без працы. І гэтую праблему трэба неяк вырашаць.

Кансерватыўны сцэнар, які, я думаю, адбудзецца, заключаецца ў тым, што працоўны тыдзень будзе скарачацца. Прыкладна з 40 гадзін да 20. Безумоўны базавы даход — альтэрнатыўнае рашэнне.

Другая тэндэнцыя, якую хацелася б выдзеліць, — глабалізацыя бізнэсу.

Калі мы працавалі над maps.me, каманда была ў Мінску. У нейкі момант аказалася, што найбольшай папулярнасцю нашы мапы карысталіся на Філіпінах. Ніхто з нас ніколі не гаварыў па-філіпінску, ніхто з каманды ніколі там не быў, мы вельмі дрэнна разумеем культуру гэтай краіны і тое, што там адбываецца. Але фізічна знаходзячыся ў Беларусі, мы зрабілі прадукт, папулярны там.

І я думаю, што такое будзе адбывацца паўсюдна.

Напрыклад, бабуля вяжа шкарпэткі. Яна зможа іх без праблем прадаваць праз сайт у Японію альбо Аляску. Каналы дыстрыбуцыі бізнэсу стануць глабальнымі.

З гэтай глабалізацыяй пакуль незразумела, што будзе адбывацца з дзяржавамі. Гістарычна дзяржавы выконвалі функцыі збору падаткаў, стварэння супольных правілаў гульні і забеспячэння бяспекі.

Цяпер, калі ты падарожнічаеш практычна ў любы пункт свету, ты адчуваеш сябе даволі бяспечна. То бок бяспека ўжо больш-менш забяспечваецца на глабальным узроўні. Таму фактычна дзяржавы становяцца такімі зонамі з рознымі правіламі гульні і спосабамі ідэнтыфікаваць чалавека. Хаця прэрагатыву ідэнтыфікацыі ў дзяржавы зараз адбіраюць сацсеткі тыпу Facebook.

Глядзіце, раней пры працаўладкаванні ў чалавека заўсёды патрабавалі працоўную кніжку. А цяпер з’явіліся працадаўцы, якім яна непатрэбная. Пытанне ідэнтыфікацыі і праверкі адэкватнасці чалавека таксама забіраецца ў дзяржавы.

У свеце ёсць афшорныя зоны, якія прыцягваюць да сябе кампаніі з усяго свету нейкімі бонусамі. Атрымліваецца, што ў розных дзяржаў становіцца мала таго, што іх адрознівае адна ад адной. З аднаго боку, канкурэнцыя паміж дзяржавамі павялічваецца, з іншага — адрозненняў паміж імі становіцца менш.

— То бок усе спробы вярнуць вытворчыя магутнасці ў развітыя краіны, а таксама вярнуцца да канцэпцыі «нацыянальнай дзяржавы» марныя? Глабалізацыя непазбежная?

— Так, і ўсяму гэтаму ёсць эканамічнае абгрунтаванне. Нават у Расіі ўжо гэта прызнаюць. Калі паглядзець на які-небудзь мясцовы прадукт, мы зможам пабачыць, што ён складаецца з выніку працы людзей з усяго свету. Гэта тычыцца і расійскіх пасажырскіх самалётаў, і амерыканскіх аўтамабіляў Tesla, якія збіраюцца з запчастак з усяго свету.

Сама вытворчасць стане больш мабільнай. Калі на заводзе працуюць толькі робаты, прасцей стварыць яго копію ў іншай краіне. Tesla — яркі прыклад гэтых працэсаў. Пры гэтым тэхналогіі, кампаненты і матэрыялы будуць з усяго свету.

Ды і нават вытворчасць кантэнту цяпер — глабальная рэч.

Калі чалавецтва мысліць глабальна — мы рухаемся значна хутчэй. І ўсе спробы абмежаваць гэта і выбіраць толькі нацыянальны прадукт у выніку прыводзяць да неканкурэнтназдольнасці і заняпаду вытворчасці.

— А як рэгулюючыя органы дзяржаў будуць паспяваць за імклівым развіццём тэхналогій? Напрыклад, мы ведаем, што ў ЗША ёсць праблемы з выкарыстаннем дронаў і беспілотных машын праз адсутнасць неабходнай юрыдычнай базы. Як гэта будзе вырашацца?

— Як я ўжо адзначыў, дзяржавы будуць канкураваць паміж сабой і імкнуцца стварыць найспрыяльнейшыя ўмовы. Напрыклад, у большасці краін свету забароненыя эксперыменты на чалавечых эмбрыёнах. А ў Кітаі, наадварот, яны дазволеныя. Таму мы і бачым на сёння, што Кітай лідар у гэтай сферы. 

Таксама цяпер ствараюцца адмысловыя сістэмы на аснове блокчэйна для праграмавання дамоваў, дзе яны будуць выконвацца аўтаматычна. Адпаведна —

у нейкі момант дзяржавы страцяць манаполію на прававое рэгуляванне. А камерцыйныя арганізацыі змогуць дамаўляцца наўпрост, без пасрэдніцтва судовай і арбітражнай сістэм.

Гутарыў Максім Маханькоў

1
я тут / Адказаць
14.12.2016 / 22:14
Саша Лукашенко точно расстроится если прочитает - что жил то зря...
0
Хрэн&рэдзька / Адказаць
14.12.2016 / 22:31
Надо раздеваться и работать!
8
1 / Адказаць
14.12.2016 / 23:26
ці здольная хіпстота перажыць банальнае адключэнне электрычнасці хаця б на дзень? вось пра што думаць трэба.
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру