Беларусь разглядае Грузію як «абсалютна сяброўскую нам дзяржаву». Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей па выніках сустрэчы са сваім грузінскім калегам Міхеілам Джанэлідзэ, паведамляе прэс-служба МЗС.

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Падчас візіту Макей адкрыў пасольства Беларусі ў Тбілісі.

— Афіцыйнае адкрыццё нашага пасольства, якое мы праводзім сёння, кажа пра многае. Гэта сведчыць пра тое, што мы прыйшлі сюды надоўга і не збіраемся сыходзіць. Я ўжо сказаў спадару міністру, што, напэўна, мы дапусцілі ў свой час памылку, што так доўга не адкрывалі нашу дыпламатычную ўстанову тут. Але гэта памылка сёння выпраўленая.

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Кіраўнік МЗС Грузіі назваў рашэнне адкрыць пасольства Беларусі «гістарычным», паведамляе прэс-служба грузінскага ведамства.

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Макей таксама сустрэўся з прэзідэнтам Грузіі Гіоргіем Маргвелашвілі і абмеркаваў падрыхтоўку яго візіту ў Беларусь у 2017 годзе. Іншымі суразмоўцамі кіраўніка МЗС сталі старшыня парламента Іраклій Кабахідзэ і кіраўнік Грузінскай аўтакефальнай царквы — Каталікос-Патрыярх Грузіі Ілля II.

Макей адзначыў, што кантакты і сувязі паміж Беларускім экзархатам і Грузінскай апостальскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой пастаянна ўмацоўваюцца, што «спрыяе яшчэ большаму духоўнаму збліжэнню народаў Беларусі і Грузіі».

Кіраўнік Грузінскай аўтакефальнай царквы высока ацаніў сацыяльную палітыку, што праводзіцца ў Беларусі, па падтрымцы насельніцтва, а таксама міратворчыя намаганні Мінска на міжнароднай арэне.

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Па паведамленні грузінскага МЗС, Уладзімір Макей таксама наведаў «лінію акупацыі» — так у Грузіі называюць мяжу паміж кантраляванай Тбілісі тэрыторыяй і непрызнанымі Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй, дзе пасля вайны 2008 года знаходзяцца расійскія войскі. Паводле дадзеных грузінскіх СМІ, Макей пабываў у вёсцы Хурвалеці ў Гарыйскім раёне каля мяжы з Паўднёвай Асеціяй.

Макей таксама ўсклаў вянок да тбіліскага Мемарыяла Героям, загінулым у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі. МЗС Беларусі ўдакладняе, што гэта было зроблена «ў адпаведнасці з фарматам афіцыйнага візіту».

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Фота прэс-службы МЗС Грузіі

Нагадаем, пасля пяцідзённай расійскай-грузінскай вайны ў жніўні 2008 года Тбілісі страціў кантроль над Паўднёвай Асеціяй (Цхінвальскім рэгіёнам) і Абхазіяй, што абвясцілі сваю незалежнасць. Неўзабаве Расія прызнала незалежнасць рэспублік і пакінула там свае войскі. Беларусь, нягледзячы на пазіцыю саюзніка, прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?