Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у чацвёрты раз названы часопісам Forbes самым уплывовым чалавекам свету, піша ВВС.

AFP

«Расійскі прэзідэнт распаўсюдзіў уплыў сваёй краіны амаль у кожны куток зямнога шара; ад радзімы да Сірыі і прэзідэнцкіх выбараў у ЗША — Пуцін працягвае атрымліваць тое, што ён хоча», — тлумачаць сваё рашэнне ў часопісе.

У якасці пацверджання сваіх слоў журналісты нагадваюць аб тым, што расійскіх хакераў вінавацяць ва ўзломе паштовых сервераў членаў Дэмакратычнай партыі ЗША, што нібыта сыграла на руку кандыдату ад Рэспубліканскай партыі Дональду Трампу, які перамог на выбарах.

Расія абвінавачванні адпрэчвае. Аднак у Forbes упэўненыя, што ўплыў Пуціна вырасце яшчэ больш, калі Трамп зойме сваё месца ў Белым доме.

На другім месцы ў рэйтынгу аказаўся Трамп, а цяперашні прэзідэнт ЗША Барак Абама заняў толькі 48-е месца.

На трэцім месцы — канцлер Германіі Ангела Меркель, затым ідуць лідар Кітая Сі Цзіньпін і папа Францішак.

У дзясятку самых уплывовых людзей у свеце ўвайшла кіраўнік Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША Джанет Елен, а таксама бізнэсмены Біл Гейтс, Лары Пэйдж і Марк Цукерберг. 32-гадовы Цукерберг стаў самым маладым удзельнікам рэйтынгу.

З расіян у спіс, акрамя Пуціна, трапіў бізнэсмен Алішэр Усманаў як адзін з самых багатых людзей у Расіі, які мае бізнэс-інтарэсы ў самых розных галінах.

Летась таксама быў першым Пуцін, за ім — Ангела Меркель, а на трэцім месцы — Барак Абама.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?