21.12.2016 / 12:21

Гісторыя жыцця Наталлі Качанавай: як валейбалістка з водаканала стала самай высокапастаўленай жанчынай Беларусі архіўны матэрыял 5

Кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта стала Наталля Качанава. Дагэтуль яна працавала віцэ-прэм'ерам, і ўжо тады была самай высокапастаўленай жанчынай у гісторыі незалежнай Беларусі.

«Наша Ніва» публікуе леташні артыкул пра гісторыю жыцця Качанавай, абнавіўшы некаторыя звесткі.

Наталля Качанава ў цэнтры. Фота Сяргея Гудзіліна.

Руская па нацыянальнасці

У анкеце на сайце Наваполацкага гарвыканкама Качанава пазначыла сябе як «руская». Род яе бацькі паходзіў з Падмаскоўя, сваякі працавалі на кухні ў Крамлі.

Іван Талкачоў быў кавалём у ліцейна-­механічным цэху, а ягоная жонка Ніна працавала на швейнай фабрыцы.

У сям’і гадавалася трое дзяцей, але ў першага сына быў іншы бацька. Леанід Чычэрын, старэйшы брат Наталлі, цяпер жыве у Краснадары. У свой час ён адвучыўся ў Маскве ў Вайскова­інжынернай акадэміі і стаў кадравым вайскоўцам. Леанід доўгі час служыў у Германіі. Якія погляды ў ягонай сям’і? Пляменніца Качанавай штодня публікуе на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» карцінкі, прысвечаныя «гейропе» і падабенству Барака Абамы з малпай.

Старэйшаму брату чыноўніца абавязаная сваім іменем. Сямейная легенда кажа, што першым каханнем Леаніда ў дзіцячым садку была дзяўчынка па імені Наталля. Таму, маўляў, і сястру хлопец прапанаваў назваць гэтаксама.

Малодшы брат, Алег, скончыў Сімферопальскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Паводле інфармацыі ў сацыяльных сетках, цяпер ён жыве ў Кіеве. Палітычных прыхільнасцяў Алег Талкачоў не выказвае, ягоная стужка навінаў стракаціць выявамі праваслаўных святых.

Дзяцінства ў элітнай камуналцы

Сям’я Талкачовых жыла ў камунальнай кватэры. «Я да 30 гадоў пражыла на супольнай кухні. У нас не было ні ванны, ні гарачай вады. Але тады мы не лічылі, што ў нас нешта дрэнна», — узгадвала Наталля Качанава. Жыхары гэтага дома некалькі дзесяцігоддзяў карысталіся печкамі.

Зрэшты, даваенны трохпавярховы дом, у якім жылі Талкачовы, быў няпростым. Ён знаходзіцца ў самым цэнтры Полацка, на вуліцы Камуністычнай. Гэта быў першы шматпавярховік у горадзе. Пасля вайны у яго засялілі кіраўніцтва новастворанай Полацкай вобласці.

У гэтым доме прайшла большая частка жыцця чыноўніцы.

За якія заслугі пакоі ў дамах на Камуністычнай выдзяляліся іншым жыхарам? Напрыклад, бацькі Ніны Азернікавай, якая жыве тут дагэтуль, былі заслужанымі настаўнікамі Беларусі. Жанчына таксама адпрацавала настаўніцай некалькі дзесяцігоддзяў. Яна расказвае, што Качанава вырасла ў яе на руках — бацькі чыноўніцы таксама нейкім чынам атрымалі жыллё ў гэтым доме.

Кватэры перасталі быць камуналкамі толькі ў канцы 1980­-х. Жыхароў адсялілі на час рэканструкцыі, аднак праз два гады далёка не ўсе вярнуліся ў свае кватэры. Многія атрымалі іншае жыллё. А вось Качанава змагла палепшыць жыллёвыя ўмовы.

Ніна Азернікава расказвае, што з дапамогай сваіх былых вучняў у домаўпраўленні паспрыяла таму, каб пасля рэканструкцыі будынка Качанава атрымала асобную кватэру: «Адзін з суседзяў моцна піў, дык я ўпрасіла, каб яго вытурылі з кватэры і аддалі яе нашай дарагой Наташаньцы».

На той момант Качанава была інжынерам у наваполацкім водаканале. Тады яшчэ яе кар’ера развівалася не надта імкліва.

Поспехі ў валейболе, а не ў вучобе

Наталля марыла стаць выхавацелькай у дзіцячым садку. Аднак калі пайшла ў школу (7­-я школа, а цяпер гімназія №1 імя Францыска Скарыны знаходзілася пад вокнамі дома), захапілася спортам. У малодшых класах дзяўчынка займалася лёгкай атлетыкай, а пасля разам з сяброўкамі перайшла на валейбол. Наталля выступала за зборную школы на рэгіянальных спаборніцтвах.

Як часцяком бывае ў такіх выпадках, поспехі ў навучанні былі горшымі. «Яна вучылася ў шэранькім, сціплым класе. Сярэднімі былі і адзнакі», — узгадвае Ніна Азернікава. Разам з тым настаўнікі адзначаюць стараннасць і добразычлівасць вучаніцы.

Школа спецыялізавалася на англійскай мове. Яе пачыналі вучыць яшчэ ў малодшых класах, а ў старэйшых нават праводзілі па­англійску некаторыя заняткі па матэматыцы і гісторыі.

«Яе група была складаная. Шмат вучняў, і ў многіх слабое веданне мовы», — расказвае Наталля Нялюбава, якая вучыла чыноўніцу замежнай мове з сёмага класа. У анкетах Качанава пазначае, што валодае англійскай, аднак у рэальнасці так і не загаварыла на ёй свабодна.

Спорт — пропуск у будучыню

Паступленне ў Наваполацкі політэхнічны інстытут (цяпер Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт) таксама адбылося дзякуючы спорту. Навучальныя ўстановы былі зацікаўленыя набіраць абітурыентаў, якія маглі б выступаць на спаборніцтвах, няхай і ў страту поспехам у вучобе. Вось валейбольны трэнер і запрасіў Талкачову (Качанаву).

«Шчыра кажучы, я тады пра гэтую ВНУ нават не падумвала. Але, паддаўшыся на ўгаворы, мы з сяброўкай паехалі падаваць дакументы … Вучыцца менавіта ў гэтую ВНУ пайшла, каб мець магчымасць займацца спортам», — расказвала Качанава.

Выбар спецыяльнасці адбываўся наўпрост перад падачай дакументаў. Будучая чыноўніца ўпадабала «водазабеспячэнне і каналізацыю». Чаму? «Мяне чамусьці прывабіла гэтая спецыяльнасць. Як цяпер памятаю стэнд з карцінкамі, схемамі ачышчальных збудаванняў», — узгадвала яна. І прызнавалася: «На першым курсе я сябе не бачыла нікім».

Качанава крайняя злева.

Аднакурснікі не могуць адзначыць яе поспехі ў навучанні. Затое спартыўныя выступленні давалі дзяўчыне розныя перавагі. Напрыклад, на бульбу яна не ездзіла.

Выпускніца без амбіцый

Па размеркаванні Наталля апынулася ў Светлагорску. Аднак на тамтэйшым «Хімвалакне» яе не надта чакалі. Качанавай намякнулі, што будуць не супраць, калі яна сама знойдзе іншую працу. Дый наваполацкі палітэх тады не адсочваў пільна тых выпускнікоў, хто не даязджаў да прызначанага месца.

Наталля не стала змагацца за працу ў Светлагорску, а вярнулася ў Полацк, дзе ўладкавалася дыспетчарам на «Водаканале». Тры месяцы яна адказвала на званкі і выпісвала пуцявыя лісты, пасля чаго яе перавялі на зайздросную пасаду інжынера па тэхніцы бяспекі.

«Мне заўсёды ўсё падабалася. Я ніколі не думала ніадкуль сыходзіць… Калі была ў дэкрэце, мне прапанавалі перайсці на прадпрыемства ЖКГ. Я і пайшла. Ну і да чаго я імкнулася? Ды ні да чаго, — шчыра расказвае сваю жыццёвую філасофію чыноўніца. — У мяне ніколі не стаяла такая мэта — дасягнуць нейкіх вышынь у кар’еры».

Муж-­баскетбаліст

Яшчэ ва ўніверсітэцкія часы падчас спаборніцтваў Наталля пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Леанід Качанаў таксама быў спартсменам, ягоны профіль — баскетбол.

Ён працаваў фізруком у Полацкім гандлёва­-тэхналагічным каледжы. Пасля пераводу жонкі ў сталіцу ён звольніўся і пераехаў у Мінск.

Першая дачка ў сям’і нарадзілася ў 1985-­м. Вольга паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на спецыяльнасць «педыятрыя». Адвучыўшыся, яна вярнулася на малую радзіму разам з мужам, таксама педыятрам. Цяпер Вольга працуе ў наваполацкім раддоме. У сям’і гадуецца двое дзяцей.

Другая дачка чыноўніцы, Алена, маладзейшая за сястру на дзевяць гадоў. Яна скончыла аддзяленне замежных моваў гісторыка-­філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Што стала прычынай выбару прафесіі? У гімназіі, дзе вучылася дзяўчына, быў арганізаваны культурны абмен са Швецыяй. Настаўнікі Алены ўзгадваюць, што жыццёвыя планы дзяўчыны змяніліся пасля паездкі ў Скандынавію. Менавіта там яна зразумела, наколькі патрэбнае веданне замежных моваў.

Нядаўна Алена выйшла замуж.

Знаёмыя кажуць, што Алена разумная і патрыятычная дзяўчына.

Карупцыйнае кіраўніцтва Полацка

Праца ў жыллёва­-камунальнай гаспадарцы Полацка змянілася пераходам у гарвыканкам. Неўзабаве Качанава стала намесніцай кіраўніка Полацка Уладзіміра Тачылы, яна адказвала за сферу ЖКГ і будаўніцтва.

«Прыход у Полацкі гарвыканкам быў для мяне поўнай выпадковасцю, бо дагэтуль я працавала проста інжынерам і ні пра якую ўладу не думала … Дзякуй майму мудраму і вопытнаму настаўніку Уладзіміру Тачылу. Менавіта ён прымусіў мяне паверыць ў свае сілы і зрабіць наступны крок у жыцці», — казала Качанава.

Цікава, што мэр быў яе суседам па доме на Камуністычнай. Там ён запісаў чатырохпакаёўку на старэйшую дачку. Зрэшты, на нерухомасці Тачыла і прагарэў. У пачатку 2010­ года была заведзена крымінальная справа за выдзяленне ўчасткаў каля Спаса-­Ефрасіннеўскага манастыра. Уладзімір Тачыла і ягоны намеснік Сяргей Куксаў набралі сабе і сваім блізкім зямлю пад катэджы. Не чакаючы суда, мэр напісаў прашэнне аб памілаванні і выйшаў на волю.

Спрэчкі паміж Полацкам і Наваполацкам

Качанава пайшла на павышэнне яшчэ да сумнеўнага выдзялення зямлі полацкім чыноўнікам. У 2007-­м яе нечакана прызначылі старшынёй Наваполацкага гарвыканкама. Гараджане называюць яе пратэжэ Аляксандра Косінца, які на той момант быў віцэ­прэм’ерам, а пасля стаў губернатарам Віцебшчыны.

Адной з ідэй Косінца было аб’яднанне Полацка і Наваполацка ў адну адміністратыўную адзінку, бо адлегласць паміж гарадамі складае ўсяго 5 км. Размова пра зліццё ў мэтах аптымізацыі выдаткаў вялася яшчэ з савецкіх часоў, але папярэднік Качанавай Аляксандр Камароў актыўна супраціўляўся гэтай ідэі.

Жыхары Наваполацка не ўхвалялі праект, бо хацелі, каб падаткі «Нафтана» ішлі на іх горад, а не на будаўніцтва інфраструктуры ў не такім багатым Полацку. З іншага боку, многія палачане ставяцца да Наваполацка ўсяго толькі як да прыгарада свайго старажытнага горада.

* * *

«У некаторых момантах у мяне нават слёзы выступалі на вачах, бо я адчувала шчырасць гэтага чалавека», — казала Качанава пасля таго, як паслухала выступ Лукашэнкі на «ўсебеларускім сходзе».

* * *

Зачышчанае палітычнае поле

Чыноўніца кіравала Наваполацкам сем гадоў. Што змянілася падчас яе ўлады?

«Грамадская актыўнасць падчас яе кіравання была знішчаная — ніводнай дазволенай акцыі. Качанава даволі агрэсіўна ўспрымала актыўнасць грамадзян», — узгадвае наваполацкі праваабаронца Зміцер Салаўёў. На маўклівыя акцыі пратэсту ў 2011­-м збіраліся сотні людзей, некаторых з іх затрымлівалі і давалі штрафы. А гарвыканкам у дні «апладысментаў» праводзіў на цэнтральнай плошчы Наваполацка забаўляльныя мерапрыемствы. Сама ж Качанава дала інтэрв’ю пад назвай «У пошуках альтэрнатывы піву, тупанню і плясканню».

фота Grodnonews.by

Іншая непрыемная сітуацыя здарылася ў 2012-­м. У «Советской Белоруссіі» быў апублікаваны артыкул пра прыкрую сітуацыю з наваполацкім Домам культуры, у якім ніяк не маглі скончыць рамонт. Дырэктара Аляксандра Рагачова адразу ж выклікалі ў гарвыканкам і прапанавалі самому напісаць заяву аб сыходзе. Маўляў, ён зганьбіў Наваполацк на ўсю краіну. Работнікі Дома культуры заступіліся за Рагачова і заявілі, што хочуць, каб той застаўся пры пасадзе. Качанава ў адказ заявіла: «А мы не хочам». Дырэктару давялося сысці.

Пры папярэдніку Качанавай у горадзе з’явіўся дэндрарый, пры ёй скончылася будаўніцтва новага ЗАГСа. Чыноўніца ініцыявала адкрыццё новага музея гісторыі і культуры Наваполацка. Сярод іншых выгодаў — мадэрнізаваны радзільны дом, дзе працуе дачка чыноўніцы, а таксама будаўніцтва лыжаролернай трасы на грошы Еўрасаюза.

А вось, напрыклад, да стадыёна «Атлант», на якім гуляе «Нафтан», рукі не дайшлі. Ён лічыцца найгоршым стадыёнам краіны сярод тых, на якіх выступаюць каманды вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі. Футбольны клуб быў гатовы рэканструяваць яго за свае грошы, але не дазволілі — гэта гарадская ўласнасць.

Службовы катэдж у пасёлку «чаргавікоў»

Наваполацк — адзін з самых багатых гарадоў у краіне. За кошт даходаў работнікаў «Нафтана» сярэдні заробак у снежні 2014 года дарос да 8,2 мільёна рублёў. Паводле Белстата, больш зараблялі толькі ў Салігорску і Мінску.

Кватэр у гарадскіх панэльных каробках мясцовай эліце не хапала ўжо даўно, таму непадалёку ад Наваполацка паўстала «вёска мільянераў». Грошай на будаўніцтва ў гараджан не бракавала. Тут жывуць бізнэсмены, а таксама работнікі «Нафтана». Катэджам у Міжрэччы могуць пазайздросціць жыхары сталічных прадмесцяў. Побач з дамамі водныя каналы з мосцікамі, спартовы цэнтр з тэніснымі кортамі, аддзяленне банка, некалькі бараў. Маладыя пары з Полацка і Наваполацка прыязджаюць сюды на фотасесіі падчас вяселля.

Некалькі гадоў таму на ўездзе ў Наваполацк з боку Экімані стаў фарміравацца новы пасёлак, так званыя «паліміраўскія катэджы». Некаторыя ўчасткі прадаваліся праз аўкцыёны, большасць выдзялялася для чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Каб атрымаць зямлю ў Наваполацку, дастаткова пачакаць пяць гадоў.

Найбольш прэстыжныя ўчасткі пасёлка знаходзяцца ў водаахоўнай зоне на беразе Заходняй Дзвіны. Сярод іх уласнікаў — намеснік кіраўніка гарадской міліцыі, дырэктар мясцовага парку культуры, пратэстанцкі пастар. Паводле дакументаў, адным з дамоў у квартале валодае наваполацкае ЖРЭА. Па словах былых суседзяў, у гэтым катэджным пасёлку жыла і сям’я Качанавай.

Хобі — літаратура

Наталля Качанава называла сябе праваслаўнай. У савецкі час яна была далёкая ад веры, аднак пасля пераасэнсавала погляды. Полацкі архіепіскап Феадосій у 2013 годзе ўзнагародзіў чыноўніцу ордэнам Еўфрасінні Полацкай.

Разам з праваслаўнай царквой яна ініцыявала кампанію супраць абортаў. «Качанава першая паставіла свечку ў знак падтрымкі антыабортнай акцыі», — адзначалася на царкоўным сайце.

Сваім хобі Качанава называе чытанне. «Вельмі люблю перачытваць рускую класіку: Талстога, Дастаеўскага…» — прызнавалася яна. Праўда, калі ў наваполацкай бібліятэцы адкрылася выстава «Любімыя кнігі вядомых людзей горада», чыноўніца была «прадстаўленая» жаночымі раманамі.

А вось муж чыноўніцы — заўзяты рыбак. Калі ў сям’і згарэла паветка ў двары дома на Камуністычнай, Качанава наракала на страту новых вудаў.

Настаўнікі гімназіі, у якой вучыліся яе дзеці, кажуць, што чыноўніца старалася не прапускаць бацькоўскія сходы. Нават пасля кар’ернага росту Наталля не стала фанабэрлівай і ганарлівай. Яна адкрытая для людзей, з ёй па-­ранейшаму можна паразмаўляць на вуліцы. Не цураецца Качанава і журналістаў.

Нечаканае прызначэнне

Здавалася, што кіраванне Наваполацкам — вяршыня кар’еры Наталлі Качанавай. Яе ўзлёт на пасаду віцэ­-прэм’ера па сацыяльных пытаннях у канцы 2014 быў нечаканым для ўсіх.

«Нават цяжка сказаць, што Качанава панюхала і пакаштавала, яна ж ішла па ЖКГ. Яна натуральным чынам прыйшла на гэтую пасаду, сумленна працуючы на сваіх пасадах, — расказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сёлетняй прэс­-канферэнцыі. — Прапанова па прызначэнні Качанавай прыйшла ад сілавых структур. Я папрасіў Андрэйчанку пісьмова паручыцца. Ён адазваўся станоўча».

Спікер палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і згаданы вышэй Аляксандр Косінец абодва віцебскія, яны маглі лабіраваць прызначэнне зямлячкі.

Мог даць ухвальную характарыстыку і былы выкладчык вышэйшых курсаў КДБ Анатоль Тозік, на месца якога тады прызначылі Качанаву.

Будоўля ў Драздах

Два месяцы таму Качанава пачала вырашаць сваё кватэрнае пытанне. Яна атрымала зямлю пад будаўніцтва дома ў элітным катэджным пасёлку ў Мінску.

Пачаць будоўлю Качанава яшчэ не паспела. Суседам стане банкір Аляксандр Ракавец, яго катэдж справа.

Чыноўніцы выдзелілі надзел памерам каля 15 сотак рашэннем Мінгарвыканкама №3058 ад 13 кастрычніка 2016 года.

Нагадаем, зямля пад будаўніцтва катэджаў у Мінску размяркоўваецца наступным чынам: спачатку яе мусяць прапанаваць шматдзетным сем’ям з чаргі. Калі ахвотных няма, надзел выстаўляецца на аўкцыён.

Ні ў якім прававым акце не было сказана, што віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, якая прыехала ў Мінск менш за два гады таму, мела першаснае права на будаўніцтва ў сталіцы.

Ад 1999 года ў Беларусі існуе спецыяльны службовы жыллёвы фонд. Быў складзены спіс чыноўнікаў, якім выдзяляюцца кватэры ці дамы на час працы на пэўнай пасадзе.

Качанава разам з сям’ёй жыла ў такім катэджы ў Наваполацку, калі працавала старшынёй гарвыканкама. Пасля ад’езду ў Мінск дом трэба было вызваліць. 

А вось катэдж у «Драздах-2» застанецца з Качанавымі назаўсёды. Зямля выдзялялася ў пажыццёвае спадчыннае валоданне.

Панарамнае фота, націсніце для павелічэння. Праз дарогу ад Качанавай дабудоўваецца спявак Анатоль Ярмоленка.

Падчас крызісу ў Беларусі абваліліся цэны на нерухомасць. Цяпер за катэдж у Драздах складана атрымаць $1 мільён. У аб'явах аб продажы тамтэйшых дамоў найчасцей пазначаныя $750—800 тысяч. Аднак і гэта гіганцкія грошы. Дом Качанавай будзе каштаваць як сярэдні заробак беларуса за 175 гадоў.

***

Наталля Качанава нарадзілася 25 верасня 1960 у Полацку. Па нацыянальнасці руская. Скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут (1982) і Акадэмію кіравання (2006).

Працавала ў полацкім «Водаканале» (1982—1995), у жыллёва­камунальнай гаспадарцы Полацка (1995—2002).

У 2002—2007 — начальнік аддзела ЖКГ, намесніца старшыні Полацкага гарвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ, у 2007—2014 — старшыня Наваполацкага гарвыканкама.

2014—2016 — намеснік прэм'ер-міністра Беларусі.

З 21.12.2016 — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Замужам, мае дзвюх дачок.

Наталля Качанава стала кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, Максім Рыжанкоў — яе намеснікам

Адар’я Гуштын, Ягор Марціновіч

2
Ктото / Адказаць
21.12.2016 / 12:47
Вот потому так и живем, потому что у власти такие люди - никаких успехов ни в образовании, ни в професии, только в "выслужиться". Обреченная страна - здесь ничего никогда не изменится в лучшую сторону
0
бясслаўны час / Адказаць
21.12.2016 / 13:36
Відаць, з аднаго цеста з ярмошынай- служаць гасударю не шкадуя жывата сваево. Ліда так і гаварыла, што яна "гасударева". А хто "гасударь" і не важна, наверна.
0
маня / Адказаць
21.12.2016 / 15:26
какая-то куцая биография
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру