Стаклеткавыя шашкі ніколі не карысталіся ў Беларусі шалёнай папулярнасьцю: выглядае, нават слаўныя перамогі Аркадзя Гантварга ды Зоі Голубевай мала што зьмянілі ў грамадзкай думцы. Гледачоў на чэмпіянаце краіны, што кагадзе завяршыўся ў менскім Палацы шахмат і шашак, можна было пералічыць на пальцах. Адзін зь іх адразу прызнаўся карэспандэнту «НН», што гуляе на 64 клетках, а завітаў у палац, каб зірнуць на старых знаёмцаў. Cудзіў імпрэзу вэтэран журналістыкі і барацьбы з мэліярацыяй Аляксандар Шабалін.

Лёс шашачнай кароны вырашыўся ў апошнім туры. Андрэй Валюк перамог Віталя Варушылу, Аляксандар Булатаў – Аркадзя Плакхіна. Сп.Аркадзь успрыняў паразу эмацыйна: «Гэх, абняславіўся…», Міжнародны гросмайстар па расейскіх шашках апынуўся ў «хвасьце» – зрэшты, ягоны стаклеткавы рэйтынг і быў ніжэйшы за сярэдні.

Паводле дадатковых паказьнікаў першым выйшаў Валюк, другім – Булатаў. Трэцяя пазыцыя ў майстра ФМЖД Андрэя Толчыкава. Пераможца першай лігі Ігар Міхальчанка гэтым разам быў толькі чацьвертым.

Мо чэмпіён сьвету па шашках-64, 32-гадовы гарадзенец Андрэй Валюк, адначасна заваюе сусьветнае першынство і на вялікай дошцы? Такога пакуль нікому не ўдавалася. Кажучы словамі палітыка з Малога Сітна, гэта быў бы фокус!

ВР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0