Адміністрацыя Полацкага кансэрвавага заводу зафіксавала ўжо два факты варварскіх учынкаў у адносінах да маёмасьці прадпрыемства — квасных бочак. У Наваполацку аматары бязглуздых жартаў зацягнулі бочку ад крамы «Дзіцячы сьвет» у двор, спрабавалі яе ўзламаць. У другім выпадку бочку штурхнулі з прыступак ад полацкай крамы «Фрыдрыхсхафэн». Навучаныя горкім вопытам, работнікі прадпрыемства напярэдадні Купальля прыбралі ўсе бочкі на сваю тэрыторыю.
На набярэжнай Дняпра ў Рэчыцы каля амфітэатра нехта падпаліў сем біятуалетаў. Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства панесла страты больш як на 13 мільёнаў рублёў. Усчатая крымінальная справа.
На працягу тыдня два вучні адной са школ Мазыра ўзростам 15 і 16 гадоў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспэкцыі па справах няпоўнагадовых і ўжо асуджаліся (адзін — за крадзяжы, другі — за рабаўніцтва), скралі чатыры легкавікі, якія належалі жыхарам Рэчыцы, Мазыра і Гомеля. Характэрны факт: падлеткі цікавіліся толькі аўтамабілямі маркі «Жыгулі». Усе легкавушкі былі знойдзеныя ў тэхнічна спраўным стане, з чаго можна зрабіць выснову, што хлапчукі мелі намер пакатацца, павандраваць. Але гэта не зьнімае зь іх адказнасьці.