20.12.2016 / 13:12

У Беларусі ўвядуць забарону на наведванне стадыёнаў для заўзятараў-хуліганаў 2

У Беларусі плануецца ўвесці забарону на наведванне стадыёнаў для заўзятараў-хуліганаў. Гэта мера прадугледжана ў праекце паправак у некаторыя законы, якія тычацца аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі пры правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў і спартыўных спаборніцтваў.

Папраўкі рыхтуюцца ў Палаце прадстаўнікоў да разгляду ў першым чытанні, паведамляе БелаПАН.

20 снежня законапраект разгледжаны на пашыраным пасяджэнні парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы. Паводле слоў старшыні камісіі Валянціна Міхневіча, законапраект накіраваны ў першую чаргу на прафілактыку парушэнняў падчас правядзення спартыўных мерапрыемстваў, узмацненне правоў і абароны сапраўдных заўзятараў.

Законапраект уводзіць у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да фізічнай асобы новы від адміністрацыйнага спагнання — «адміністрацыйная забарона на наведванне фізкультурна-спартыўных збудаванняў». Ён прадугледжвае часовую забарону фізічнай асобе наведваць фізкультурна-спартыўныя збудаванні ў дні правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў і спартыўных спаборніцтваў.

Забарона будзе накладвацца ў якасці дадатковага адміністрацыйнага спагнання на тэрмін ад трох месяцаў да трох гадоў за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння на тэрыторыі фізкультурна-спартыўных аб'ектаў.

Акрамя таго, законапраектам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за парушэнне фізічнай асобай умоў адміністрацыйнага арышту.

Новы від адміністрацыйнага спагнання плануецца рэалізоўваць шляхам выкарыстання праграмных і апаратных сродкаў сістэм відэаназірання па распазнанні асоб правапарушальнікаў, ажыццяўлення прапускнога рэжыму ў месцах правядзення мерапрыемстваў з візуальным кантролем грамадзян, якія ўваходзяць, праверкі дакументаў і гэтак далей.

Выкананне пастаноў аб адміністрацыйнай забароне будзе ўскладзенае на органы ўнутраных спраў, якія будуць весці ўлік асоб, якія зазнаюць такое адміністрацыйнае спагнанне. Пры гэтым праектам закона прадугледжваецца размяшчэнне на афіцыйным сайце МУС звестак пра асоб, якім адміністрацыйна забаронена наведваць фізкультурна-спартыўныя аб'екты.

На думку распрацоўшчыкаў законапраекта, ён будзе накіраваны на актыўную інтэграцыю Беларусі ў сусветныя працэсы ў сферы фізічнай культуры і спорту, што дазволіць праводзіць розныя мерапрыемствы на больш высокім арганізацыйным узроўні.

У першым чытанні, паводле слоў Міхневіча, законапраект можа быць разгледжаны ў маі 2017 года.

0
Калхазан / Адказаць
20.12.2016 / 14:36
Гэта цяпер і на стадыен па пашпарту? Давайце зусім забаронім людзям выходзіць з дому без дазволу і суправаджэння міліцыянтаў.
0
Юрась Беларус / Адказаць
20.12.2016 / 19:05
Нават няма дзе пукнуць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру