Сітуацыя, якая склалася вакол высечкі дрэў у мінскім скверы Котаўка, надуманая. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі выказаў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, паведамляе БелТА.

«З майго пункту гледжання, пытанне надуманае, на сённяшні дзень мы маем сквер, парк у прыватным сектары, які з'яўляецца больш элементам пешаходных сувязяў, асаблівай экалагічнай значнасці не мае. Калі б тут з'явіўся храм, гэтая тэрыторыя стала б больш добраўпарадкаванай», — адзначыў Андрэй Шорац.

Паколькі асобныя грамадскія арганізацыі і жыхары выступаюць супраць будаўніцтва касцёла, у тым ліку ў прэсе, то прынята рашэнне прыпыніць працы. «Напэўна, будаваць там нічога не будуць, вывучаем новыя пляцоўкі, якія можна прапанаваць, але іх у Савецкім раёне не так шмат», - сказаў старшыня Мінгарвыканкама.

Андрэй Шорац прапанаваў эколагам навесці там парадак. «Хай тыя, хто выступае супраць зносу, прымуць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні сквера і пакажуць не толькі прыгожую карцінку на камеру, але і тое, што могуць працаваць, зрабіць нешта, што ўпрыгожыць той раён. Котаўку плануем развіваць, у тым ліку з прыцягненнем жыхароў», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0