Маці Сяргея Галіна Чыслава лічыць, што арышт мог адбыцца яшчэ 7 ліпеня.

«У аўторак чэкісты правялі ператрусы на кватэры маёй дачкі і на лецішчы. У дачкі канфіскавалі пакет з‑пад соку «Садочак», а таксама бляшанку з лакам, якая стаяла на бальконе. На лецішчы нічога не забралі. Напрыканцы ператрусу я запыталася, ці арыштаваны Сяргей. Мне адказалі, што ён быў затрыманы, але празь нейкі час адпушчаны. Таму я была спакойная», — кажа Галіна Чыслава.

У аўторак а 13-й ёй патэлефанавала адвакатка Апанасевіч, якая і паведаміла, што Сяргей Чыслаў знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна (туды цяпер зьмяшчаюць і падазроных па крымінальных злачынствах, бо Валадарка на рэканструкцыі).

Паводле Галіны Чыславай, апошні час ейны сын жыў і працаваў у Маскве, а ў Менск прыяжджаў часам толькі на выходныя да дзяўчыны. Падрабязнасьцей затрыманьня сваякі Сяргея ня ведаюць.

Нагадаем, што ўчора былі арыштаваныя Ігар Корсак і Міраслаў Лазоўскі, які ў свой час таксама мелі дачыненьне да «Белага легіёну».

Гэтая арганізацыя гуртавала моладзь у 1990-я, але апошнія гады прыпыніла дзейнасьць.

Арышты адбываліся па аднолькавай схеме. Супрацоўнікі КДБ 8 ліпеня праводзілі ператрусы на кватэрах актывістаў, а таксама іх родных, пасьля чаго адвозілі на допыт у гарадзкое ўпраўленьне, а ўжо адтуль зьмяшчалі ў сьледчы ізалятар на Акрэсьціна (справа ў тым, што Валадарка цяпер на рэстаўрацыі). Сваякам абяцаюць, што затрыманых зьмясьцілі ў турму толькі на трое сутак, але як яно будзе насамрэч ніхто ня ведае.

Цікава, што падчас ператрусаў з кватэраў цягнулі ўсё што можна. У Корсака канфіскавалі пакунак з балтамі і гайкамі, адны гумовыя пальчаткі, хаця ў кватэры іх было нашмат болей, а таксама пакеты з-пад соку, якія цёшча Ігара выкарыстоўвае для расады. У Міраслава Лазоўскага па пратаколе канфіскацыі 31 найменьне — ад сыстэмнага блёку кампутару да візытовак. У сястры Сяргея Чыслава забралі старую бляшанку з-пад лаку.

Жонцы Міраслава Лазоўскага далі спаткацца з мужам у сьледчым аддзеле міліцыі. Міраслаў пасьпеў перадаць толькі асабістыя рэчы. Пагаварыць ім не дазволілі.

Цешча Ігара Корсака Тацяна Цяцёркіна кажа, што 3 ліпеня сям’я знаходзілася на лецішчы. Вярнуліся яны ў Менску толькі а дзевятай вечара. «На сьвяткаваньне, натуральна, ніхто не хадзіў», — кажа жанчына. Як кажа жонка Ігара Вольга Корсак, сьледчым па справе яе мужа зьяўляецца капітан СУПР ГУУС Танана А.В.

Усім арыштаваным у раёне 35 гадоў. Выглядае на тое, што арышт былых сяброў «Белага легіёну» аналягічны ганебнаму зьмяшчэньню ў сьледчы ізалятар Паўла Красоўскага ў справе віцебскіх выбухаў. Ёсьць уражаньне, што мэта гэтых арыштаў – ня столькі пошук бамбіста, колькі стварэньне асацыяцый між тэрарыстамі і апазыцыяй.

Родныя арыштаваных трымаюцца спакойна, зь іх не ўпадае ў гістэрыю. У сераду сваякі перадалі ў камэру сваім мужам і сынам перадачы. Гэта ўсё беларускамоўныя сем’і. Цешча Корсака актыўная сяброўка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, а жонка Лазоўскага -- намесьніца старшыні МГА «Бацькаўшчына» і былая прэс-сакратарка Казуліна Ніна Шыдлоўская. Маладыя пераважна знаёміліся ў беларускіх тусоўках.

Ніна Шыдлоўская ў сераду змагла перадаць у камэру некаторыя рэчы. Па нашых зьвестках гэтымі днямі супрацоўнікі КДБ і міліцыі правялі ператрусы на кватэтарах іншых сяброў колішняга «Белага легіёну».

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0