Рада Бяспекі ААН аднагалосна падтрымала рэзалюцыю з прапановай разгарнуць у сірыйскім Алепа місію назіральнікаў ААН і яе партнёраў, якія змаглі б сачыць за эвакуацыяй з усходняй часткі горада, паведамляе ВВС.

У цяперашняй рэдакцыі дакумент падтрымала Расія, хоць першапачатковы варыянт прапанаванага Францыяй праекта яна называла небяспечным.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца патрабаванне да ўсіх бакоў, якія ўдзельнічаюць у канфлікце, забяспечыць бяспеку маніторынгу і бесперашкодны доступ назіральнікаў. Генеральнага сакратара ААН просяць прыняць тэрміновыя меры і дамовіцца з бакамі канфлікту аб разгортванні назіральнікаў.

Галасаванне па праекце рэзалюцыі ў панядзелак прайшло без абмеркавання. Гэта першы выпадак адзінага меркавання ў радзе бяспекі ААН за некалькі месяцаў.

Задачай ААН ставіцца «адэкватны» і «нейтральны» маніторынг як за працэсам эвакуацыі, так і за лёсамі людзей, якія засталіся ў Алепа. Раней прадстаўнікі ААН паведамлялі аб магчымых расправах над мірнымі жыхарамі, якія маглі ўчыніць праўрадавыя войскі, калі ім удалося захапіць усходні Алепа пасля двух гадоў аблогі. Сірыйскія і расійскія ўлады называлі такія паведамленні фальсіфікацыямі.

Сталы прадстаўнік Францыі пры ААН Франсуа Делатр заявіў, што рэзалюцыя павінна прадухіліць «новую Срэбраніцу», дзе тысячы баснійскіх мужчын і падлеткаў былі забітыя ў 1995 годзе. Ён назваў галасаванне ў радзе бяспекі ААН «адпраўной кропкай» для далейшага ўрэгулявання сітуацыі ў Алепа.

Першапачаткова Расія ўспрыняла французскі праект рэзалюцыі ў штыкі. Да пачатку кансультацый расійскі прадстаўнік у ААН Віталь Чуркін напярэдадні заяўляў, што ў першапачатковым выглядзе праект, які прадугледжвае неадкладную адпраўку ў Сірыю міжнародных назіральнікаў, «невыканальны» і «небяспечны». «Мы не можам падтрымаць, мы не можам дазволіць яму прайсці», — сказаў Чуркін.

У выніку пасля трохгадзіннага абмеркавання за зачыненымі дзвярыма ў французскі праект былі дададзеныя прапановы Масквы, і ў нядзелю кампрамісны тэкст быў узгоднены Радай бяспекі ААН. Чуркін назваў гэты варыянт «добрым».

З 2011 года Расія заблакавала шэсць рэзалюцый аб Сірыі.

Эвакуацыя, якая пачалася ва ўсходнім Алепа на мінулым тыдні, у панядзелак была працягнутая. Паўстанцы разам з сем'ямі па гуманітарным калідоры перапраўляюцца на аўтобусах на перавалачны пункт, адкуль дастаўляюцца на тэрыторыю, кантраляваную праціўнікамі Башара Асада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?