Be Free пройдзе ў Львове 9 і 10 жніўня. На фэстываль запрошана 26 гуртоў з 4 краінаў — Беларусі, Польшчы, Украіны і Францыі.
Зь Беларусі чакаюцца BN, Partyzone, Pomidor/OFF, Zygimont Vaza, Zet, Krama, ULIS, Neuro Dubel.
На фольк‑сцэне плянуецца выступ беларускіх гуртоў P.L.A.N., Яр, Джамбібум, Літвін Троль, Стары Ольса і WZ‑Orkiestra.
Украіну могуць прадставіць Incunabula, Hy4 і Тартак, Польшчу — ROCKAWAY, METANOIA і T.Love.
Гурт Vladivostok мае прыехаць з Францыі.
У фолькавай сэкцыі фэстывалю заплянаваны паказальны выступ рыцарскіх клюбаў Украіны.
Канцэрты ў Львове будуць бясплатнымі. Улады гораду выдзяляюць месца пад намётавы гарадок.
Суарганізатары фэстывалю Марыя Садоўская і Аляксей Лукашэвіч мяркуюць, што ўдзел вядомых гуртоў з Украіны і Польшчы, адносна танная дарога і бязьвізавы рэжым паспрыяюць масаваму прыезду слухачоў на фэстываль.
Фэстываль адбудзецца на найлепшых пляцоўках Львова, на што зь лёгкасьцю пагадзіліся гарадзкія ўлады.
Са спазьненьнем, зьявіліся на прэсавай канферэнцыі ўдзелнікі гурта Partyzone — іх затрымалі міліцыянты ў мэтро, каб правесьці асабісты дагляд.
«Таму мы з тым большым задавальненьнем паедзем на Be Free», — камэнтуе здарэньне ўдзельнік Partyzone.
Фэст у Львове — рэдкая магчымасьць для беларускіх музыкаў выступіць перад вялікай аўдыторыяй:
«Бяда беларускіх музыкаў — у тым ліку, вядомых, і зорак — у тым, што яны ня ў стане і ня маюць магчымасьці працаваць на вялікую аўдыторыю. Яны губляюць кваліфікацыю», — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.
На думку Вячаслава Кораня, лідэра гурта «Ulis» і аднога з арганізатараў Be Free, каб беларускія гурты маглі выступаць у добрых умовах хоць бы некалькі разоў у год, замала нават Басовішча зь яго добрым сьвятлом і добрым гукам.
«Таму мы спрабуем зрабіць яшчэ адзін фэст. Ён не альтэрнатыўны Басовішчу, ён яшчэ адзін», — тлумачыць Вячаслаў Корань.
Музыка падсумоўвае: калі фэстываляў стане шмат, мы пакажам, што беларускія гурты ў сучасным кантэксьце робяць тое самае, што і ўсе астатнія па‑за межамі Беларусі.