Маўчаў, маўчаў і не вымаўчаў. У мяне да Белсата стаўленне прыблізна такое ж, як да Джона нашага Сільвера. Калі у яго ўсё было ок, я ціха пасмейваўся з хадзячага баявога лістка. Калі ў яго стала ўсё блага, я вельмі засмуціўся. Калі яго вызвалілі, я зноў абрадаваўся, што у нас ёсць жывы-здаровы баявы лісток, яшчэ баявейшы.

Да Белсата ў мяне былі, канечне, прэтэнзіі. Усялякія, розныя і пералічваць іх сэнсу няма. Там былі таленавітыя людзі, а былі заслужаныя, там было цікавае, а было — «каб было». Самае шкоднае, што з Белсатам адбылося — наданне яму статусу святога, чыю святасць нельга нават абмяркоўваць. Гэта не ішло святому на карысць, хаця і, скажам шчыра, добрыя справы рабіць ён ад гэтага не пераставаў. Пакуль ён ёсць, ён можа паляпшацца і паляпшаць. Калі яго не стане — нікому не паляпшэе. Але можна будзе яшчэ што-небудзь паламаць.

На Белсаце працуюць людзі, апантаныя сваёй справай. А на апантаных добрай справай заўсёды прыемна глядзець. Сімвалам гэтага канала для мяне заўжды была і ёсць Ганна Аземша, вершнік беларушчыны, які штохвілінна ў белай пене праносіцца на сваім самакаце туды-сюды. Туды-сюды. Шмат імёнаў, якіх не пералічыць. Алесь Залеўскі, Валерыя Уласік, Валера Руселік, Павал Мажэйка, Дзмітры Гурневіч, Эдуард Мельнікаў, Вольга Гардзейчык, Аляксандар Баразенка, Сяргей Кавалёў… Многіх я проста асабіста не ведаю, што, як кажуць не адмяняе.

Белсат быў, і гэта было добра. Белсат мог станавіцца лепшы, і гэта вельмі нармальна. Я спадзяюся, што Белсат будзе.

Памятаю мы спрачаліся з Дзмітрыем Гурневічам і ён мне казаў, што ніхто для Беларусі не робіць так шмат, як Польшча.

Што ж. Маскі, нібыта, скінуты. Цяпер, імаверна, ад Польшчы нам застаюцца адны карты паляка. Нават не ведаю, як далей насіць у сабе пачуцце падзякі за гэтую ружовую свінню, але гэта мае праблемы.

Здзіўляе тое, што Польшча не разумее, што Белсат — самы лепшы ў свеце лабіст інтарэсаў Польшчы не таму, што там працавалі «аллы бронь наадварот». А як раз таму, што не. Там працавалі людзі, якія умеюць любіць Беларусь і умеюць быць удзячнымі. Удзячнасць сапраўдных патрыётаў суседняй краіны — што можа быць лепшым? Проста добрыя людзі умеюць цаніць добрае. Проста раней можна было сказаць: палякі для нас фінансуюць Белсат. Цяпер яны для нас будуць фінансаваць польскі канал? Скіс аргумент.

Дарэчы, дзіўна, як можна не разумець, што, па сутнасці, польскі канал тут, у Беларусі, нікому не трэба. Тым, каму патрэбны тут польскі канал на самой справе, даўно не патрэбны польскі канал. Тым, каму не патрэбны польскі канал, не патрэбны польскі канал. Картаапалячаныя і без канала зваляць у Беласток. А астатнім — да лямпачкі.

Мне прыемна, што сітуацыя стала стэрыльнай, але мне шкада сваіх ілюзіяў. Ці, дакладней, сваёй надзеі на памылковасць уласнага светапогляду. Мне шкада апантаных людзей і таго, што іх апантанасць рассеецца дробным сітам і, як заўсёды, міма нашай градачкі, на якой забаронена ўзрастаць. Што ж. Не сказаць, каб нешта моцна памянялася: рускія забіралі ў нас усіх. Палякі забіралі лепшых. Каму з іх я мушу быць больш удзячным — аптавіку ці перфекцыяністу з розніцай, не ведаю.

Ведаю, што сумна. Ведаю, што меў рацыю Адам Міцкевіч: «Не цэнім маючы, а страцім залатое — шкада».

Але калі можаш, Белсат, калі ў цябе атрымаецца, пастарайся і жыві, #белсатжыві

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?