Упраўленне Следчага камітэта па Мінску праводзіць праверку па факце самавольнай дамалёўкі графіці па вуліцы Магілёўскай у Мінску восенню гэтага года. Для дачы тлумачэнняў у сталічнае ўпраўленне СК выкліканыя як мінімум тры чалавекі, у тым ліку журналіст БелаПАН.

Гіганцкі малюнак, які сімвалізуе дружбу сталіц Беларусі і Расіі, быў нанесены на фасады двух дамоў па вуліцы Магілёўскай у чэрвені гэтага года напярэдадні правядзення Дзён Масквы ў Мінску па ініцыятыве прадстаўніцтва расійскай сталіцы. Працу выканаў яраслаўскі мастак Артур Кашак. Хлопчык на малюнку сімвалізуе Мінск, дзяўчынка — Маскву (на іх майках намаляваныя гербы гарадоў). Графіці выклікала шквал крытыкі і стала аб'ектам кпінаў у сацыяльных сетках.

У кастрычніку іншы мастак дамаляваў на графіці новы элемент — калючы дрот у вянку дзяўчынкі і букеце хлопчыка. У каментары БелаПАН ён растлумачыў свае дзеянні так: «Мне стала сорамна за падарунак сваіх маскоўскіх калегаў, і я вырашыў надаць гэтаму хоць нейкі сэнс. Калючы дрот - добры, шматслаёвы сімвал і цалкам дарэчны, калі гаворка ідзе пра адносіны Расіі з іншымі краінамі».

У лістападзе графіці вярнулі ранейшы выгляд. Як паведамляла прэс-сакратар Мінгарвыканкама Алена Мохор, гарадскія ўлады маюць намер выставіць рахунак невядомаму мастаку за праведзеную працу ў судовым парадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?