Упраўленнем Следчага камітэта па г. Мінску завершана расследаванне крымінальнай справы аб замаху на забойства настаўніцы з асаблівай жорсткасцю, у якім абвінавачваецца школьнік, паведаміла ў сваім фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

У ходзе следства ўстаноўлена, што каля 8:00 23 мая 2016 года непаўнагадовы жыхар г. Мінска, 2001 года нараджэння, знаходзячыся ў адным з кабінетаў гімназіі №74, дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю, нанёс настаўніцы рускай мовы і літаратуры не менш як 17 удараў нажом, у тым ліку, у вобласць жыццёва важных органаў. У сувязі з актыўным супрацівам пацярпелай, яе паведамленнем сваякам аб здзейсненым злачынстве і своечасовым аказаннем ёй кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, хлопец не змог давесці свой намер да канца.

У ходзе следства дапытана больш за 50 сведак, праведзены вялікі комплекс медыка-крыміналістычных, біёлага-генетычных і дактыласкапічных даследаванняў, адзначаецца ў паведамленні.

Па выніках судова-медыцынскай экспертызы, прычыненыя пацярпелай цялесныя пашкоджанні адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

Праведзеная ў дачыненні да непаўналетняга стацыянарная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза паказала, што абвінавачаны ў перыяд інкрымінуемых яму дзеянняў мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Следствам прад'яўлена абвінавачанне непаўналетняму па ч. 1 арт. 14, п. 6, 10 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Ужытая пракурорам мера стрымання ў дачыненні да абвінавачанага ў выглядзе заключэння пад варту пакінута ранейшай, адзначае Юлія Ганчарова.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?