Гэты сайт месціцца ў Расіі, але мае ў назве прыметнік «беларускі» і разлічаны на беларускую аўдыторыю.

Сайт друкуе матэрыялы ў падтрымку непрызнаных рэспублік «ЛНР-ДНР» і іншыя артыкулы прарасійскага зместу. 

Нядаўна гэты сайт назваў беларускіх аналітыкаў Сівіцкага і Царыка русафобамі, якім месца ў турме. 

Украінскія хакеры ўзламалі паштовую скрыню belvpo.com@yandex.ru і прааналізавалі электронныя лісты. 

Хакеры сцвярджаюць, што сайт кіраваўся беларускім афіцэрам у адстаўцы Ігарам Сіняковым і выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) Сяргеем Гейстэрам. 

На апошняга, маўляў, быў аформлены мабільны нумар, на які зарэгістраваны хостынг сайта і ягоныя старонкі ў сацыяльных сетках.

«Наша Ніва» звязалася са згаданым у матэрыяле выкладчыкам БДУІР, доктарам тэхнічных навук, навуковым супрацоўнікам НДІ Узброеных сіл Беларусі.

Сяргей Гейстэр.

Сяргей Гейстэр.

«Я вельмі люблю сваю беларускую зямлю, усё гэта лажа, — сказаў нам Сяргей Гейстэр. — Я не хачу цяпер паглыбляцца ў гэтае смецце, скажу толькі, што ў гэтым укідзе ёсць маленькая праўда і вялікая няпраўда. Так, на гэтым сайце я друкаваўся — гэта было ў 2011 годзе, мне тады прапанавалі размясціць некалькі артыкулаў пра ўзбраенні і пра тыя распрацоўкі, якімі я займаюся. Пасля гэтага я перастаў, гэты сайт перайшоў у іншыя рукі, я цяпер ім не валодаю».

Паводле Сяргея, хоць узгаданы ў матэрыляе «Інфармнапалма» тэлефон і зарэгістраваны на яго, але ён ім не карыстаецца — цяперашні карыстальнік нумара, дарэчы, адключыў на ім галасавыя выклікі.

У размове, дарэчы, мы згадалі і нядаўна арыштаванага выкладчыка БДУІР Юрыя Паўлаўца. 

«Я ведаю толькі тое, што сваю радзіму трэба абараняць. Людзі, што тут жывуць, — яны мне родныя, тут землі прадзеда майго, жывуць і жылі мае бацькі. Патрыятызм, які не прадаецца. Я падтрымліваю тых, хто змагаецца за галоснасць, але не падтрымліваю тых, хто ёй злоўжывае, я люблю Беларусь», — сказаў «Нашай Ніве» Гейстэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?