20.12.2016 / 15:24

Кабякоў: У перамовах з МВФ засталіся дзве складаныя групы пытанняў 6

Перамовы Беларусі з Міжнародным валютным фондам ідуць канструктыўна, засталіся дзве складаныя групы пытанняў — аб змене тарыфаў ЖКГ і аб удасканаленні працы дзяржсектара эканомікі.

Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у інтэрв'ю інфармагенцтву Reuters, вытрымкі з якога публікуе 20 снежня сайт Савета міністраў.

«Супярэчнасцяў у частцы канцэптуальных падыходаў няма. Гаворка ідзе больш пра тэрміны. Мы — за больш плаўную дынаміку змены, а партнёры — за больш крутую дынаміку зменаў. Мы лічым, што ўжо вясной-летам мы будзем гатовыя прапанаваць далейшыя меры гэтага ўдасканалення», — сказаў прэм'ер.

«Мы хочам ледзь павольней, але, пажадана, без сур'ёзных памылак. Эканоміка рэспублікі зведала сур'ёзны шок у канцы 2014-га, 2015 годзе і пачатку 2016 года. Ужываючы санкцыі да Расіі (маюцца на ўвазе санкцыі Захаду), іх фактычна ўжылі і да Беларусі. На гэтым фоне адбылося падзенне коштаў на нафту, і, як следства, беларуская эканоміка адчула шок», — адзначыў Кабякоў.

Паводле яго слоў, беларускі бок разлічвае, што ў наступным годзе работа па гэтых дзвюх тэмах з МВФ будзе завершаная.

«У прынцыпе, мы імкнемся да таго, каб пачаць праграму ў першай палове 2017 года. Але не любой цаной — мы хочам рабіць пераўтварэнні, якія неабходна рабіць, якія мы бачым і па якіх мы згодныя з МВФ. Але яны павінны адбывацца з адэкватнай хуткасцю, без цяжкіх сацыяльна-эканамічных наступстваў для грамадзян», — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Праграма супрацоўніцтва з МВФ «сама па сабе, яе характар такі, што яна больш уплывае на ўпэўненасць, чым на канкрэтнае фінансаванне якіх-небудзь праблемных пытанняў», адзначыў Кабякоў. «Сутнасць праграмы — даць 3,5 мільярда даляраў, якія мы маглі б пакласці ў золатавалютныя рэзервы і іх не чапаць. Наяўнасць гэтых грошай дазволіла б беларускаму ўраду адчуваць сабе больш упэўнена», — сказаў кіраўнік урада. «Але калі іх не будзе, крытычна смяротнага тут нічога няма», — дадаў ён.

1
Мордехай В. (Лічбавы на***) / Адказаць
20.12.2016 / 15:40
А тое, што санкцыі да Расіі б'юць па Беларусі, гэта асабіста і віна пана-міністра, бо ён ва ўрадзе працаваў з 2000 па 2004 г.г. і менавіта адказваў за стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы. Сам сябе высек. А акцэнт на тарыфах ЖКГ - наогул танная падтасоўка для жыхароў панэлек. Бо рэфармаванне дзяржсектару, гэта ў тым ліку і рэфармаванне ЖКГ з яго непразрыстым коштаўтварэннем і безадказнасцю. Трэба было ў сытыя гады рабіць з панэлькамі тое, што рабілі па ўсёй Усходняй Еўропе, каб зараз не дуркаваць пра пракляты МВФ. Немцы зрабілі гэта недзе за 20 тысяч на хату. Улічваючы, што ў нас працоўная сіла каштуе ў 5 разоў меней, было б танней. Але ж не напіліць, як на гатэлях, палацах і іншых пафасных будоўлях.
2
raul gonzalez / Адказаць
20.12.2016 / 15:45
дайте нам денег, а реформы нам не надо
0
ніякіх крэдытаў! / Адказаць
20.12.2016 / 17:24
Хацелася б пачытаць падрабязней "аб удасканаленні працы дзяржсектара эканомікі". Усё ж такі ва ўладзе адны і тыя 22,5 гады. Дык што там за гэты час не прывялі да дасканаласці? Здаецца, усе карыфеі жывуць у драздах-вяснінках па вышэйшаму разраду, а працавалі, выходзіць, спусця рукавы?
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру