Міністр абароны Андрэй Раўкоў жорстка адказаў Мікалаю Статкевічу з нагоды яго чарговага звароту ў Мінабароны.

У навіне пад назвай «У сувязі з чарговым зваротам, які мэтанакіравана скажае рэчаіснасць, грамадзяніна Статкевіча размяшчаем адказ кіраўніка ваеннага ведамства:

«М. Статкевічу. Калі вы не згодныя з міністрам абароны — гэта вашы праблемы. Двойчы — не паўтараю. А.Раўкоў».

Як паведамлялася ўчора, Ваенная камісія Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) падрыхтавала для Міністэрства абароны прапановы аб павышэнні гатоўнасці арміі да супрацьстаяння знешняй агрэсіі.

Кангрэс прапанаваў «вызначыць галоўным патрабаваннем для вайскоўцаў пры атэстацыях і прызначэннях на вышэйшыя пасады іх гатоўнасць абараняць дзяржаўную незалежнасць Беларусі ад пагроз з усіх без выключэння кірункаў».

Прапанавана таксама павысіць выдаткі на абарону да ўзроўню не меншага за 2% ВУП, а зарплату прафесійным вайскоўцам — да ўзроўню, які б забяспечваў даход на кожнага члена сям'і ў памеры не меншым за мінімальны спажывецкі бюджэт.

Беларускі нацыянальны кангрэс лічыць неабходным рэалізаваць канцэпцыю тэрытарыяльных войскаў.

Акрамя таго, БНК прапанаваў: «у ідэалагічнай працы ў арміі абапірацца перш за ўсё на тысячагадовую ваенную гісторыю беларускага народа без выключэнняў з яе дзеля задобрывання іншых дзяржаў»; «прысвойваць воінскім часцям назвы месцаў знакамітых перамог нашых продкаў і імёны іх славутых палкаводцаў»; «замовіць серыю фільмаў, прысвечаных значным падзеям нашай ваеннай гісторыі і яе найбольш выбітным палкаводцам».

Гэтыя прапановы вайсковая камісія БНК накіравала ў Міністэрства абароны.

Сам Статкевіч сказаў сёння «Нашай Ніве», што да спісу прапановаў прыкладаўся яшчэ і суправаджальны ліст, які не публікаваўся ў інтэрнэце — выглядае, што на яго і адказаў Раўкоў.

«Там казалася, што нас не пераканалі занадта аптымістычныя словы ў адказе міністра, у такім духу», — расказаў Статкевіч. 

Самога адказу Раўкова ён яшчэ не бачыў. 

Два тыдні таму Статкевіч разам з групай апазіыйных палітыкаў ужо звяртаўся ў Мінабароны з нагоды інфармацыі пра апытанне сярод беларускіх вайскоўцаў. Прычынай стала нядаўняе інтэрв’ю расійскага палітолага Валерыя Салаўя для Еўрарадыё, дзе ён заявіў, што, па дадзеных закрытага апытання, 70—80% беларускіх афіцэраў хацелі б аб’яднання з Расіяй. Падпісанты пыталіся, ці сапраўды было такое апытанне і як праводзіцца ідэалагічная і патрыятычная праца з вайскоўцамі.

Андрэй Раўкоў тады адказаў на наступны дзень, прычым па-беларуску.

«Рэспубліка Беларусь — суверэнная незалежная дзяржава са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, сярод якіх адным з галоўных, стратэгічных з’яўляецца забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу краіны, — адзначыў Раўкоў. — Інфармацыя аб правядзенні сярод афіцэраў беларускай арміі апытання на тэму аб’яднання Беларусі і Расіі з'яўляецца вымыслам. Падобныя апытанні супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны і ніколі ва Узброеных Сілах не праводзіліся».

«Беларуская армія — арганічная непадзельная частка свайго народа. Яе афіцэрскі корпус адданы Беларусі і гатовы абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу ў любых умовах абстаноўкі. Гэта адна з прычын, чаму Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь карыстаюцца высокім даверам у грамадстве, а іх афіцэрскі корпус — надзейны і здатны выканаць задачы па ўзброенай абароне Рэспублікі Беларусь», — зазначалася ў адказе Раўкова.

«Сістэма ідэалагічнай работы, у тым ліку патрыятычнае выхаванне ваеннаслужачых, уключаючы афіцэраў, забяспечвае падтрыманне высокага маральнага духу ваеннаслужачых і іх гатоўнасць абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь — гэта армія беларускага народа. І ні ў каго не павінна быць сумненняў, што пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта, Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі, у Беларусі і надалей будуць надзейна абаронены галоўныя каштоўнасці беларускага народа: суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу, а значыць — мір, стабільнасць і бяспека. Такім чынам, выказаныя Вамі сумненні наконт адданасці беларускіх афіцэраў сваёй Радзіме, беспадстаўныя. Такія сумненні ва ўласнай арміі не служаць справе гарантавання бяспекі суверэннай незалежнай Беларусі», — рэзюмаваў у тым адказе міністр абароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?