«На пастаўленае рэдакцыяй пытанне «гэта прагрэсіўная ініцыятыва ці дыскрымінацыя?» даю адказ — на маю думку, гэта прагрэсіўная ініцыятыва, — піша ў сваім фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч. — Калі яна, натуральна, не абмяжуецца толькі шыльдамі, а на практыцы гэтыя касы ад іншых адрознівацца нічым не будуць (так у нас нярэдка бывае).

Беларускамоўным грамадзянам, якія, калі адкінуць звычайна абыякавых да моўных пытанняў простых вяскоўцаў, складаюць у нашым грамадстве зусім невялікую меншасць, ці не ўпершыню ў гісторыі даецца гарантаваная, а не толькі патэнцыйна-верагодная магчымасць атрымаць у буйной сеткавай краме абслугоўванне на сваёй мове. За яе не трэба будзе змагацца, скандаліць і траціць час ды нервы на пошукі — проста падысці ў канкрэтна вызначанае і лёгкадаступнае месца ды атрымаць гэтую паслугу.

Ці не пра гэта менавіта мы гадамі і дзесяцігоддзямі марылі? Хай сабе нават як толькі пра самы мінімум таго, што павінна быць? Ну то і дзякуй Богу — першы крок уладальнікамі гіпермаркета зроблены, прытым яўна не па чыноўніцкай камандзе зверху, а па добрай ахвоце. За першым крокам з цягам часу могуць быць і наступныя. А могуць і не быць — асабліва калі мы зараз замест удзячнасці будзем ініцыятараў гэтага кроку гнеўна дзяўбсці, напісаўшы на сваіх сцягах неканструктыўны максімалісцкі лозунг «усё або нічога». Усё ж такі мы відавочна не ў такой сіле, каб ставіць камусьці ультыматумы — хоць мо ў каго і закружылася галава ад паўфантомнай «мяккай беларусізацыі».

Усялякія ж згадкі пра дыскрымінацыю і нават апартэід — поўнае глупства. Яўна ж ніхто не будзе беларускамоўных пакупнікоў прымушаць карыстацца менавіта гэтымі, і ніякімі іншымі касамі. Хочацца быць як усе — калі ласка, ідзі на непазначаную касу і атрымай абслугоўванне на мове, якую, як той казаў, Бог пашле (з амаль стопрацэнтнай верагоднасцю пашле расейскую). Выбар ёсць. І я асабіста, калі мяне занясе нейкім ветрам у той гіпермаркет, зраблю гэты выбар на карысць беларускай мовы - ужо сёння. А максімалісты хай чакаюць усебеларускай моўнай рэвалюцыі на святыя ніколі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?