У Беларусі маладым спецыялістам, якія адмовіліся ад размеркавання, цяпер не прыйдзецца вяртаць стыпендыі за гады навучання, вынікае з пастановы ўрада ад 7 снежня № 998, тэкст якога размешчаны на сайце Саўміна.

Гэтым дакументам, які набыў моц пасля афіцыйнага апублікавання, унесеныя змены ў пастанову «Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на працу, наступнага накіравання на працу выпускнікоў, кампенсавання затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых», што дзейнічае з 2011 года.

Змены датычацца парадку кампенсацыі сродкаў, якія дзяржава выдаткавала на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага. Выдаткі на сацыяльную падтрымку, у прыватнасці стыпендыі, бясплатнае харчаванне, траты на ўтрыманне інтэрнатаў зараз не трэба будзе кампенсаваць пры адмове студэнта ад размеркавання.

У суму затрачаных дзяржавай сродкаў, якія ў такім выпадку неабходна вярнуць, у новай рэдакцыі дакумента ўваходзяць зарплата рабочых і служачых, узносы на сацыяльнае страхаванне, мяккі інвентар і абмундзіраванне, іншыя расходныя матэрыялы і прадметы забеспячэння, камандзіроўкі і службовыя раз'езды, аплата транспартных паслуг, аплата паслуг сувязі, аплата камунальных паслуг, аплата бягучага рамонту абсталявання і інвентару, а таксама іншыя бягучыя выдаткі.

Сума сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку аднаго навучэнца за поўны каляндарны год падрыхтоўкі, разлічваецца шляхам дзялення бягучых фактычных выдаткаў на падставе гадавой бухгалтарскай справаздачнасці на прыведзеную сярэднюю колькасць навучэнцаў. Таксама пастанова вызначае, як разлічваюцца сумы ў выпадку няпоўнага года навучання, а таксама ўстанаўлівае методыку разліку сярэдняй колькасці навучэнцаў устаноў адукацыі.

Сістэма абавязковага размеркавання выпускнікоў ВНУ і ССНУ, якія навучаюцца за кошт бюджэтных сродкаў, застаецца сярод тых складнікаў сістэмы адукацыі, што найбольш крытыкуюцца. Як паведамлялася, беларускія студэнцкія арганізацыі і ініцыятывы ў лістападзе запусцілі кампанію па рэфармаванні сістэмы размеркавання ў Беларусі. На электроннай пляцоўцы zvarot.by з'явілася магчымасць падпісаць калектыўны зварот у Міністэрства адукацыі і Палату прадстаўнікоў з прапановай рэфармаваць сістэму размеркавання выпускнікоў ВНУ і ССНУ.

Асноўным ініцыятарам звароту выступіла моладзевая няўрадавая арганізацыя «Студэнцкая рада». У сваім звароце яе члены заяўляюць, што «прымусовае размеркаванне супярэчыць ратыфікаваным Беларуссю канвенцыям МАП «Аб прымусовай працы» і «Аб скасаванні прымусовай працы». Звяртаецца ўвага на тое, што студэнт, які навучаецца за кошт бюджэту, не мае права выбару працоўнага месца і не можа адмовіцца ад прапанаванага варыянту без негатыўных наступстваў для сябе. Таксама адзначаецца, што статус маладога спецыяліста і адпаведныя льготы атрымліваюць толькі выпускнікі бюджэтных аддзяленняў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?