Фота tengrinews.kz

Фота tengrinews.kz

Пра гэта заявіў прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган у відэазвароце, распаўсюджаным у сувязі з замахам на пасла РФ у Турцыі, паведамляе УП.

Ён выказаў спачуванні ўсяму расійскаму народу, падкрэсліўшы, што напад на дыпламата — гэта правакацыя.

«Турцыя і Расія маюць дастатковы досвед, які дазволіць не паддацца на правакацыі», — сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, Анкара ўспрымае атаку на пасла Расіі як атаку супраць народа і дзяржавы Турцыі.

Эрдаган звярнуў увагу на той факт, што атака на расійскага дыпламата адбылася на фоне сумесных крокаў Турцыі і Расіі ў Сірыі.

У той жа час прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква павінна дакладна ведаць, хто стаіць за забойствам Андрэя Карлава.

«Следчы камітэт Расійскай Федэрацыі ўжо пачаў крымінальную справу па факце забойства, яму даручана сфармаваць міжведамасную працоўную групу, якая павінна адправіцца ў Анкару для ўдзелу разам з турэцкімі партнёрамі ў расследаванні гэтага злачынства», — заявіў кіраўнік расійскай дзяржавы на нарадзе ў Крамлі.

Пуцін дадаў, што адпаведная дамоўленасць дасягнута ў яго тэлефоннай размове з прэзідэнтам Турцыі. «Мы павінны ведаць, хто накіроўваў руку забойцы», — падкрэсліў расійскі лідар.

Прэзідэнт РФ выказаў спачуванні родным і блізкім Карлава і даручыў прадставіць дыпламата да дзяржаўнай узнагароды.

Пуцін таксама адзначыў, што адказам на забойства расійскага пасла можа быць толькі ўзмацненне барацьбы з тэрорам.

***

Вечарам 19 снежня пасол Расіі ў Турцыі Андрэй Карлаў быў забіты ў выніку нападу на адкрыцці выставы «Расія вачыма туркаў». Расія кваліфікуе забойства дыпламата як тэракт.

Улады Турцыі затрымалі маці і сястру Меўлюта Мерт Алтынташа, які здзейсніў забойства Карлава.

Пасля высвятлення асобы тэрарыста ў доме бацькоў Алтынташа ў горадзе Секе правінцыі Айдын быў праведзены ператрус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0