Сайт belvpo.com (Вайскова-палітычны агляд) змясціў матэрыял «Русафобы Сівіцкі і Царык працуюць супраць беларускага народа і рызыкуюць апынуцца ў «амерыканцы». Аўтарам публікацыі выступіў нехта «Уладзімір Вуячыч» — гэта відавочны псеўданім і такога чалавека не існуе.

Кіраўнікі Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Юрый Царык і Арсень Сівіцкі называюцца ў матэрыяле «псеўдаэкспертамі, які старанна рэтранслююць варожыя ідэі ў беларускую медыяпрастору».

«Для распаўсюду ідэі ўварвання Расіі ў Беларусь парачка юных «экспертаў», якія не маюць ні спецыяльнай адукацыі, ні ведаў, ні досведу, стварыла нават цэлы Цэнтр стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў, а, дакладней, студэнцкі гурток па інтарэсах (палова аналітыкаў Цэнтра, а іх усяго шэсць, з'яўляюцца студэнтамі мінскіх ВНУ!)», — гаворыцца ў матэрыяле.

«Сівіцкі сцвярджае, што Расія ўварвецца на танках у Беларусь, каб напасці на Украіну, краіны Балтыі і Польшчу. Гэта значыць расійская частка рэгіянальнай групоўкі войскаў дзвюх краін будзе супрацьстаяць яе беларускай састаўной — Узброеным сілам Беларусі. Ці не абсурд? А можа гэта мэтанакіраванае нацкоўванне аднаго народа на іншы? Відавочна, з гэтым павінны разбірацца ці псіхіятры, ці следчыя органы», — піша ананім.

«У сілу адсутнасці жыццёвага досведу, Сівіцкі і Царык не разумеюць, што іх выкарыстоўваюць супраць сваёй жа дзяржавы і народа толькі з адной мэтай — раскалоць грамадства, пасеяць нянавісць, дыскрэдытаваць органы ўлады і навязаць беларусам чужыя ім погляды. І калі не спыніць падобных дзеячаў-экспертаў сёння, то заўтра Беларусь, як і любая іншая краіна, можа сутыкнуцца з дзесяткамі, а то і сотнямі падрыхтаваных у спецшколах НАТА функцыянераў, якія штурхаюць за грошы свае краіны ў прорвы хаосу», — робіцца выснова.

Мы папрасілі пракаментаваць публікацыю аднаго з герояў матэрыяла Арсеня Сівіцкага.

«Гэта не першага роду такая публікацыя, калі нас абвінавачваюць у русафобіі праз крытыку стратэгій Расіі на міжнароднай арэне. Рэагаваць на артыкул, напісаны ананімам, які не здольны нават працаваць з нашымі дадзенымі з адкрытых крыніц, не кажучы ўжо аб няведанні вайсковых тактычных нарматываў, не даводзіцца. За два гады ў наш адрас было дастаткова шмат падобных артыкулаў», — кажа спадар Сівіцкі.

Па яго словах, упершыню такія паклёпніцкія матэрыялы з’явіліся пасля таго, як эксперты пачалі аналіз па размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай вайсковай часткі. Тады Царык і Сівіцкі палічылі, што гэты крок будзе супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі. «Гэта было б уцягванне Беларусі ў падтрымку эскалацыйнага курсу Расійскай Фэдэрацыі, а гэта значыць паставіць сумнеў статус Беларусі як рэгіянальнага донара стабільнасці».

Адметна, што на гэты раз паклёпніцкі матэрыял з’явіўся пасля публікацыі «Як прайшлі перамовы ў Маскве» аб сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў лістападзе і «Арышты прарасійскіх публіцыстаў — ініцыятыва часткі сілавога блока», дзе разглядаюцца версіі іх затрымання.

Што тычыцца сайта, дзе з’явілася публікацыя, то Сівіцкі называе яго «зліўным бачком, які працуе ў інтарэсах замежных структур».

«Паказальна і тое, што гэты сайт зарэгістраваны ў расійскай даменнай зоне і знаходзіцца на сэрверах на тэрыторыі Расіі. Але ён належыць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які пражывае ў Мінску. На жаль, апошнім часам з’яўляецца шмат сведкаў таго, што некаторыя беларускія грамадзяне ўцягнутыя ў «актыўныя мерапрыемствы» расейскага боку, пры гэтым не толькі ў Беларусі, але і за мяжой».

«Гэты сайт транслюе ідэі, што падрываюць давер да міралюбнай і прадказальнай замежнай і вайсковай палітыкі Беларусі з боку міжнароднай супольнасці. Напрыклад, адна з іх — нібыта кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся на вайсковую прысутнасць Расіі ў нашай краіне. Тую самую думку расійскія дыпламаты закідваюць у еўрапейскіх краінах, каб зноўку ж падарваць імідж краіны».

«Відавочна, што ніякай згоды на апошніх перамовах паміж Лукашэнкам і Пуціным дасягнута не было. Гэта б падрывала б нацыянальны суверэнітэт і ўсе апошнія намаганні Беларусі на міжнароднай арэне», — лічыць Сівіцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?